Святлана Ціханоўская пра адстаўку Зарэцкай: «Прызнаем памылкі і працягваем працу»


Святлана Ціханоўская пракаментавала ў інтэрв’ю Zerkalo.io скандал вакол сыходу Таццяны Зарэцкай з Аб’яднанага пераходнага кабінету, а сама Зарэцкая выказалася наконт прэтэнзіяў незалежных медыяў у Instagram.

Таццяна Зарэцкая 2 лістапада пакінула пасаду ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Святланы Ціханоўскай, якая адпавядала пасадзе міністра фінансаў. Часткова ціск на яе быў за прафесійны імідж і ейны стартап «Laava Tech» – і падобна на тое, што дыскрэдытавалі Зарэцкую праўладныя актывісты. Але ў дэмакратычнай супольнасці пачалі гучаць сумневы: а можа Зарэцкая і сапраўды махлярка, а ейны стартап – падман? «Наша Ніва» апублікавала на гэтую тэму разгромны матэрыял пад загалоўкам «Паспяховая стартаперка ці баранэса Мюнхгаўзен? Як Таццяна Зарэцкая трапіла ў Абʼяднаны кабінет і чаму яна яго пакінула». А рэдакцыя Zerkalo.io распавяла, што Зарэцкая пагражала выданню судовым разбіральніцтвам, калі журналісты захацелі падрыхтаваць артыкул пра яе стартап.

Святлана Ціханоўская ў інтэрвʼю Zerkalo.io  адзначыла, што перад прызначэннем Абʼяднаны кабінет Таццяна Зарэцкая прайшла праверку бяспекі, у тым ліку паліграф. Таксама наконт Таццяны праводзіліся гутаркі з прадстаўнікамі МЗС Эстоніі і ад іх былі атрыманы «станоўчыя водгукі». На пытанне, ці правяралася інфармацыя аб бізнесе Зарэцкай, Ціханоўская адказала: «Магчыма, было памылкай, што мы не зрабілі пільнай праверкі».

Журналіст удакладніў: ці лічыць Ціханоўская памылкай прызначэнне Зарэцкай?

«Нашай памылкай было тое, як мы рэагавалі, як мы камуніцыравалі падчас гэтага крызісу. Памылкай было таксама, што недастаткова кансультаваліся з экспертнай супольнасцю. Памылкай было тое, што Таццяна, напэўна, адказала не на ўсе пытанні, і гэта дало глебу для абвінавачанняў. Гэта ўрок. Мы вынеслі гэты ўрок, прызнаем памылкі і працягваем працу», – падкрэсліла Ціханоўская.

Hавiны
«Гэта сюрпрыз для нас». Адстаўка Таццяны Зарэцкай стала нечаканасцю для офісу Ціханоўскай
2022.11.02 15:01

Што да пагроз судовым разбіральніцтвам, то, паводле Ціханоўскай, «недапушчальна ціснуць на СМІ і забараняць публікацыі». «Журналісты маюць права задаваць пытанні. У сваю чаргу Таццяна звяртала ўвагу, што інфармацыя, якая аб ёй распаўсюджваецца, не адпавядае рэчаіснасці», – дадала яна.

Таццяна Зарэцкая: У Беларусі ўсё яшчэ сядзяць палітычныя зняволеныя

Таццяна Зарэцкая 5 лістапада пракаментавала прэтэнзіі з боку журналістаў на сваёй старонцы Instagram. Яна адзначыла, што не адчувае «вострай патрэбы даказваць грамадскасці, што мой стартап – сапраўдны, што я дарослы чалавек і я не пачынаю дыялог з фразы «да сустрэчы ў судзе». «І ўсё ж «расследаванні», якія зрабілі асобныя медыя, нават мяне ўвялі ў ступар», – дадала яна.

Зарэцкая сцвярджае, што яна проста прасіла журналістаў «не распаўсюджваць defamatory information, спасылаючыся на еўрапейскае заканадаўства», а таксама тлумачыла, чаму за прадастаўленне некаторай інфармацыі наконт бізнесу на яе могуць падаць у суд партнёры і інвестары.

«Мая кампанія не выклікае пытанняў у эстонскай дзяржавы або сузаснавальніка «Тэсла», але выклікае пытанні ў беларускіх медыя – добра, журналісты маюць на гэта права.

Магчыма, яны сапраўды гэтак жа сама маюць права спасылкі на заканадаўства інтэрпрэтаваць як «пагрозу». Прымацоўваю скрыншоты са сваімі паведамленнямі: думаю, у дадзенай сітуацыі гэта будзе правільна.

Ад далейшых каментароў лепей устрымацца, але хацелася б нагадаць прадстаўнікам медыя, што вайна ва Украіне не скончылася, а ў Беларусі ўсё яшчэ сядзяць палітычныя зняволеныя. Дарэчы, часам па пятніцах мы збіраемся, каб пісаць ім лісты – у маім офісе, несапраўдным. Пра гэта ніводнае беларускае медыя чамусьці не напісала», – дадала Зарэцкая.

Hавiны
«Мільянер авансам». Аляксандр Кныровіч – пра бізнес і пазіцыянаванне Таццяны Зарэцкай
2022.11.04 12:04

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў