Новы сезон на «Белсаце». Толькі найлепшае


Першае незалежнае тэлебачанне распачынае новы сезон. Распавядаем, ці чакаць зменаў у праграме перадачаў і якія навінкі «Белсат» падрыхтаваў для сваіх гледачоў.

Гратэскная рэчаіснасць у першым серыяле «Белсату»

Галоўная прэм’ера новага сезону – першы ў гісторыі незалежнага тэлебачання серыял «Працэсы» ад рэжысёра фільму «Чын-чыны ў краіне цудаў» Андрэя Кашперскага, які разам са сваім калегам Міхасём Зуем напісаў сцэнар.

Крыніца: Белсат

Зняць серыял-анталогію ў стылі чорнай абсурдысцкай камедыі аўтараў натхнілі штодзённыя навіны з Беларусі і з-па-за яе межаў: рэпрэсіі, затрыманні, прававы дэфолт, беззаконне чыноўнікаў і сілавікоў, насаджэнне лукашэнкаўскай ідэалогіі ў школах і, урэшце, вайна ва Украіне. Творцы давялі кожную падзею да абсурду, паказаўшы, чым гэта ўсё можа скончыцца.

Выбітная рэжысёрская праца, дасціпны сцэнар і бліскучая акторская ігра Алега Гарбуза, Ігара Сігова, Андрэя Новіка, Валянціны Гарцуевай, Зоі Белахвосцік і Яны Траянавай гарантуе, што серыял нікога не пакіне абыякавым.

Каб не прапусціць дакладнай даты прэм’еры, сачыце за інфармацыяй на нашым сайце і ў сацсетках.

Незалежныя навіны штодня

Крыніца: Белсат

У нядзельным вечаровым шоу «Тыдзень» Сяргей Падсасонны ды Ігар Кулей па-ранейшаму падводзяць вынікі найважнейшых падзеяў мінулага тыдня. Запрашаем штонядзелю а 20:00.

Галоўнае выданне навінаў «Аб’ектыў» глядзіце ад панядзелка да суботы а 20:00. Адразу пасля, а 20:25 у будні, аналізуем галоўныя падзеі дня разам з адмыслоўцамі ў «Студыі «Белсат». Глядзець галоўныя выданні навінаў на YouTube можна тут.

Кароткае, 5-хвіліннае выданне навінаў выходзіць у будні а 17:00.

Што адбываецца ў краінах былога СССР, вы даведаецеся з навінна-аналітычнага выдання «Вось так», якое выходзіць штодня а 19:00 паводле менскага часу, а ад панядзелка да пятніцы – штораніцы а 9:00. Глядзець на YouTube можна тут.

Яшчэ больш якаснай публіцыстыкі

Крыніца: Белсат

Праграма «Шчыра кажучы» ў новым сезоне будзе выходзіць штотыдзень у серады а 21:30. У новым сезоне адказаць на нязручныя пытанні Арыны Маліноўскай і прайсці паліграф не пабаяцца вядомыя блогеры Андрэй Павук і Сяргей Бяспалаў, расейскі публіцыст Віктар Шэндэровіч, спартоўка Аляксандра Герасіменя, Аляксандр Ждановіч (Маляваныч) ды іншыя вядомыя асобы. Плэй-ліст праграмы тут.

Як звычайныя беларусы і эксперты ў розных сферах бачаць будучую Беларусь? Што, на іхную думку, трэба абавязкова змяніць, а што можна і пакінуць? Глядзіце ў ток-шоу «План: Б» са Змітром Міцкевічам і Вольгай Старасцінай кожны панядзелак а 21:30.

Віталь Цыганкоў запрашае спікераў з супрацьлеглымі перакананнямі адстаяць сваю пазіцыю ў праграме «Двубой», што выходзіць у аўторкі а 21:40.

Міжнародная палітычная аналітыка з беларускімі справамі ў цэнтры ўвагі – «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30.

Крыніца: Белсат

Лёс беларускіх добраахвотнікаў, якія дапамагаюць украінцам супрацьстаяць расейскаму ўварванню, бо бачаць у гэтым шанец на вызваленне Беларусі, – у праграме «Ваяры», што выходзіць кожную нядзелю а 18:40.

Валярына Кустава ў сваёй праграме «Беларус беларусу» яднае беларусаў, якія апынуліся ў цяжкой сітуацыі і шукаюць дапамогі адно ў аднаго. Глядзіце ў пятніцы а 18:35.

Вядоўца «Лукавых навінаў» Ганна Галёта разам з камандаю ўжо не першы сезон штопятніцу а 21:30 выкрывае хлусню ў ліпавых паведамленнях дзяржаўных прапагандыстаў.

Пісьменнік і публіцыст Віктар Шэндэровіч разам з журналістам Ігарам Віняўскім шукае адказаў на надзённыя пытанні, звязаныя з працэсамі, што адбываюцца ў сучаснай Расеі. Глядзіце праграму «Ход думкі з Віктарам Шэндэровічам» кожную пятніцу а 21:45.

Разам з Украінаю 

Ад самага пачатку шырокамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну журналісты «Белсату» падрабязна распавядаюць, што адбываецца ў ахопленай вайною краіне. Акрамя таго, мы штодня аддаём некалькі гадзінаў эфіру ўкраінскаму тэлебачанню, каб нашыя гледачы мелі як мага шырэйшае ўяўленне пра падзеі.

У рамках салідарнасці з Украінай ад 3 верасня кожную нядзелю а 21:30 «Белсат» будзе трансляваць сусветна вядомы праект, які ладзяць для ўдзельнікаў з Украіны, – «Голос країни». У галоўным музычным спаборніцтве Украіны возьмуць удзел 60 выканаўцаў, якімі будуць апекавацца зорныя трэнеры: Арцём Півавараў, Dorofeeva, Іван Кліменка і Юлія Саніна. Глядзіце на «Белсаце».

«Белсат» яшчэ раней запусціў некалькі ўкраінска-беларускіх праектаў і працягвае іх у гэтым сезоне.

Каб зразумець, кім адно аднаму прыходзяцца ўкраінцы і беларусы, якія ў нас ёсць агульныя тэмы для абмеркавання, чым мы падобныя, а чым адрозніваемся, «Белсат» працягвае праграму «Бязвіз», што выходзіць у чацвяргі а 18:15. Вядоўцы – Тэцяна Іванська і Вітаўт Сіўчык.

У другой сваёй праграме «Meet» Тэцяна Іванська бярэ інтэрв’ю ў вядомых беларусаў, каб праз прызму канкрэтнай асобы зразумець, што сёння адбываецца глабальна.

Хто ты гэткі? «Белсат» адукоўвае

Крыніца: Белсат

Адкуль узніклі Беларусь і беларусы? Як называлі сябе нашыя продкі? Якая галоўная загадка Францішка Скарыны? Як зубр зрабіўся сімвалам Беларусі? Пра гэта і шмат іншых цікавых гістарычных фактаў распавядае гісторык Цімох Акудовіч са сваймі нязменнымі вусатымі сувядоўцамі ў праграме «Вусы Скарыны». Глядзіце ў панядзелкі а 18:40 у жывым эфіры або на нашым канале «Белсат History».

Прапаноўваем прысвяціць крыху часу ў выходны вечар, каб падцягнуць беларускую мову разам з Віктарам Шукеловічам, які запрашае на праграму «Мова нанова», што выходзіць у эфір штонядзелю а 18:00.

Раз на месяц у студыі «Белсату» топавыя гісторыкі з розных краінаў абмяркоўваюць памылкі мінуўшчыны. Мы мусім пра іх ведаць і гаварыць, каб пазбегчы іх у будучыні. Праграму «Intermarium» з Настай Ільіной глядзіце ў апошнюю нядзелю месяца а 17:00.

У гэтым сезоне чакаем вяртання гістарычнага цыклу «Лабірынты». Кожная серыя – тэлеспектакль, прысвечаны жыццю і творчасці класікаў беларускай культуры. Падрабязнасці пра дату і час прэм’еры неўзабаве, а пакуль глядзіце архіўныя выданні «Лабірынтаў» на канале «Белсат Нistory».

Гумар дапамагае перажыць цёмныя часіны

Крыніца: Белсат

Бравы генералісімус Ператрахчанка (ён жа Гарант), прэм’ер Безгалоўчанка і прапагандыст Пазаронак – галоўныя персанажы «Жэстачайшага мульта» – падораць вам 20 хвілінаў смеху ўвечары ў нядзелю а 18:20 у эфіры «Белсату» або на аднайменным YouTubeканале.

Калі вы запрацаваліся і выпалі са штодзённай плыні навінаў, абавязкова паглядзіце шоу «Хай так TV» у суботу а 18:30 на канале «Белсат Life». Яго вядоўцы Кацярына Ваданосава, Міхась Зуй і Дзяніс Дудзінскі падрыхтуюць для вас навіны з айчынных медыяў у стылі «маразм мацнеў». Жартаўлівыя скетчы на злобу дня гарантавана ўздымуць настрой, а радкі з песень праграмы вы яшчэ доўга будзеце напяваць.

Алесь Карніенка ў аўтарскай праграме «Вечаровы шпіль» б’е не ў брыво, а ў вока трапным гумарам і тонкай сатырай на галоўныя палітычныя падзеі ў Беларусі і яе суседзяў. Глядзіце ў суботы а 20:20 на канале «Вось так».

Сусветна прызнаная дакументалістыка

Крыніца: Белсат

«Белсат» ганарыцца сваймі дакументальнымі фільмамі і рэпартажамі. Стужкі нашых рэжысёраў збіраюць галоўныя прызы на шматлікіх замежных фестывалях. Шмат хто з дакументалістаў пачынаў з рэпартажаў да цыклу «Без рэтушы», што стаўся своеасабліваю белсатаўскаю школаю маладога рэжысёра. Рэпартажы з цыклу «Без рэтушы» выходзяць кожную другую сераду месяца а 18:35 у эфіры «Белсату» або на канале «Белсат Doc».

Яшчэ адзін цыкл рэпартажаў «Белсату» распавядае, як жывуць за мяжою беларусы, часцяком вымушаныя пачынаць з нуля. Праграму «Беларускі свет» глядзіце ў аўторкі а 18:35 на канале «Белсат Life».

Усе праграмы і фільмы «Белсату» можна глядзець онлайн: у сацыяльных сетках, на YouTube-каналах, а таксама праз дадатак «Belsat Smart».

Як глядзець «Белсат»

Дзякуем, што застаяцеся з намі!

belsat.eu

Стужка навінаў