«Нават калі б я стаў іхным шпіёнам, мяне б пасадзілі». Як лекар з Бабруйску ратаваўся ад пераследу КДБ


Наш суразмоўца – былы бабруйскі педыятр Міхал Самборскі нарадзіўся ў Расеі, у Ніжнім Тагіле. Туды некалі быў сасланы ягоны дзядуля-беларус. У сям’і захоўвалі сваю мову і культуру, перадалі яе дзецям, таму Міхал, пасля таго, як скончыў універсітэт, вырашыў вярнуцца на зямлю сваіх продкаў – у Беларусь. У 2016 годзе разам з сям’ёй ён пераехаў у Бабруйск. Аднак праз 7 гадоў, у 2023 сям’і зноў давялося пераязджаць, каб уратавацца ад турмы. Цяпер Міхал з жонкай і дзецьмі жывуць у лагеры для ўцекачоў пад Варшавай, дзе мы і гутарым з медыкам пра ўцёкі з Беларусі і жыццё з нуля ў Польшчы.

Міхал Самборскі. Фота прадставіў суразмоўца

Збірае яблыкі, падразае дрэвы: праца педыятра ў чаканні прытулку

Умовы ў лагеры для ўцекачоў вельмі сціплыя – нават спартанскія, кажа былы бабруец. Уся сям’я – сам Міхал, жонка і дзве дачкі – жывуць у адным пакоі. Аднак і ў гэтым становішчы наш суразмоўца знаходзіць перавагі – кажа, што такім чынам можна сур’ёзна ашчаджаць грошы.

«Нам жа не трэба плаціць за гэтае жытло, а калі б мы захацелі самастойна здымаць недзе кватэру, гэта ж шалёныя грошы, – зазначае медык. – Акрамя таго, у лагеры ёсць юрыст, сацыяльная служба, яны шмат у чым дапамагаюць, у прыватнасці, уладкаваць дзяцей у школу дапамаглі».

У лагеры сям’я можа пражываць да прыняцця рашэння па прашэнні аб статусе ўцекачоў, але не даўжэй за 6 месяцаў. Міхал спадзяецца, што Польшча не адмовіць ім у прытулку – адвакаты запэўніваюць, што «кейс добры», дакументаў, якія пацвярджаюць пераслед, хапае.

Пакуль ідзе разгляд дакументаў, сям’я не атрымлівае амаль ніякай грашовай дапамогі. Са словаў Міхала, штомесяц на чалавека выдаюць 70 злотых – гэта каля $17. Таксама была выплачаная аднаразовая дапамога – €45 на чалавека. Гэта вельмі малыя сумы, таму, каб былі грошы элементарна на ежу, Міхал пайшоў працаваць – гуманітарная віза, па якой беларусы прыехалі ў Польшчу, дазваляе гэта рабіць.

Педыятр уладкаваўся ў мясцовую сельскагаспадарчую фірму, робіць розную фізічную працу, якую загадаюць – збірае яблыкі, бульбу, падразае дрэвы.

«Праца цяжкая. Стамляюся, канешне, – кажа Міхал. – Але не скарджуся. Магчыма, не ўсё атрымліваецца, што я хацеў бы, аднак паціху займаюся нават справамі на перспектыву – раблю крокі ў бок настрыфікацыі дыплому. Спадзяюся яшчэ папрацаваць ды паваланцёрыць як лекар у ініцыятывах, якія дапамагаюць палітвязням і іхным сем’ям».

«На вачах ва ўсіх мяне ўзялі, вывелі, пасадзілі ў машыну і прывезлі ва ўпраўленне КДБ»

У Польшчы сям’я Самборскіх знаходзіцца ўжо амаль два месяцы, з 10 верасня. З Беларусі яны выехалі ў чэрвені бягучага года. Пераезд расцягнуўся на некалькі месяцаў і быў няпростай, загадзя спланаванай працэдурай эвакуацыі і ратавання ад пераследу з боку беларускіх сілавікоў.

«З’ехаць было зусім няпроста, бо я быў пад пільным кантролем КДБ. Аднак дапамаглі абазнаныя людзі», – зазначае наш суразмоўца.

Каментар
«Павялічым здабычу лекараў». Станіслаў Салавей пра ініцыятывы ўлады пазбаўляць медыкаў дыпломаў
2023.10.28 19:39

Міхал Самборскі выходзіў на пратэсты ў 2020 годзе і нават пасля іх задушэння не хаваў сваёй пазіцыі.

«На працы некалькі разоў здараліся сутычкі з кіраўніцтвам, бо я адкрыта казаў, што лекар не можа жыць так, нібы нічога не адбываецца, і ніяк не рэагаваць на гвалт і злачынствы», – кажа медык.

Тым не менш, мужчыну некаторы час не чапалі, і ён працягваў працаваць участковым педыятрам у дзіцячай паліклініцы ў Бабруйску. Хоць жыць у Беларусі было ўсё цяжэй.

«Я схавана партызаніў. Дапамагаў палітвязням, пісаў лісты, данаціў па магчымасці. Хоць згубіў ужо тады веру ў перамогу, але працягваў гэтым займацца, каб перад самім сабой адчуваць, што я не пераможаны, што я магу звацца чалавекам. Каб не ўпасці ў роспач. Гэта псіхалагічна мяне ратавала, – кажа лекар. – З’явілася больш працы, бо лекары звальняліся, іх не хапала. Кіраўніцтва і людзі сталі раздражнёнымі, было цяжка псіхалагічна».

У адзін са снежаньскіх дзён 2022 года Міхал, як звычайна, вёў прыём у сваім кабінеце.

«Мне патэлефанавала сакратарка галоўнага лекара і загадала тэрмінова кінуць усё, што я рабіў, і бегчы ў кабінет галоўнага лекара. Не хвалявала, што я вёў прыём, – прыгадвае Міхал. – Я прыбег. Там мяне чакалі тры чалавекі ў цывільным – два ў кабінеце і адзін у дзвярах. На вачах ва ўсіх мяне ўзялі, вывелі, пасадзілі ў машыну і прывезлі ва ўпраўленне КДБ».

«Я пагаджаўся, што буду супрацоўнічаць, але на самой справе не збіраўся гэтага рабіць»

У лекара забралі тэлефон, у КДБ пасадзілі ў камеру і пакінулі чакаць там некалькі гадзінаў. Міхал спрабаваў задаваць пытанні пра тое, што адбываецца, але супрацоўнік не рэагаваў, быццам яго там і не было. Калі ж з бабруйцам пачалі размаўляць, то ён пачуў, што з’яўляецца ўкраінскім шпіёнам, працуе на СБУ. Нагодай для такіх абвінавачванняў стала пройдзеная годам раней настрыфікацыя лекарскага дыплому ва Украіне.

«Зрабіў тады, яшчэ да вайны, на ўсялякі выпадак, бо бачыў, куды ўсё рухаецца, і хацеў падстрахавацца», – зазначае лекар.

Потым пачаліся абвінавачванні ў экстрэмізме і тэрарызме.

«Казалі, што калі я не хачу проста зараз пайсці ў турму на 10-15 гадоў, то мушу з імі супрацоўнічаць, – распавядае Міхал. – Пры гэтым адзначалі, што не вымагаюць проста цяпер даць адказ, што я магу падумаць, колькі мне трэба. Але я разумеў, што думаць мяне пакінуць там жа ў камеры, чаго мне не надта хацелася. Я пагаджаўся, што буду з імі супрацоўнічаць, але на самой справе не збіраўся гэтага рабіць, і я ўпэўнены, што яны таксама гэта разумелі і не давяралі мне, хоць далі падпісаць паперы аб супрацы».

Дома ў Міхала зладзілі ператрус, падчас якога забралі пашпарт.

«Ён дагэтуль у іх. Яны думалі, што так я не ўцяку, – кажа медык. – Пашпарт у мяне расейскі. У 2020 годзе я збіраўся атрымліваць беларускае грамадзянства, аднак пасля жнівеньскіх падзеяў вырашыў пачакаць. Дык вось гэта мяне і ўратавала. Праз тое, што на мяжы з Расеяй у нас няма кантролю, я ўсё ж здолеў уцячы. У Расеі я прыйшоў у пашпартны стол і сказаў, што напіўся і згубіў пашпарт, і мне за тры тыдні зрабілі новы».

Hавiны
Улады прызналі: у Беларусі бракуе анестэзіёлагаў, рэаніматолагаў, стаматолагаў
2023.09.24 18:14

«Казалі, што і жонка ў іх пад кантролем, і дзяцей я не ўбачу»

Пакуль Міхал у Расеі чакаў новы пашпарт, да яго прыехала сям’я. Жонка – таксама грамадзянка Расеі. У яе як раз у гэты час памёр бацька, што стала нагодай для паездкі разам з дзецьмі. Міхал кажа, што яны да апошняга моманту не ведалі, што ў Беларусь ужо не вернуцца.

«Толькі ў аэрапорце яны даведаліся, што мы ляцім не ў Беларусь, а ў Арменію, – кажа лекар. – Так трэба было зрабіць, каб інфармацыя нікуды не ўцякла. Канешне, жонка была ў шоку спачатку, але потым зразумела і пагадзілася. Яна разумела, што ў Беларусі гэта ўжо было не жыццё, а існаванне як у канцлагеры. Бо яе таксама затрымлівалі. Дзеці нармальна ўспрынялі, малодшай 5 гадоў, ёй увогуле ўсё цікава, успрымае як прыгоду. Сярэдняй 13, яна разумела, што так будзе лепш».

Міхалу было вельмі цяжка з’ехаць з Беларусі, але ён разумеў, што жыцця там яму не дадуць.

«Было ясна, што калі б я нават супрацоўнічаў з КДБ, быў іхным шпіёнам, у рэшце рэшт 100% яны б мяне ўсё адно пасадзілі, я ўпэўнены ў гэтым. Шанцаў на свабоду там не было, быў толькі выбар – цяпер ісці ў турму ці пазней. Я разумеў, што калі не буду ім патрэбны, мяне кінуць у турму, – распавядае медык. – Акрамя таго, за мной пачалі моцна сачыць. Пасля ператрусу ў кватэры паставілі праслухоўванне, яны ведалі нават тое, што я ноччу ў ложку казаў жонцы. Мой тэлефон таксама праслухоўвалі. У заплечніку знайшоў жучкі. Яны ведалі пра мяне ўсё, нават куды я хаджу па працы дзяцей глядзець».

Каб паказаць, чым можа скончыцца непадпарадкаванне сілавікам, Міхалу прыгразілі тэрмінам па наркатычным артыкуле.

Міхал Самборскі з дачкой. Фота прадставіў суразмоўца

«Праз некалькі дзён пасля затрымання супрацоўнікамі КДБ мяне затрымаў наркакантроль. Даволі груба, заламалі рукі і прывезлі ў УУС. КДБ, дарэчы, больш ветліва сябе паводзілі, не білі. Наркакантроль біў, – распавядае бабруец. – У УУС прыехалі кдб-шнікі. Пачалі казаць, што яны выратавалі мяне ад тых дрэнных людзей – наркакантролю, якія таксама ім не падабаюцца, што яны так не працуюць, людзей не б’юць. Маўляў, ты разумееш, што ты не прадаваў наркату, мы разумеем, але яны не ведаюць, таму цябе пабілі. Мы цябе выратавалі, але наступным разам, калі ты будзеш паводзіць сябе дрэнна, мы не зможам табе дапамагчы, і ты будзеш тут сядзець 15 гадоў. Яшчэ казалі, што і жонка, і дзеці ў іх пад кантролем, і дзяцей я не ўбачу».

Рэпрэсіі праз пакаленні: дзед адседзеў 10 гадоў і не меў права вярнуцца ў Беларусь

Супрацоўнік КДБ на вачах у Міхала, трымаючы ў руках ягоных тэлефон, напісаў у некалькіх тэлеграм-каналах ад ягонага імя абразы ў бок Лукашэнкі і заклікі «вешаць мянтоў».

«Ён сказаў – мы зараз гэта запратакалюем і калі ты будзеш паводзіць сябе не так, як мы таго хочам, будзеш за гэта сядзець», – узгадвае лекар.

Каб уратаваць сябе і сям’ю, Міхал на ўсё пагаджаўся, але адначасова шукаў шляхі, як папрасіць аб дапамозе. Гэта было складана, але ўрэшце атрымалася. Дэталёва распавесці, як планавалася эвакуацыя, лекар не можа з меркаванняў бяспекі ўсіх удзельнікаў.

З Расеі сям’я Самборскіх прыляцела ў Арменію, дзе атрымала польскія гуманітарныя візы і такім чынам апынулася ў Польшчы ў лагеры ўцекачоў.

Міхал зазначае, што ў пэўным сэнсе паўтарае лёс свайго дзядулі па бацьку, які некалі змагаўся з савецкім рэжымам і быў за гэта рэпрэсаваны.

«У мяне маці з Украіны, дзядуля па бацьку з Беларусі. Падчас другой сусветнай вайны быў у палоне, потым удзельнічаў у Беларускай краёвай абароне – вайсковай арганізацыі, створанай немцамі для змагання з саветамі, туды немцы набіралі этнічных беларусаў з вышэйшай адукацыяй для працы. А дзед у Варшаве вывучыўся на інжынэра-хіміка. У выніку ён працаваў як перакладчык і рэдактар газеты на беларускай мове, – распавядае лекар. – Потым трапіў да амерыканцаў з іншымі палоннымі, яны перадалі іх назад у СССР, дзе мой дзед атрымаў 15 гадоў турмы. Адсядзеў 10, быў вызвалены па амністыі. Будаваў чыгунку Варкута-Лабытнангі. Распавядаў пра жахлівыя ўмовы, што было горш, чым у немцаў. Пасля вызвалення ён не меў права ехаць у Беларусь, так і застаўся ў Расеі».

У Расеі – у горадзе Ніжні Тагіл Свярдлоўскай вобласці – нарадзіўся бацька Міхала і ён сам.

Міхал кажа, што сямейная гісторыя, якую не хавалі ад дзяцей, моцна паўплывала на ягоны светапогляд. Да таго ж, у сям’і пастаянна гучала беларуская мова, дзецям распавядалі беларускія казкі.

Міхал Самборскі. Фота прадставіў суразмоўца

«У горадзе было шмат сем’яў з падобнымі гісторыямі. Была беларуская дыяспара. Нават касцёл там быў, дзед туды хадзіў яшчэ ў 80-я гады», – распавядае медык.

«Пачаліся паборы на Данбас, я прадаў усё і пераехаў у Беларусь»

Ужо пасля сканчэння ўніверсітэту, калі пайшоў працаваць, Міхал глыбока зацікавіўся сваімі каранямі і беларускай мовай ды культурай. Пачаў вывучаць гісторыю, камунікаваць з беларускай супольнасцю.

«Але ўрэшце я перастаў да іх хадзіць, бо мяне расчараваў іхны канфармізм. Там з беларускага былі дранікі ды танцы, фестываль самадзейнасці раз на год. Ім не патрэбны былі гістарычныя веды, праўда пра тое, што было з Беларуссю і беларусамі. Мне такое было нецікава», – кажа медык.

Рашэнне аб пераездзе на радзіму продкаў – у Беларусь – стала спець пасля 2014 года і анексіі Крыму.

«Пагоршыліся ўмовы працы і жыцця. Значна зменшылася фінансаванне. Я там шмат чаго зрабіў, ініцыяваў у раёне – нэанаталагічную службу, напрыклад. Калі я туды прыйшоў, там былі тэхналогіі 80-х гадоў. У 2014 сказалі, што грошай не будзе, іншыя прыярытэты – Крым, Данбас. Пачалася прапаганда, паборы. З заробку трэба было аддаваць грошы на дапамогу Данбасу, – распавядае Міхал. – Гэта мяне прынцыпова закранула, я не мог пагадзіцца, каб мае грошы пайшлі на закуп зброі. У выніку я прадаў тое, што меў у Расеі і з сям’ёй пераехаў у Бабруйск у сакавіку 2016 года».

Перад пераездам Міхал разаслаў сваё рэзюмэ ў медычныя ўстановы Беларусі. Яго шмат дзе былі гатовыя ўзяць, аднак у зусім маленькія гарадкі лекар не хацеў ехаць. Урэшце выбар спыніўся паміж Воршай, Барысавам і Бабруйскам.

«Мы падумалі, што Бабруйск – найлепшы варыянт, у прыватнасці, для адукацыі дзяцей. Але на месцы я сутыкнуўся з сюрпрызам – у такім вялікім беларускім горадзе не было ніводнай беларускамоўнай школы і ніводнага беларускамоўнага класу», – кажа мужчына.

«Рэжым забраў у мяне ўсё, што я меў»

Міхал хацеў, каб у Беларусі ягоныя дзеці вучыліся па-беларуску.

«Я раней ездзіў да сваякоў у Беларусі ў Менск, Ліду, мяне цешылі беларускамоўныя шыльды, абвяшчэнне прыпынкаў па-беларуску ў транспарце, так я і думаў у выніку, што гэта хараство, а не жыццё. У параўнанні з Расеяй было чыста на вуліцах, мала п’яных, бяздомных. А прыехаў і сутыкнуўся з крыху іншай рэчаіснасцю», – распавядае медык.

Інтэрв’ю
Педыятр Мая Церакулава, якая ўцякла з Беларусі ад рэпрэсіяў, стварыла YouTube-канал пра дзіцячае здароўе
2023.10.22 08:30

Не ўпасці ў адчай дапамагло тое, што як раз у гэты перыяд – у 2015 – 19 гадах у горадзе пачаўся росквіт цікавых беларускіх культурніцкіх ініцыятываў. Працавалі курсы «Мова Нанова», адкрываліся розныя ўстановы, арганізоўваліся мерапрыемствы, прыязджалі беларускія культурныя дзеячы са сталіцы. Міхал таксама ездзіў у Менск на розныя імпрэзы. Выглядала, нібы беларускасць перажывае адраджэнне і пашыраецца ўсё больш і больш.

«Цяпер гэта ўсё знішчана, задушана, згублена. Шмат людзей, якіх я вельмі паважаў ці былі вымушаныя ўцячы, ці сядзяць у турмах. Рэжым забраў у мяне ўсё, што я меў», – кажа лекар.

Аднак, наш суразмоўца стараецца не ўпадаць у дэпрэсію.

«Ёсць надзея, што так ці інакш гэта ўсё не надоўга. Я не магу дапусціць, што так будзе заўсёды. Магчыма, мірных механізмаў ужо не засталося, але хоць якія. Я і сам хачу паспрыяць таму, каб на свае вочы ўбачыць вольнай нашую краіну», – кажа Міхал.

«Нашых продкаў пераследавалі, але яны здолелі захаваць Беларусь, і мы зможам»

Разам з сям’ёй лекар стараецца знаходзіць пазітыўныя бакі ў сітуацыі, у якой яны апынуліся.

Міхал Самборскі. Фота прадставіў суразмоўца

«Я працаваў у Бабруйску, і ўсё ў мяне было стабільна, звычайна. А тут я трапіў у такія абставіны, якія вымушаюць мяне актыўна шукаць нейкае вырашэнне праблемаў. Гэта трэнінг для сябе, нібыта мне зноў 25, у мяне нічога няма і ўсё трэба пачынаць з нуля – і жытло, і працу. Думаю, гэта карысна для чалавека. Калі ўсё стабільна цячэ, чалавек старэе хутчэй. Гэта як з мышцамі – калі імі карыстаешся, то маеш добры фізічны стан, а калі не, то ты слабееш і ўсё. Тое самае з псіхікай. Ёй патрэбныя трэніроўкі, а новая краіна, мова – выдатны шанец для гэтага», – кажа мужчына.

У Польшчы вельмі падабаецца дзецям Міхала. Старэйшая дачка Самборскіх ужо дарослая, жыве самастойна. Сярэдняя пайшла ў 7 клас, школа прыйшлася ёй вельмі даспадобы. Малодшая ходзіць у садок. Міхал зрабіў пераклады сваіх медычных дакументаў. У траўні-чэрвені наступнага года спадзяецца здаць экзамен па медычнай польскай мове, а ўвосень – медычны экзамен для пацверджання дыплому, каб пачаць працаваць лекарам у Польшчы.

У той жа час, нягледзячы на дакладны план уладкавання свайго жыцця ў Польшчы, Міхал хоча вярнуцца ў Беларусь.

«Дзеці не вельмі падтрымліваюць гэтае жаданне, і старэйшая, і сярэдняя дочкі сказалі, што хочуць застацца ў Польшчы. Але гэта іхныя справы і рашэнне. Мы як бацькі павінны ім дапамагаць захаваць у сабе беларускасць, але адначасова рэалізавацца і не перашкаджаць, – кажа лекар. – А самі мы з жонкай пры першай магчымасці паедзем дамоў. Я перакананы, што нас чакае вольная, дэмакратычная цывілізаваная Беларусь. Нашыя продкі змагаліся за радзіму, іх пераследавалі, забівалі, але яны здолелі захаваць Беларусь, і мы зможам».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў