Еўразвяз узгадніў новыя санкцыі супраць Расеі


Прадстаўнікі краін-чальцоў Еўразвязу ўзгаднілі новы, восьмы пакет санкцыяў супраць Расеі, піша выданне «Politico» са спасылкай на еўрапейскіх дыпламатаў. Па іх словах, канчатковая версія будзе зацверджана 5 кастрычніка.

Сцяг Еўразвязу. Фота Аліса Ганчар/ Белсат

Карэспандэнт радыё «Свабода» Рыкард Юзьвяк таксама пацвердзіў інфармацыю аб дамоўленасцях наконт новых санкцый. Па ягоных словах, канчаткова тэкст прадставяць 6 кастрычніка.

Паведамляецца, што ў восьмы пакет санкцыяў уваходзіць абмежаванне коштаў на расейскую нафту, супраць чаго раней выступалі Грэцыя, Кіпр і Мальта. Таксама прадугледжаны забароны на імпарт расейскай прадукцыі, у тым ліку часткі расейскай сталеліцейнай і ювелірнай прадукцыі, што павінна пазбавіць РФ дадатковых даходаў у памеры 7 млрд еўра. Таксама ў санкцыйны пакет трапяць забароны на экспарт ключавых тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца расейскім войскам, у тым ліку авіяцыйная тэхніка, электроніка і спецыяльныя хімічныя рэчывы.

«ЕЗ працуе над тым, каб прымусіць Пуціна «плаціць» за эскалацыю свайго ўварвання, якая ўключала ў сябе правядзенне фіктыўных рэферэндумаў з мэтай анэксіі чатырох рэгіёнаў Украіны», – паведамляе выданне «Politico».

На мінулым тыдні, 28 верасня, Еўрапейская камісія прапанавала ўвесці восьмы пакет санкцый супраць Расеі з-за правядзення незаконных рэферэндумаў на акупаваных тэрыторыях Данбасу, Херсонскай і Запарожскай вобласцях, а таксама праз пагрозы Уладзіміра Пуціна прымяніць ядзерную зброю і мабілізацыі сотні тысяч рэзервістаў.

Раней паведамлялася, што ЕЗ пасля зацвярджэння чарговага пакета санкцый супраць РФ можа адразу ж аб’явіць аб дзявятым таксама з-за ўваходжання новых тэрыторый у склад Расейскай Федэрацыі.

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна таксама рыхтуе новыя антырасейскія санкцыі на фоне аб’яўленай Уладзімірам Пуціным мабілізацыі, пагроз аб прымяненні ядзернай зброі і псеўдарэферэндумаў. Аб гэтым паведамляла выданне «The Wall Street Journal» са спасылкай на свае крыніцы.

Аналітыка
«Тут і без санкцыяў усё дрэнна». Еўразвяз можа ўвесці абмежаванні супраць ІТ-сектару Беларусі. Чаго і каму варта баяцца?
2022.09.27 07:30

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў