Расея атакавала Адэсу і Кіеў дронамі-камікадзэ. Амаль усе яны былі збітыя


У ноч на 4 траўня Расея ажыццявіла масаваную атаку беспілотнікамі па тэрыторыі Украіны. Паветраная абарона паспяхова збіла амаль усе, разбурэнняў і ахвяраў няма.

Надпісы на хваставіках збітых ва Украіне дронаў.
Фота: аператыўнае камандаванне «Поўдзень»/Facebook

Прыкладна а 1:00 уначы 4 траўня ў Кіеве і шэрагу ўсходніх вобласцяў Украіны пачала гучаць паветраная трывога, у Кіеве яна трывала 3,5 гадзіны. Пасля сталі з’яўляцца паведамленні пра выбухі і працу паветранай абароны.

Раніцаю Кіеўская гарадская вайсковая адміністрацыя распавяла, што Расея запусціла па Кіеве дроны «Shahed» і балістычныя ракеты, аднак усе яны былі збітыя. У асобных раёнах сталіцы ўпалі абломкі дронаў і ракетаў, але яны не прынеслі нейкай шкоды.

Паводле КГВА, гэта ўжо трэцяя паветраная атака па Кіеве за першыя травеньскія дні:

«Такой шчыльнай інтэнсіўнасці ўдараў наш горад не адчуваў з пачатку гэтага года».

Адначасова Расея запусціла 15 дронаў-камікадзэ «Shahed-131/136» па Адэсе: 12 з іх былі знішчаныя. Тры дроны трапілі ў інтэрнаты адной з навучальных установаў Адэсы, там узнік пажар, яго аператыўна зліквідавалі, людзі не пацярпелі, паведамляе аператыўнае камандаванне «Поўдзень». На хваставіках беспілотнікаў былі надпісы «за Маскву», «за Крэмль».

Надпісы на хваставіках збітых ва Украіне дронаў.
Фота: аператыўнае камандаванне «Поўдзень»/Facebook

Агулам знішчэнне расейскіх беспілотнікаў уначы 4 траўня вялося ў паўночных, цэнтральных і паўднёвых вобласцях Украіны, удакладняюць Паветраныя сілы ЗСУ. Па Украіне былі запушчаныя 24 дроны-камікадзэ «Shahed-136/131». Знішчыць удалося 18 з іх.

Адзначаецца, што запуск беспілотнікаў ажыццяўляўся з Бранскай вобласці РФ і з усходняга ўзбярэжжа Азоўскага мора.

3 траўня Расея абвінаваціла Украіну ў спробе атакі дронамі Сенацкага палацу Крамля, дзе месціцца кватэра і працоўны кабінет Уладзіміра Пуціна. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адмаўляе датычнасць украінскіх ЗСУ да гэтага інцыдэнту. Прадстаўнік палка Каліноўскага Дзяніс Кіт выказаў меркаванне, што расейскія ўлады наўмысна зарганізавалі атаку Крамля дронамі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў