«Тут і без санкцыяў усё дрэнна». Еўразвяз можа ўвесці абмежаванні супраць ІТ-сектару Беларусі. Чаго і каму варта баяцца?


Еўрапейскі Звяз пагражае чарговымі санкцыямі за далучэнне да Расеі ў выніку «рэферэндумаў» акупаваных тэрыторыяў Украіны. Як кажуць, свае санкцыі за гэта можа атрымаць і беларускі ІТ-сектар. Карэспандэнты «Белсату» разбіраліся, чым гэта можа пагражаць Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: park.by

Як піша «Financial Times», міністры замежных справаў краінаў Еўразвязу ў звязку з абвяшчэннем мабілізацыі ў Расеі і «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны дамовіліся падрыхтаваць новы пакет санкцыяў. Чакаюць, што Еўракамісія можа зрабіць афіцыйныя прапановы адносна яго зместу ўжо на гэтым тыдні, а фармальнае рашэнне ўвесці санкцыі ў дзеянне могуць прыняць у сярэдзіне кастрычніка.

Паводле крыніцаў «FT», у санкцыйны пакет могуць увайсці захады, накіраваныя на расейскую сферу інфармацыйных тэхналогіяў, кібербяспекі і праграмнага забеспячэння. Што канкрэтна, выданне не паведамляе. Але адзначаюць, што Польшча і краіны Балтыі выступаюць за тое, каб санкцыі, у тым ліку абмежаванні даступнасці інфармацыйных ды іншых паслуг у IT-сферы, закранулі і Беларусь.

Пра тое, што ІТ-сектар можа трапіць пад новыя санкцыі ЕЗ, піша і «Bloomberg». Паводле яго, пяць краінаў прапануюць забараніць выкарыстанне прадукцыі расейскай фірмы кібербяспекі «Лабараторыя Касперскага» ў ЕЗ, узмацніць жорсткасць дзейных абмежаванняў на экспарт тэхналогіяў і дадаць больш тавараў у спіс забароненых тэхнічных прадуктаў, уключаючы машыны для апрацавання звестак, прылады захоўвання і некаторыя віды электронікі.

«Беларусы таксама напружыліся»

Пра тое, якімі могуць быць будучыя санкцыі, і чаго ад іх чакаць беларускаму ІТ-сектару, карэспандэнты «Белсату» пыталі двух прадстаўнікоў галіны, якія пажадалі застацца ананімнымі. Як прызнаюцца суразмоўцы, «тут і без санкцыяў усё дрэнна».

Сапраўды, пачынаючы з здушэння пратэстаў у 2020 годзе і да чэрвеня 2022-га Беларусь ужо маглі пакінуць 16–23 тысячы праграмістаў. Пры гэтым працэс ад’езду працаўнікоў ІТ-сферы паскорыўся з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі ва Украіне, у якой рэжым Аляксандра Лукашэнкі стаўся суўдзельнікам.

Толькі за сем месяцаў 2022 года ў ІТ-сферы Беларусі колькасць звольненых перавысіла колькасць прынятых на працу на 10,3 тысячы асобаў. За адзін сакавік звольніліся больш за 2400 адмыслоўцаў.

Hавiны
Кампанія «Wargaming» аб’явіла аб рашэнні пакінуць Расею і Беларусь
2022.04.04 15:51

Пра свае рашэнні пра рэлакацыю заявілі ў тым ліку вялікія кампаніі, якія лічыліся гонарам беларускага ІТ.

«У сувязі з мабілізацыяй у Расеі беларусы таксама напружыліся, і думаю, што міграцыйныя тэндэнцыі ўзмоцняцца», – распавёў «Белсату» прадстаўнік ІТ-сферы Руслан (імя змененае).

Санкцыі без санкцыяў

У сваю чаргу іншы суразмоўца, Ігар (імя змененае), кажа, што ІТ-сектар Беларусі і так пад санкцыямі, хоць і не ад дзяржаўных інстытутаў, а ад прыватных кампаніяў. Шмат хто з іх (AWS ад «Amazon», «Adobe» ды іншыя) ужо адмовіліся дазваляць рэзідэнтам Беларусі рэгістраваць акаўнты, працягваць падпіскі для карыстання софтам, прадаваць ліцэнзійныя копіі ды гэтак далей.

Таксама свае абмежаванні ўвялі і кліенты кампаніяў, з якімі супрацоўнічаў беларускі ІТ-сектар.

Hавiны
«Больш немэтазгодна». «Hewlett Packard» спыніла дзейнасць у Беларусі і Расеі
2022.06.02 11:11

«Кампаніі, якія маюць дачыненне да кібербяспекі, ужо з Беларуссю не працуюць, яны ўжо ўсе з’ехалі. Усе кампаніі, якія займаюцца сэрвісным, аўтсорсінгавым бізнесам і маюць кліентаў, якія не жадаюць працаваць з камандамі з Беларусі ці Расеі, таксама ўжо з імі не працуюць», – адзначае Ігар.

Суразмоўца дадае, што з беларускімі юрыдычным асобамі на Захадзе ўжо ніхто аніякага бізнесу не вядзе.

Што могуць забараніць і каму?

Пры гэтым Ігар кажа, што «цалкам уся ІТ-галіна, якая ёсць у Беларусі, – гэта прадстаўніцтвы замежных кампаніяў», у тым ліку тых, чые галоўныя офісы месцяцца ў бяспечных юрысдыкцыях, як ЗША і Еўразвяз.

«Як гэтыя санкцыі могуць быць накладзеныя так, каб зруйнаваць тут нешта, мне цяжка ўявіць. Амерыка ж не можа накладаць санкцыяў на амерыканскую кампанію EPAM, якая працуе ў Беларусі і яшчэ ў некалькіх дзясятках краінаў», – адзначае суразмоўца.

Hавiны
Такаеў абмеркаваў з кіраўніком EPAM стварэнне паўнавартаснага тэхналагічнага хабу ў Казахстане
2022.09.20 11:51

Пры гэтым адмысловец не выключае, што ўсё ж могуць быць вынайдзеныя нейкія механізмы, што дапамогуць штрафаваць і такія кампаніі за наяўнасць прадстаўніцтваў у Беларусі.

У сваю чаргу Руслан не выключае, што ў перспектыве санкцыі могуць закрануць нейкі сур’ёзны софт тыпу SAP, прызначаны для аўтаматызацыі кіравання. Але ў такім разе, на ягоную думку, пацярпіць не столькі IT-сектар, колькі ўсе прадпрыемствы, якія яго выкарыстоўваюць, у прыватнасці – банкі.

ІТ-сектар застанецца

У любым разе, адзначае Ігар, цяжка ўявіць, што заходнія санкцыі змогуць разбурыць беларускі ІТ-сектар:

«Нават калі там будуць нейкія жорсткія забароны, то лічбавы свет такі, што заўжды можна знайсці шлях, як іх абысці. Ёсць жа VPN, адмысловыя плацежныя шлюзы, каб ганяць грошы і плаціць фрылансерам. Так, нас пазабаньвалі на фрылансерскіх форумах, але ўва ўсіх ёсць сябар-рэзідэнт іншай краіны, і фармальна ён будзе прадаваць працу, бо ж паводле коду не відаць, дзе яго пісалі. Могуць нават у Паўночнай Карэі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: park.by

Ліцэнзію на любы софт таксама можна набыць, проста маючы картку любой іншай краіны. Дый у праграмістаў у Беларусі яшчэ ёсць з кім працаваць: «або з тымі, каму няма розніцы, або з тымі рынкамі (Лацінская Амерыка, Блізкі Усход), якім уся нашая палітыка і вайна нецікавыя».

«Усё гэта вырашаецца, хоць і цяжка. Таму я не веру, што будуць нейкія разбуральныя санкцыі. Але тэндэнцыя на стагнацыю нашай ІТ, якая фізічна ў Беларусі, на жаль, відавочная. Было б вельмі нечакана, калі б яе не было ў такіх абставінах», – падкрэслівае Ігар.

Эксперт дадае, што беларуская ІТ-галіна – гэта дзясяткі тысяч асобаў, не ўсе з якіх могуць ці жадаюць з’ехаць. Таму, ІТ-сфера ў Беларусі застанецца – у тым ці іншым выглядзе, хоць і не будзе «такой, якою была ў 2019 годзе».

«Але яна застанецца, і прыйдзе час, калі яна адродзіцца», – спадзяецца суразмоўца.

Аб’ектыў
IT у Беларусі: пацыент хутчэй жывы ці мёртвы?
2022.04.04 22:42

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў