Выкладчыка катэхізісу Менскага архікатэдральнага сабору Уладзіслава Беладзеда асудзілі на 15 содняў


Справу Уладзіслава Беладзеда разглядаў суд Цэнтральнага раёну Менску. Выкладчыка катэхізісу абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт.19.11 КаАП РБ) і адправілі за краты на 15 содняў, паведамляе «Хрысціянская візія».

Уладзіслаў Беладзед.
Фота: Хрысціянская візія

Пра затрыманне Уладзіслава Беладзеда стала вядома 31 траўня. Тады пра маладзёна напісалі, што ён – клерык рыма-каталіцкай духоўнай семінарыі. Пазней курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі выдала афіцыйнае паведамленне, у якім сцвярджала, што Беладзед ад лютага 2020 года не вучыцца ў семінарыі і цяпер працаўладкаваны ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску на пасадзе выкладчыка катэхезы.

У каталіцкіх суполках у сацыяльных сетках пачаліся спрэчкі, людзі пісалі, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, што па стане на жнівень 2020 года Беладзед яшчэ быў клерыкам і «вітаў пратэстоўцаў».

Па звестках ініцыятывы «Хрысціянская візія», Беладзед у 2020 годзе ўдзельнічаў у супольных малітвах аб спыненні гвалту.

Пасля затрымання над маладзёнам здзекваліся, «родныя на судзе звярнулі ўвагу на сляды збіцця».

«Верніка прымусілі запісаць т.зв. »пакаяльнае« відэа, дзе ён выглядаў прыгнечана і пад відавочным прымусам заяўляў пра сваю гомасексуальную арыентацыю. У прапагандысцкім відэа пра яго выказваліся ў прыніжальным тоне, прымушалі агаворваць сябе, а таксама дэманстравалі фота і відэа, накіраваныя на дыскрэдытацыю яго ў вачах вернікаў», – зазначае «Хрысціянская візія».

Курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі распачала кананічнае расследаванне на падставе інфармацыі, размешчанай «у сродках масавай камунікацыі». Якія рэсурсы маюцца на ўвазе і датычная якіх фактаў праводзіцца расследаванне, не ўдакладняецца.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў