У Кіеве з'явілася вуліца Кастуся Каліноўскага і знікла плошча Герояў Берасця


У Кіеве перайменавалі Астраханскую вуліцу, цяпер яна – вуліца Кастуся Каліноўскага. Пра гэтае рашэнне дэпутатаў Кіеўскай гарадской рады мэр Віталій Клічко напісаў у сваім Telegram-канале.

Пасяджэнне Кіеўскай гарадской рады, на якім перайменавалі каля 40 гарадскіх аб’ектаў. Кіеў, Украіна. 27 кастрычніка 2022 года.
Фота: Кіеўская гарадская рада / kyivcity.gov.ua

Дэпутаты Кіеўскай гарадской рады перайменавалі больш за 40 вуліцаў, завулкаў і плошчаў, назвы якіх звязаныя з Расеяй ці савецкім мінулым, паведаміў мэр Віталій Клічко.

У прыватнасці, Астраханская вуліца стала вуліцаю Кастуся Каліноўскага. Пры гэтым плошчу Герояў Берасця (названую ў гонар абаронцаў Берасцейскай крэпасці) перайменавалі ў Чарнабаеўскую плошчу.

Варыянты новых назваў для гарадскіх аб’ектаў падчас электроннага галасавання выбіралі жыхары сталіцы.

Мэр Кіева пасля пасяджэння гарадской рады заявіў, што Украіна «мусіць назаўжды пазбавіцца сімвалаў і назваў, звязаных з краінай-агрэсарам».

«Новыя назвы ўвечняць памяць пра знакавыя гістарычныя падзеі Украіны, а таксама пра знакамітыя постаці і герояў, якія праславілі Украіну і змагаліся за незалежнасць нашай дзяржавы. А таксама – памяць пра абаронцаў Украіны, якія аддалі сваё жыццё, абараняючы нашую дзяржаву пасля маштабнага нашэсця расейскіх варвараў», – адзначыў Віталій Клічко.

Гэта ўжо не першае перайменаванне абʼектаў у сталіцы Украіны за апошні час. Пры канцы жніўня дэпутаты зацвердзілі новыя назвы для 95 кіеўскіх вуліцаў, плошчаў і завулкаў.

Hавiны
Ва ўкраінскім Роўне з’явілася вуліца Кастуся Каліноўскага
2022.08.09 08:43

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў