Падаляк: Лукашэнка – не здраднік, а расейская марыянетка, перамовы з якой бессэнсоўныя


Анатоль Лябедзька, дарадца абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай, 1 верасня ўзяў відэаінтэрв’ю ў Міхаіла Падаляка, дарадцы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, аб стратэгіі ўкраінскай улады ў беларускім пытанні.

Міхаіл Падаляк адзначыў, што Уладзімір Зяленскі «паступова мяняе сваю пазіцыю» адносна працэсаў у Беларусі: ён ужо наўпрост кажа, што пасля падзення расейскага рэжыму Уладзіміра Пуціна ў Беларусі павінна пачацца «іншая эпоха» і палітычная трансфармацыя. Паводле Падаляка, Зяленскі бачыць, што «Беларусь неаднародная» і што тых, хто падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, «значна менш, чым хтосьці можа сабе ўявіць» – і ў гэтай часткі насельніцтва «мала шанцаў з гістарычнага пункту гледжання доўга існаваць».

Калі Зяленскі патэлефануе Святлане Ціханоўскай? Падаляк адказаў на гэтае пытанне Лябедзьку, што не ведае такога, але пазіцыі Украіны і дэмакратычнай часткі Беларусі «мякчэюць», таму ў нейкі момант дыялог афіцыйнага Кіева з «альтэрнатыўнай Беларуссю» пачнецца.

Hавiны
Зяленскі адказаў Ціханоўскай на словы пра дапамогу ў вызваленні Беларусі
2023.08.27 22:37

Анатоль Лябедзька выказаў здагадку, што да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў кіеўскіх уладаў Беларусі «не было на палітычных радарах», «усё зводзілася да банальнага „купі-прадай“». Падаляк пагадзіўся: Беларусь не разглядалі як самастойны суб’ект, які «мае права на самастойную знешнюю палітыку», а ў Лукашэнку бачылі чалавека, які добраахвотна адмовіўся ад суб’ектнасці, а пасля выбараў-2020 –  «незаконнага гаспадара», які «трымае Беларусь у закладніках».

Лукашэнка доўгі час быў самым папулярным замежным палітыкам у пытаннях украінцаў. Падаляк патлумачыў гэта простым няведаннем: маўляў, калі не ведаеш, будзеш будаваць свае міфы і верыць ім. Лябедзька адзначыў, што няведанне было ўзаемным: беларусам таксама не хапала ведаў пра Украіну. Украіна, адзначыў Падаляк, доўгі час жыла міфамі таксама і пра Расею. Зараз жа Лукашэнка ва Украіне «выклікае максімальную агіду» як саўдзельнік многіх злачынстваў на тэрыторыі Украіны.

«Безумоўна, ён не здраднік, – адзначыў Падаляк пра Лукашэнку. – Ён стандартная марыянетка з малым аб’ёмам самастойных кампетэнцый».

На думку Падаляка, цяпер улады Украіны ўспрымаюць Лукашэнку гэтак жа, як былога прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева: задача абодвух – палохаць замежныя эліты, рабіць пустыя, але грозныя заявы. Таксама яго разглядаюць як «адсутнага персанажа, з якім не будзе звязаная будучыня Беларусі», таму не бачаць сэнсу яго яксьці вывучаць.

Рэпартаж
Што рабіць, каб палепшыўся беларуска-ўкраінскі дыялог? Дыскусія на фэсце «Яднайся»
2023.06.14 20:37

Падаляк удзельнічаў у перамовах паміж Украінай і Расеяй у першыя дні поўнамаштабнай вайны. Гэтыя перамовы праходзілі ў Беларусі, і Падаляка на іх пусцілі, хоць яму забаранялі ўезд у Беларусь пасля дэпартацыі з ініцыятывы Камітэту дзяржаўнай бяспекі ў 2004 годзе – тады Падаляк быў рэдактарам беларускай газеты «Время» і, па версіі КДБ, «паклёпнічаў аб рэальным становішчы ў краіне».

У тых перамовах, мяркуе Падаляк, у Лукашэнкі не было ніякай ініцыятывы.  «Адзіным рэальна думаючым чалавекам» з беларускага боку быў цяпер нябожчык міністр замежных спраў Уладзімір Макей, які разумеў наступствы для Беларусі і стараўся садзейнічаць урэгуляванню не на ўмовах Расеі. Падаляк дапускае, што Макей быў забіты па палітычных прычынах.

Падаляк выказаў неразуменне таго, што патрабуе Польшча ад Лукашэнкі: вываду з краіны баевікоў групы Вагнера і спынення нелегальнай міграцыі. Ён пытаецца: няўжо Польшча гатовая сесці за стол з Лукашэнкам, які ўвесь час падманвае? Кіеў, кажа Падаляк, на перамовы з Лукашэнкам не пойдзе. Ён адзначыў, што Лукашэнка адкрыта і афіцыйна дапамагае Расеі ў вайне супраць Украіны, і спытаў, ці выконваў Лукашэнка хоць раз з 1994 года ўзятыя на сябе абавязацельствы?

«Якія плюсы вы хочаце атрымаць, дамовіўшыся з Лукашэнкам аб невыканальным з яго боку?» – спытаў Падаляк. На яго думку, Лукашэнка не толькі залежны ад Расеі, але і мае псіхічнае расстройства.

Лябедзька ўзгадаў пра беларускіх валанцёраў і актывістаў ва Украіне: пара байцоў палка Каліноўскага, хлопец і дзяўчына, не могуць зарэгістраваць шлюб; валанцёры-беларусы не ўпэўненыя, што іх пусцяць ва Украіну пасля выезду, хоць яны прайшлі паліграф Службы бяспекі Украіны; яго самога не хацелі пускаць у аўтобус з Львова праз беларускі пашпарт… Лябедзька прапанаваў арганізаваць сустрэчы беларускіх актывістаў і жаўнераў з украінскімі дэпутатамі, развязаць вострыя пытанні і «расставіць акцэнты». Падаляк паабяцаў гэтаму паспрыяць.

Падаляк заявіў, што ва Украіне да многіх праеўрапейскіх беларусаў ставяцца з вялікай сімпатыяй (ён успомніў пра Міхаіла Жызнеўскага, забітага на Еўрамайдане ў 2014 годзе), але афіцыйная Беларусь «прыклала шмат намаганняў да дыскрэдытацыі слова Беларусь і беларускага грамадзянства ў прынцыпе».  У кожнай краіне ёсць пэўны хаос і бюракратызацыя – прыбраць гэта ва Украіне ва ўмовах вайны немагчыма, але сістэмныя або ручныя рашэнні будуць шукаць.

Ідэя ўкраінскага актывіста і палітыка Сяргея Прытулы аб рэпарацыях Украіне ад Беларусі – гэта не афіцыйная пазіцыя ўладаў Украіны, распавёў Падаляк.  Прытула мае права на свой пункт гледжання, але Падаляк лічыць, што Беларусь зможа даказаць, што знаходзілася пад частковай акупацыяй Расіяй. Дыскусію аб рэпарацыях Падаляк лічыць пакуль не актуальнай, больш важным лічыць пытанне адмысловага трыбуналу, у рамках якога можна вырашыць і пытанне аб рэпарацыях.

Hавiны
Улады Беларусі не захацелі забіраць палонных, якіх Пазняк прапанаваў мяняць на палітвязняў
2023.08.25 21:11

Будучы сыход Лукашэнкі Падаляк звязвае з рэвалюцыяй у Беларусі пасля паразы Расеі ў вайне ва Украіне. У момант «крушэння Расеі», упэўнены ён, на волю выйдуць усе беларускія палітвязні: Лукашэнка будзе спрабаваць весці гандаль імі, «пакуль не ўцячэ кудысьці».

«Не існуе ніводнага сцэнару, у якім Беларусь не будзе незалежнай, дэмакратычнай і свабоднай краінай», – заявіў Падаляк.

У залежнасці ад паставак заходняй тэхнікі і боепрыпасаў, вайна можа доўжыцца месяц ці год, лічыць Падаляк, але ўзброеныя сілы гатовыя ваяваць у поўным аб’ёме.  Вайну, працягвае ён, трэба давесці да паразы Расеі, інакш шанцаў на свабоду ў агляднай будучыні не будзе ні ў Беларусі, ні ва Украіны.  Любая замарозка вайны прывядзе ў тым ліку да яшчэ большай агрэсіі з боку Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў.

Падчас інтэрв’ю прагучала паветраная трывога, Аднак Падаляк не перапыніў трансляцыю.

Алесь Наваборскі / УК belsat.eu

Стужка навінаў