Не вытрымала ціску. Таццяна Зарэцкая абвесціла пра сыход з Аб’яднанага пераходнага кабінету


Прадпрымальніца Таццяна Зарэцкая сыходзіць з Абʼяднанага пераходнага кабінета Беларусі, сутыкнуўшыся с палітычным ціскам і пагрозамі. Аб гэтым яна паведаміла на сваё старонцы ў Facebook. 

Таццяна Зарэцкая.
Фота: Tatsiana Zaretskaya / Facebook

«Я прыняла рашэнне сысці з пазіцыі прадстаўніка па эканоміцы і фінансах Абʼяднанага Пераходнага Кабінета Беларусі. Я працягну займацца тым, што я ўмею і дзе магу быць карыснай», – заявіла Таццяна Зарэцкая.

Яна патлумачыла, што за апошнія некалькі тыдняў «сутыкнулася з вялізным ціскам: на мяне асабіста, на маіх сяброў, родных, на супрацоўнікаў маёй кампаніі, партнёраў і інвестараў. Шквал ананімных паведамленняў, лістоў, званкоў, прамыя пагрозы. Я меркавала, што мой уступ у Кабінет можа пацягнуць за сабой пэўныя наступствы. Але не меркавала, што гэта прывядзе да таго, што нападам падвергнуцца мае блізкія і нават тыя людзі, якія не маюць дачынення ні да беларускай палітыкі, ні да Кабінета».

Паводле Таццяны, атака працягваецца ўжо некалькі тыдняў: «Гэта няпроста, але я вельмі ўдзячная ўсім, хто мяне падтрымлівае. Я ўдзячная юрыстам і супрацоўнікам сваёй кампаніі за цярпенне, вытрымку і прафесіяналізм».

Зарэцкая таксама выказала словы ўдзячнасці партнёрам, якія падтрымалі яе і нават выдзелілі рэсурсы на барацьбу са зламыснікамі. Гэта супрацьдзеянне мела пэўны плён: «Удалося вылічыць некалькіх людзей, якія закідвала пагрозамі маіх супрацоўнікаў: сёння гэтай справай займаецца паліцыя, а вінаватыя адкажуць па законе».

Прадпрымальніца таксама адзначыла, што «прыйшла ў Кабінет не дзеля таго, каб будаваць палітычную карʼеру», а ўступіла ў яго дзеля таго, каб ейная экспертыза, прафесіяналізм і кантакты «маглі паслужыць не толькі майму бізнесу, але і пазітыўным зменам у Беларусі».

Таццяна Зарэцкая лічыць, што зламыснікі фактычна паставілі яе перад выбарам: заставацца ў Кабінеце і падвяргаць блізкіх і дарагіх ёй людзей стрэсу і нават небяспецы, адмовіцца ад шматгадовай працы ў сферы бізнес і стартап-супольнасці і страціць усё тое, чым яна б магла быць карыснай Абʼяднанаму Пераходнаму Кабінету і беларускаму грамадству або скласці свае паўнамоцтвы ў межах Кабінета. У такой сітуацыі яна абрала сыход.

Таццяна Зарэцкая – заснавальніца і СЕА кампаніі Laava Tech, якая займаецца аўтаматызацыяй і скарачэннем энергаспажывання. Мільянерка, рэзідэнтка спісу Forbes «30 да 30». Таксама яна ўвайшла ў штогадовы спіс выбітных наватараў да 35 са ўсяго свету ад Масачусэцкага тэхналагічнага інстытуту. Яе стартап Laava Tech мае кліентаў у Еўропе, Кітаі, ЗША.

У аб’яднаным пераходным кабінеце Таццяна Зарэцкая павінна была весці перамовы з партнёрамі ў пытаннях фінансаў і забяспечваць бюджэт Аб’яднанага пераходнага кабінету.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў