«Павялічым здабычу лекараў». Станіслаў Салавей пра ініцыятывы ўлады пазбаўляць медыкаў дыпломаў


Прапанова Лукашэнкі забіраць дыпломы ў лекараў, якія не працуюць па спецыяльнасці, выклікана жаданнем спыніць іх ад’езд за мяжу, лічыць Станіслаў Салавей, лекар, акушэр-гінеколаг, прафсаюзны актывіст. На яго думку, улады гатовыя пайсці на любыя самыя «дзікія» рашэнні ў гэтым пытанні, паколькі іх задача «выжыць».

Скорая медицинская помощь, 103, неотложная помощь, медпомощь, Минск, Беларусь
Экіпаж машыны хуткай медычнай дапамогі выгружае пацыента ў прыёмным аддзяленні лякарні. Менск, Беларусь. 25 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

«Накіраванасць гэтай пастановы можа быць толькі адна – спыніць эміграцыю лекараў з краіны», – заявіў Станіслаў Салавей у каментары «Белсату».

Ён нагадаў, што ёсць яшчэ і другая катэгорыя ўладальнікаў дыпломаў медычных ВНУ, якіх можа закрануць гэтае рашэнне – гэта тыя, хто сышоў з прафесіі ў іншую сферу. Аднак для іх гэта рашэнне ўжо не мае значэння, лічыць ён.

Hавiны
Улады прызналі: у Беларусі бракуе анестэзіёлагаў, рэаніматолагаў, стаматолагаў
2023.09.24 18:14

Працаваць за мяжу зʼязджаюць не толькі медыкі, але і прадстаўнікі іншых прафесій, але пакуль адбіраць дыпломы плануюць толькі ў іх. Такую павышаную ўвагу да лекараў Станіслаў Салавей тлумачыць сацыяльнай адчувальнасцю гэтага пытання – «улады працягваюць казыраць тым, што ў краіне бясплатная медыцына, хоць гэта і не так».

Наш суразмоўца не сумняецца, што чыноўнікі выканаюць указанне Аляксандра Лукашэнкі:

«Тое, што варʼяцкія думкі нашага дыктатара Міністэрства аховы здароўя рэалізуе і даволі хутка, гэта факт, таму няма ніякіх падстаў казаць, што гэта проста брэдні старога дзеда, якія не трэба слухаць. Не, гэта не так. Калі гэта агучана, значыць, гэта пачута. Прынамсі ў Міністэрстве аховы здароўя».

Станіслаў Салавей бачыць некалькі варыянтаў выканання даручэння Лукашэнкі.

Hавiны
У Магілёве судзяць двух дактароў паводле «справы артапедаў»
2023.09.23 16:55

«Рэалізаваць гэта вельмі і вельмі лёгка. Працоўная кніжка ў нас захоўваецца на працы? Цяпер і дыплом будзе захоўвацца на працы», – разважае ён.

На думку эксперта, улады могуць наогул перастаць выдаваць дыплом на рукі выпускнікам, а адразу перасылаць іх поштай па месцы размеркавання.

«Захочаш звольніцца і перайсці на працу ўмоўна кажучы ў пятую лякарню гораду Магілёў? Без праблем. Курʼерская служба спецыяльная туды яго перавязе, але ў рукі ты яго не атрымліваеш. Гэта такі самы просты варыянт. Логіка простая – няма дыплома і што ты пакажаш у польскай лекарскай хаце», – мяркуе Станіслаў Салавей.

Увесці падобную практыку ўлады могуць наогул у адзін дзень, выдаўшы адпаведны ўказ, лічыць наш суразмоўца: «выдаць указ, каб заўтра ўсе прынеслі дыпломы і пакінулі іх тут». Можа быць і больш мяккі варыянт – увесці новае патрабаванне для маладых спецыялістаў, якім пачнуць выдаваць на рукі дыплом толькі пасля адпрацоўкі.

«Для іх чалавек – гэта проста працоўны рэсурс. Калі лекар – гэта дэфіцытны працоўны рэсурс, ну то павялічым здабычу лекараў. Гэта такое, сардэчна запрашаем у рабства», – лічыць Станіслаў Салавей.

Што тычыцца наступстваў і эфектыўнасці, то ў кароткатэрміновай перспектыве, улады могуць дамагчыся жаданай мэты, і хто-небудзь з тых, хто планаваў, не зможа хутка зʼехаць, калі яму не аддадуць дыплома, тады як «наступствы ўдоўгую будуць страшныя», – мяркуе ён.

«Гэта адабʼецца на ўзроўні адукацыі, таму што больш матываваныя студэнты сыдуць з нашых універсітэтаў», – лічыць лекар.

Ужо цяпер тыя маладыя людзі, якія задумваюцца пра паступленне ў медычныя ВНУ, могуць выбраць не беларускія. Калі не еўрапейскія, то ў крайнім выпадку расейскія.

Заява Лукашэнкі падштурхне да больш хуткага прыняцця рашэння тых, хто ўжо гатовы да адʼезду, але імкнецца па максімуму вырашыць нейкія арганізацыйныя пытанні («падвучу яшчэ мову трошачкі, падрыхтуюся лепей і пераеду»).

«Гэта дрэннае рашэнне, але іх мэта выжыванне і цяпер задача – утрымаць медыкаў, і яны прыдумляюць самыя простыя, як ім здаецца, метады – проста забараніць», – канстатуе Станіслаў Салавей.

Ён не выключае, што спосабы ўтрымаць медыкаў у краіне могуць прыняць і больш мудрагелістыя формы:

«Лекараў пачнуць за вывучэнне польскай мовы асуджаць на 3-4-5 гадоў хатняй хіміі і прымушаць, каб яны ў гэты перыяд проста хадзілі з працы і на працу. Цяпер складана здзівіцца таму, што яны робяць. Могуць увесці дазвольны прынцып выезду за мяжу, або сінхранізаваць свае дзеянні з Расеяй забараніць выезд наогул», – мяркуе суразмоўца «Белсат».

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Менскі раён 27 кастрычніка гаварыў аб праблеме нястачы кадраў у сістэме аховы здароўя і прапанаваў адбіраць дыпломы ў дактароў, калі яны не працуюць паводле спецыяльнасці.

Hавiны
Лукашэнка прапанаваў забіраць дыпломы ў дактароў, якія не працуюць паводле спецыяльнасці
2023.10.27 17:43

belsat.eu 

Стужка навінаў