Вуліцу ў Львове просяць назваць у гонар Каліноўскага. У якіх гарадах гэта ўжо зрабілі


Мэра ўкраінскага Львова Андрэя Садовага і дэпутатаў гарадской рады просяць падчас наступнай сесіі разгледзець магчымасць надаць адной з цэнтральных вуліц гораду імя Кастуся Каліноўскага. Аўтарамі звароту выступілі Беларускі інфармацыйны цэнтр у Львове і грамадская арганізацыя «Заходні інфармацыйны фронт».

Львоў, Украіна.
Фота: wikimapia.org

«Украіна з’яўляецца часткай вялікай еўрапейскай сямʼі, мы складаем адзінае цэлае з ЕЗ у супрацьстаянні з пуцінскім рашызмам і лукашэнкаўскай тыраніяй, мы падзяляем адныя каштоўнасці і супольна выказваем падтрыманне беларускаму народу ў яго барацьбе за вызваленне ад пуцінска-лукашысцкай акупацыі», – гаворыцца ў звароце.

На думку ініцыятараў, такое рашэнне стане «магутным знакам салідарнасці львавянаў для беларускага грамадства, апазіцыйнага да рэжыму».

Гэта не першы зварот такога тыпу да львоўскіх уладаў. Гэтак, з просьбай пераназваць вуліцу Беларускую ў гонар Кастуся Каліноўскага ў львоўскую гарадскую раду ўжо звяртаўся фонд «Вольная Беларусь».

Hавiны
Як ва Украіне пераназываюць вуліцы ў гонар герояў-беларусаў
2023.04.26 10:44

Пры гэтым у некаторых гарадах Украіны некалькі вуліц усё ж былі пераназваныя ў гонар Каліноўскага. У Кіеве ў гонар яго пераназвалі Астраханскую вуліцу, у Жытоміры і Мукачаве – Беларускую, а ў Роўне – Віцебскую.

Таксама шэраг вуліц украінскіх гарадоў пераназваныя ў гонар беларусаў, якія загінулі за незалежнасць Украіны. У Бучы з’явілася вуліца Ліцвіна – у гонар вайскоўца Іллі Хрэнава з такім пазыўным. У Новаградзе-Валынскім і Чарнаўцах замест вуліцы Менскай цяпер ёсць вуліца Героя Украіны Міхаіла Жызнеўскага. А вуліцу Пушкіна ў горадзе Хмяльніцкі пераназвалі ў гонар Героя Украіны беларуса Аляксея Тура Скоблі.

24 студзеня 2024 года было вырашана адной з праектаваных вуліц у Роўне надаць імя беларуса Міраслава Лазоўскага.

Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за Украіну
2023.10.01 15:50

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў