Прадстаўнік палка Каліноўскага: Атака дронамі Крамля – гэта правакацыя Масквы


У студыі «Белсату» прадстаўнік палка Каліноўскага Дзяніс «Кіт» выказаў меркаванне аб тым, што расейскія ўлады самі наўмысна арганізавалі атаку Крамля дронамі.

Камандзір палка Каліноўскага Дзяніс «Кіт» (справа) віншуе байцоў з першай гадавінай ПКК. Скрын відэа: Полк Каліноўскага / Youtube

На думку Дзяніса «Кіта», тое, што адбылося гэтай ноччу ў расейскай сталіцы, – гэта справа рук менавіта саміх расейцаў. Магчыма, гэта была нейкая правакацыя, сапраўднай мэтай якой было жаданне «схаваць некаторыя прычыны абстрэлу Кіева» і выставіць гэта пэўным «прэцэдэнтам».

Цікава, што падобную тэзу ў эфіры «Белсату» выказаў і ўкраінскі эксперт Ігар Ступак. Ён выразіў гэта ў форме некалькіх пытанняў: «Як можна рабіць замах на кагосьці ноччу, калі гэты хтосьці ноччу на працоўным месцы адсутнічае? Дзе хвалёная СПА вакол Крамля, на будынку Міністэрства замежных справаў, Міністэрства абароны Расейскай Федэрацыі. Дзе яны ўсе? Як там нешта магло праляцець? Там жа камар носу не падточыць!» Эксперт дадаў, што, на яго думку, «не ведалі ў Крамлі, як адмяніць парад на 9 траўня, і разыгралі гэтую танную пастаноўку».

Тым не менш Дзяніс «Кіт» адзначыў, што рэжыму Лукашэнкі таксама след баяцца падобных атак на Палац Незалежнасці, бо зараз адбываецца падрыхтоўка беларусаў, «якія яшчэ не забыліся пра дваццаты год, якія таксама з 90-х гадоў памятаюць, што багата крыві было праліта за незалежную Беларусь. Паверце, – адзначыў ваяр, – што ўсе чакаюць моманту ікс».

На пытанне аб тым, ці ёсць пагроза таго, што Беларусь можа быць уцягнутая ў агрэсіўныя дзеянні Крамля ў дачыненні да Украіны, госць перадачы адказаў, што ён не выключае такой магчымасці. Бо верыць Лукашэнку нельга, ён будзе казаць і рабіць усё для ўласнай выгады.

Пракаментаваў Дзяніс «Кіт» і нядаўні выхад палка Каліноўскага ў эфір з тэставай радыёперадачай на FM-хвалях на тэрыторыі Беларусі. У ёй «каліноўцы» звярталіся да беларускіх вайскоўцаў і пераконвалі іх не ўступаць у вайну супраць Украіны. Ваяр адзначыў, што полк намагаецца працаваць у розных накірунках, і так званыя інфармацыйна-псіхалагічныя спецыяльныя аперацыі (ІПСА) – гэта таксама зброя ва ўмовах сучаснай вайны. Таму полк будзе намагацца ваяваць «з агульным ворагам на ўсіх накірунках». Байцы палка думаюць над тым, каб весці вяшчанне на тэрыторыі Беларусі, з магчымых варыянтаў разглядаецца як перахоп ужо існуючых хваляў, так і ўсталяванне ўласных.

Асноўнае пасланне, якое хоча данесці полк Каліноўскага праз свае вяшчанні на радыёхвалях, – гэта тое, каб «беларусы сябе не падстаўлялі». Бо тым, хто хоча ўдзельнічаць у вызваленні сваёй краіны, трэба «адным кулаком ударыць у адзін час, час ікс». Таму зараз важна «не падстаўляцца, не рызыкаваць, не зрабіць фальстарт». Полк Каліноўскага кожны дзень працуе над рознымі варыянтамі плану таго, як будзе адбывацца вызваленне Беларусі. І ў першую чаргу трэба дбаць пра «асабістую бяспеку беларускіх патрыётаў, якія будуць змагацца за незалежнасць». А тых, хто хоча дзейнічаць ужо зараз, Дзяніс запрасіў шукаць магчымасці далучыцца да палка Каліноўскага.

Каментар
Чаго полк Каліноўскага і ўлады Беларусі чакаюць ад украінскага контрнаступу. Расказвае Кабанчук
2023.05.03 14:35

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў