Ціханоўская і Аб’яднаны пераходны кабінет правялі прэс-канферэнцыю ў Варшаве


Увечары 2 снежня выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская і чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, Валер Кавалеўскі, Аліна Коўшык, Валерый Сахашчык і Аляксандр Азараў зладзілі прэс-канферэнцыю ў варшаўскім «Музеі Вольнай Беларусі». Жывую відэатрансляцыю вёў  «Белсат».

Падчас трансляцыі можна было задаць сваё пытанне ў каментары да стрыму.

20:20. Прэс-канферэнцыя скончаная.

20:14. Валер Сахашчык звярнуўся са зваротам да беларускіх ваенных, у прыватнасці да Аляксандра Вальфовіча, з прапановай пачаць дыялог.

Сахашчык паведаміў, што падставаю для звароту стала тое, да яго прыбыў сёння пасланнік КДБ з пытаннямі.

20:11. Валер Сахашчык выказаў перакананне, што супраца з палком Каліноўскага можа быць наладжаная ў будучыні.

20:00. У выпадку мабілізацыі ў Беларусі могуць быць створаныя «зялёныя калідоры» для таго, каб грамадзяне Беларусі маглі пазбегнуць прызыву ў войска і ўдзелу ў вайне ва Украіне на баку Расеі. Пра гэта заявіў Павел Латушка.

Выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская і чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, Валер Кавалеўскі, Аліна Коўшык, Валерый Сахашчык і Аляксандр Азараў зладзілі прэс-канферэнцыю ў варшаўскім «Музеі Вольнай Беларусі». Варшава, Польшча. 2 снежня 2022.
Фота: Карына Пашко / Белсат

19:36. Святлана Ціханоўская пракаментавала ідэю аб тым, каб прадстаўнік Кабінета па фінансах быў непублічнай асобай. Гэтая ідэя ўзнікла пасля адстаўкі Таццяны Зарэцкай. Паводле Ціханоўскай няма «шэрагу кандыдатаў на пасаду».

19:32. Аляксандр Азараў распавёў пра падрыхтоўку груп спецыяльных аперацыяў для ўдзелу ў «Плане Перамога», а таксама аб стварэння Харугваў – патрыятычна-спартовых клубаў.

Азараў таксама заявіў аб стварэнні верыфікацыйнага цэнтру, які дапамагае высветліць ці мае грамадзянін Беларусі да злачынстваў рэжыму Лукашэнкі.

19:28. Аліна Коўшык распавяла, што Кабінет мае падтрымліваць беларускіх творцаў, прадстаўнікоў беларускай культуры. Ідзе праца над стварэннем Інстытуту беларускай кнігі.

19:25. Валер Сахашчык распавёў пра пачатак сістэмнай працы па дапамозе беларускім добраахвотнікам, ветэранам баявых дзеянняў ва Украіне. Гаворка ідзе ў тым ліку пра медычныя паслугі.

Асабістая мэта, якую паставіў перад сабой Сахашчык – не дапусціць грамадзянскай вайны ў Беларусі.

19:20. Валер Кавалеўскі распавёў пра адкрыццё дыпламатычнай місіі ў Бруселі, яе ўзначаліць Уладзімір Астапенка. Апроч таго прадстаўнікі Офісу і Кабінету ёсць у Празе, Таліне і Кіеве.

Фота: Карына Пашко / Белсат

19:15. Павел Латушка заявіў, што стратэгія Кабінету зацверджаная на 90%. Яна будзе мець публічны і не публічны характар. Паводле Кабінету, Беларусь зʼяўляецца акупаванай краінай і галоўная мэта Кабінету – дэакупацыя Беларусі.

19:10. Святлана Ціханоўская на пачатку канферэнцыі заявіла, што рэальныя вынікі дзеяння Кабінету будуць падведзеныя праз паўгода з моманту стварэння. Чакаецца, што рэфармаваная Каардынацыйная рада зацвердзіць склад Кабінету.

Амаль чатыры месяцы таму, 9 жніўня, на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні было абвешчана аб стварэнні новай структуры беларускіх дэмакратычных сілаў: Аб’яднанага пераходнага кабінету. Чальцы Кабінету паставілі амбітную мэту: забяспечыць транзітны пераход улады ў рукі народу і скасаванне таталітарнага рэжыму Лукашэнкі. Структура кабінету такая:

  • Святлана Ціханоўская – кіраўніца Кабінету;
  • Валер Кавалеўскі – намеснік кіраўніцы і прадстаўнік Кабінету ў замежных справах;
  • Павел Латушка – намеснік кіраўніцы і прадстаўнік Кабінету ў транзіце ўлады;
  • Аляксандр Азараў – прадстаўнік Кабінету ў аднаўленні правапарадку;
  • Валерый Сахашчык – прадстаўнік Кабінету ў абароне і нацыянальнай бяспецы;
  • Аліна Коўшык – прадстаўніца Кабінету  ў справе нацыянальнага адраджэння.

Раней на пасаду прадстаўніцы ў пытаннях эканомікі і фінансаў была прызначаная прадпрымальніца і заснавальніца кампаніі «Laava Tech» Таццяна Зарэцкая, але яна сышла менш як праз два месяцы па прызначэнні – абвесціла, што не вытрымала ціску.

Аналітыка
Аб’яднаны пераходны кабінет працуе ўжо сто дзён. Што ён зрабіў за гэты час?
2022.11.17 06:20
Аналітыка
7 рэчаў, якія трэба ведаць пра Аб’яднаны пераходны кабінет пры Ціханоўскай
2022.08.11 10:43
Hавiны
Навошта ісці ў Каардынацыйную раду? Спыталі, што яна дасць дэлегатам і астатнім беларусам
2022.10.28 13:50

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў