Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 2 снежня


«Белсат» падводзіць вынікі 282-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 2 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Мясцовыя жыхары ў жылым доме, пашкоджаным расейскім ракетным ударам, Чугуеў, Харкаўская вобласць, Украіна 2 снежня 2022 г.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum

Сітуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы цягам апошніх содняў не мянялася: Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны не адзначае фармаванне наступальных груповак праціўніка, пры гэтым фіксуе працяг падрыхтоўкі асобных расейскіх падраздзяленняў на тэрыторыі РБ.

Украінскі бок у сваю чаргу працягвае паветраную выведку з дапамогай беспілотнікаў.

Дзяржпамежкамітэт РБ расказаў пра чарговы ўкраінскі дрон, выяўлены над тэрыторыяй краіны. Ведамства сцвярджае, што беспілотнік заляцеў углыб Беларусі на 1200 метраў. Гэта адбылося ў раёне пункта пропуску «Макраны» (Маларыцкі раён).

У выніку дрон прымусова прызямлілі з дапамогаю радыёэлектроннай зброі. На ім не было апазнавальных знакаў і была замацаваная відэакамера для вядзення выведкі.

За апошні месяц гэта ўжо трэці квадракоптар, які беларускія памежнікі выяўляюць на мяжы з Украінай.

На поўначы Чарнігаўскай і Сумскай вобласцяў назіраецца адноснае зацішша, на поўначы Харкаўскай – расейцы працягваюць артылерыйскія абстрэлы памежных населеных пунктаў Украіны. У гэты ж час у Белгародскай вобласці РФ засяроджваюцца войскі праціўніка, якія сваёй прысутнасцю не дазваляюць ЗСУ перакінуць рэзервы на іншыя ўчасткі фронту.

Па лініі фронту ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай працягваюцца пазіцыйныя баі. Міністэрства абароны РФ піша пра зрыў атак ЗСУ ў ваколіцах населеных пунктаў Катляроўка і Чырвонапапоўка ў Харкаўскай і Луганскай вобласцях адпаведна. Украінскае камандаванне заяўляе пра адбіццё атак праціўніка каля Навасёлаўскага, Стэльмахоўкі і Чырвонапапоўкі. Пра змены на гэтым участку фронту ніводны з бакоў канфлікту не паведамляе.

На тэрыторыі Данецкай вобласці ініцыятывай па-ранейшаму валодаюць Узброеныя сілы РФ. Генштаб ЗСУ піша пра атакі расейцаў на ваколіцы Грыгораўкі, Выемкі, Бахмуту, Вопытнага, Кляшчэеўкі, Курдзюмаўкі, Паўночнага, Первамайскага, Краснагораўкі і Мар’інкі.

Украінскія вайскоўцы размаўляюць з мясцовымі жыхарамі ў Херсоне. Украіна, 1 снежня 2022 г.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum

Між тым Мінабароны РФ паведамляе пра поўны захоп Курдзюмаўкі. Гэтую інфармацыю пацвярджае інтэрактыўная карта вайны ва Украіне Deepstatemap. Таксама крыніца фіксуе невялікае прасоўванне расейцаў каля Невельскага.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што ў Мар’інцы працягваюцца гарадскія баі, тэлеграм-канал «Иди и смотри» сцвярджае, што расейцы прасоўваюцца ў кірунку Бахмуту, «Рыбарь» гаворыць пра пазіцыйныя баі каля Спірнага.

Сілы абароны Украіны ў сваю чаргу контратакавалі каля Нікольскага і Новаміхайлаўкі на паўднёвым участку фронту, а таксама каля Вопытнага і Маёрску ў сярэдняй частцы Данецкай вобласці.

Па лініі фронту ў Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях працягваюцца артылерыйскія дуэлі. Пра наземныя аперацыі ніводны з бакоў канфлікту не паведамляе.

Паводле Генштабе ЗСУ, за содні было знішчана каля 650 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны перавысілі 90 тысяч чалавек.

Між тым дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк удакладніў лічбу беззваротных стратаў ЗСУ – яна знаходзіцца ў інтэрвале паміж 10 і 13 тысячамі чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu 

Стужка навінаў