«Рукі сумуюць па зброі». Споведзь беларускага ваяра Ліса пра тое, як балюча жыць пасля вайны


Беларускі добраахвотнік Аляксандр з пазыўным Ліс вярнуўся з вайны ва Украіне ў студзені 2023 года. Гэта ўжо другая ягоная спроба знайсці сябе ў цывільным жыцці. Цела вярнулася – галава яшчэ там, кажа ён. Адаптавацца дапамагае верны сабака Сэм, сеансы з псіхолагам і нататкі пра вайну, якія піша ў ночы бяссоння. Размаўляем з Лісам пра тое, як цяжка бывае вярнуцца да сябе ранейшага, калі рукі сумуюць па зброі…

Аляксандр Ліс са сваім сабакам Сэмам. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

Аляксандр Ліс: – Атрымліваецца так: ты прыязджаеш з месца, дзе праходзяць баявыя дзеянні, і у цябе за спінай вялікі заплечнік, поўны цяжкога багажу і новага досведу. Імгненна ты яго зняць не можаш, а іншыя людзі хочуць, каб ты яго скінуў адразу і быў як раней і як усе. Не разумеюць, што твая галава, твае мазгі і твае думкі яшчэ там, на вайне. Для цела ўжо ўсё, быццам бы, скончылася, а галава яшчэ – там.

«Белсат»: – Якія рэчы дапамагаюць табе зараз вярнуцца да мірнага жыцця і да сябе? Камунікацыя, кнігі, музыка? Ёсць яшчэ добрае віскі…

– Больш за ўсё – мой сабака. Мой Сэм. Лабрадор, яму яшчэ толькі 10 месяцаў. Сапраўдны сябар, які вельмі тонка адчувае, калі мне дрэнна. Проста падыходзіць і цягне на вуліцу. Бывае, выцягвае з такіх накрутак у галаве… Ну і яшчэ праца з псіхолагам. Гэта таксама дапамагае.

Алкаголь – не.  Я не ведаю, наагул, каму ён можа дапамагчы. Таму што калі ты вяртаешся, у цябе нервовыя канчаткі ўсе траўмаваныя. П’еш ці не пʼеш – проста не адчуваеш апʼянення. Гэта бессэнсоўна.

«Горы – найлепшы псіхолаг»

– Па другім вяртанні прайшло ўжо чатыры месяцы. Дагэтуль працуеш з псіхолагам?

– Так, гэта мой ужо трэці псіхолаг. Камунікуем онлайн, ён у Кіеве. Я трымаюся за яго, бо за адзін-два сеансы ён ужо мне дапамог, я лічу. Я прапусціў, праўда, нядаўна адзін сеанс, бо на свае народзіны ездзіў у горы. І я табе скажу: горы – найлепшы псіхолаг, горы лечаць. Так, быў там адзін. Колькі споўнілася? Дай падлічу… 32 гады мне.

– Добра, што маеш і горы. З кіеўскім псіхолагам вы проста размаўляеце – і ты скідваеш гэты багаж і гэты боль? Як гэта адбываецца?

– Гэтак, як ты кажаш, працуюць класічныя псіхолагі, а мы зараз больш на адчуваннях працуем. Яна хоча, каб я адчуў сваё цела, каб я зразумеў, адкуль прыходзіць агрэсія і які патрэбны інструмент.  Галоўны інструмент для мяне зараз – глядзець у адну кропку. Гляджу ў адну кропку і стараюся ні пра што не думаць. Бывае такое, ведаеш, калі «заліпаеш» у нешта, і тое, пра што думаў раней, знікае. Спрабую так пераключацца. Галоўнае, каб усё цела было расслабленае.

Сабака па мянушцы Сэм. Калаж: асабісты архіў героя

– Праблема з агрэсіяй, якая «прыходзіць», – асноўная праблема, з якой сутыкнуўся па вяртанні з вайны?

– Я так скажу, спачатку ты прыязджаеш, і нібыта няма ніякіх праблем – вайна за спінай, мірны час. Спакойна можаш замовіць бульбачкі з мясам у любімай установе. А потым – пачынае сыпацца, сыпацца і сыпацца… І вось калі ў галаве тваёй ужо тысяча праблемаў, тады пачынаецца дыскамфорт, мякка кажучы.

Першае: фінансавыя праблемы. Вось ты кажаш, што ў мяне ёсць горы. Але каб мець горы, патрэбныя грошы. Я ў Польшчы з 2018 года, меў добрую працу. Але калі на доўгі час зʼязджаеш з дому – а я быў ва Украіне агулам каля 9 месяцаў, – то вяртаешся і разумееш, што ты ўвесь у даўгах. А ў мяне сын, і я павінен падтрымліваць сямʼю. Да таго ж у студзені 2023-га скончылася мая карта побыту, і, пакуль не атрымаю статус міжнароднай абароны, я не буду мець доступу да рынку працы.

Потым пачаліся і больш глыбокія праблемы. Я калі першы раз вярнуўся, у ліпені 2022-га, ужо тады былі праблемы з камунікацыяй. Пайшоў на працу і зразумеў, што не магу па-ранейшаму ні працаваць, ні размаўляць з людзьмі. Праяўляў агрэсію. Таму і паехаў зноў ва Украіну, бо не знайшоў сабе тут месца.  Калі другі раз вярнуўся, то зусім бяда. Псіхалагічныя праблемы нікуды не зніклі. Бяда з камунікацыяй, бяда – з успрыманнем свету. Усё бачыш у такім чорна-белым святле, становішся радыкальным, ёсць толькі «так» і «не». Ну, як на вайне…

– Падчас размовы з іншым чалавекам ты мог сарвацца?

– Да крайнасцяў не даходзіла, але так, мог.  Людзям, якія жывуць у мірным жыцці, незразумела, чаму так на іх рэагуюць і так да іх ставяцца. Мне б таксама было незразумела на іхным месцы. Троху жыццё памянялася, і не ў іх памянялася, а ў мяне, у хлопцаў, якія вярнуліся адтуль.  Ім таксама зараз не салодка, бо гэта такая барацьба з самім сабой. Вось і ўсё. Ты ўжо быццам і не ваюеш, але ўнутры працягваецца барацьба.

Ліс падчас удзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне і разам са сваім сабакам Сэмам у Польшчы. Калаж: асабісты архіў героя

«Пішу кнігу, каб паказаць людзям вайну»

– Ты сказаў, што меў добрую працу. Калі атрымаеш статус уцекача, цябе возьмуць назад?

– Я аператар-праграміст станкоў з ЛПК (г. зн. – з лічбавым праграмным кіраваннем, заўв. «Белсат»), добры спецыяліст. То бок я змагу туды вярнуцца. Іншае пытанне: ці змагу я туды вярнуцца новым? Як табе патлумачыць?.. Ці не захачу я сам пайсці ў іншую сферу? Напрыклад, тактычным інструктарам. Бо гэта стала так блізка, і ў галаве такое, што без зброі я не магу сябе камфортна адчуваць. У гэтым таксама праблема, я лічу.

– Рукі сумуюць па аўтамаце?

– Так. Ёсць такое. Ды ва ўсіх такое ёсць, хто вяртаецца адтуль.

–  Таму ты садзішся за клавіятуру і пішаш кнігу пра вайну? Ужо думаў над назвай кнігі?

– Не, проста запісваю думкі. Ведаеш, гэта так адбываецца: не магу заснуць, бяру ноўтбук і запісваю тое, што ў галаве. З Украіны засталося шмат запісаў у нататніку. Паметак – цемра. Калі вярнуўся, спачатку проста запісваў, потым у галаву прыйшла думка, а ці не выпусціць кнігу. Яна не будзе напісаная літаратурнай мовай. Гэта будзе просты аповед салдата, які быў на вайне. Просты і ўсім зразумелы. Нічога не выдумляю, нічога не выкрэсліваю і не прыбіраю, ніякай цэнзуры.

Мне тут параілі звярнуцца да прафесійных пісьменнікаў, маўляў, накідаеш ім тэзісы, а яны ўсё напішуць. Але… мне не хацелася б так, таму што гэта ўжо будуць не мае словы і не мае пачуцці.

Гісторыі
«Спрабую змагацца з дэманамі – і прайграю ўсухую». Споведзь Чарлі – былога ваяра палка Каліноўскага
2022.11.13 09:00

– Можаш працытаваць які-небудзь урывак?

– Не, пакуль нічога не буду цытаваць. Я ў прынцыпе пачаў пісаць толькі для сябе. Але адзін знаёмы паглядзеў, потым другі, і кажуць: а чаму б і не кніга? І я пачаў гэта рабіць, каб паказаць людзям вайну. Бо, разумееш, да вайны падрыхтавацца нельга, а кніга дасць нейкае ўяўленне аб ёй, каб людзі разумелі хоць штосьці, перад тым як рабіць нейкі выбар ці прымаць рашэнне.

– Гэта будзе страшная кніга?

– Гледзячы для каго. Звычайным людзям будзе нязвыкла чытаць такое. 90 % людзей, напэўна, і не падазраюць, што гэта такое насамрэч – вайна. Не кажу зараз пра ўкраінскі бок, бо ва Украіне зараз усе адчулі, што гэта такое, нават цывільныя. Людзі на Захадзе бачаць вайну ў «ТыкТоку», «Тэлеграме» ды ў тэлевізары, а гэта не раскрывае сапраўднай праўды і праблемы. Гэта ўсё толькі інфанагоды, выгадныя для кагосьці. Цэласнай карціны няма.

«Назапасілася: галаўныя болі і з вокам бяда»

– Ужо ў сакавіку 2022 года ты прымаў першы бой. Чаму вырашыў паехаць ваяваць?

– Пабачыў, як пакутуюць мірныя жыхары. Як пакутуюць дзеці. Гэтыя бамбаванні радзільняў, лякарняў… І сказаў сабе: калі я змагу зрабіць так, каб гэтая вайна доўжылася на адну секунду менш, дык мушу туды паехаць.

– Ты працаваў разам з Дзімам Тэрорам, быў сведкам ягонай гібелі. Які гэта быў чалавек?

– Мужчына з вялікай літары. Вельмі адукаваны, начытаны, разумны хлопец і сапраўдны ваяр. Дапамагаў мне ва ўсім. Я як прыехаў, адразу ж скінуў мне нейкія матэрыялы, каб я падрыхтаваўся. І яшчэ ён быў вельмі пазітыўны. Ён усіх і выцягваў. Мы паехалі ў Ірпінь, і ніхто не чакаў, што там будзе. Дзіма Тэрор і Паша Борт усіх выцягвалі, каб ніхто не хваляваўся і ніхто не паплыў… Страта вельмі цяжкая для ўсіх нас.

– Потым былі баявыя выезды ў Херсонскім накірунку. Што згадваецца?

– Успамінаецца Аляксандраўка. Мы заўсёды працавалі на першай лініі, адыходзілі ў шэрую зону. Пасля нас замацоўвалася пяхота… Праца. Я ўспрымаў гэта як працу. Не ведаю. Нічога не забываецца, вось што я скажу. Нічога не забываецца.

Ліс падчас удзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне.
Фота: асабісты архіў героя

– Абышлося без раненняў?

– Ну, цяжкіх раненняў не было, а якія былі, дык я не звяртаў на іх увагі, проста працягваў працаваць далей і нікому не казаў. Але ў мяне зараз эрозія рагавіцы, праблемы з вокам. Раніцай устаю і не магу памыць твар, ведаючы, што вока будзе так балець і рэзаць, аж немагчыма на святло глядзець.

Нешта трапіла туды, гэта яшчэ пасля Ірпіня было. Калі пад Аляксандраўку паехалі, вока ўжо моцна цякло. Папрасіў хлопцаў з групы нікому не казаць, бо вельмі хацеў паехаць – такі настрой быў, зараджаны, і не хацелася гэта губляць. Былі і лёгкія кантузіі, але таксама не надаваў гэтаму значэння. Зараз адчуваю, што ўсё гэта назапасілася: галаўныя болі і з вокам бяда.

– Ці звяртаўся да лекара?

– Так, ён паглядзеў, выпісаў мне лекі і параіў абследавацца. Крапаю антыбіётыкі. Хлопцы з Асацыяцыі ветэранаў шукаюць спецыяліста зараз, каб я прайшоў дыягностыку. Ведаеш, хочацца знайсці такі цэнтр, каб легчы – і там усё зрабілі: і МРТ вока, і ўсё астатняе. Але ў Польшчы так: спрабаваў запісацца на МРТ, і мне сказалі, што давядзецца пачакаць паўгода ці нават год. Вось у чым праблема.

«Каб грамадства прымала і разумела нас»

– Якія, на твой погляд, базавыя захады павінны рабіць дзяржава і грамадства ў дачыненне людзей, якія вяртаюцца з вайны?

– Проста скажу зараз, як я гэта бачу. Любога чалавека, які вяртаецца пасля баявых дзеянняў – усё адно, у Польшчу, Літву ці куды-небудзь яшчэ – дзяржава мусіць паставіць на ўлік. Бо, груба кажучы, такі чалавек можа быць пагрозай для грамадства. Таму што мы прывыклі вырашаць праблемы зусім іншым шляхам і бачым свет па-іншаму. Каб не нашкодзіць ні сабе, ні іншым, кожны павінен прайсці праз псіхолага і псіхіятра, а ўвогуле – праз поўнае медычнае абследаванне, аператыўнае і бясплатнае. Калі ўсё ў парадку – атрымай даведку, дакумент, як гэта робіцца ў Амерыцы, дзе чалавека проста так не выпускаюць у мірнае жыццё.

Ліс падчас удзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне. Калаж: асабісты архіў героя

Тут трэба неяк дамаўляцца з уладамі тых краінаў, куды вяртаюцца беларускія добраахвотнікі, каб іх прызнавалі ўдзельнікамі баявых дзеянняў нароўні з грамадзянамі тых дзяржаваў. Бо, напрыклад, я звярнуўся ў польскую ветэранскую арганізацыю, і мне адказалі, што нічым не могуць дапамагчы, бо я грамадзянін Беларусі. Гэта трэба развязваць як мага хутчэй, пакуль нас яшчэ не так шмат. Потым будзе цяжэй.

– Неабходная і матэрыяльная падтрымка?

– Так. Хаця бы на першы час. Для тых, каму патрэбная рэабілітацыя, у каго было раненне. Ці дапамагчы з працай, таму што камусьці спатрэбіцца перакваліфікацыя. То бок вельмі шмат рэчаў, якія без дапамогі, без нейкай фінансавай падтрымкі проста не падняць.

І яшчэ. Трэба больш інфармаваць грамадства, каб яно прымала і разумела нас. Ведаеш, я, калі распавядаў пра свае праблемы, неаднойчы чуў і ад беларусаў, і ад украінцаў такое: «Дык ты ж добраахвотнік, ты ж сам туды паехаў, цябе ж ніхто не цягнуў». Гэта насамрэч самае частае, што можна пачуць па вяртанні. І такое чуць вельмі балюча.

…Так, напэўна, з усімі удзельнікамі баявых дзеянняў: і з Іраку, і з Афганістану. Не ведаю. Я недзе чытаў у аднаго псіхолага, што людзі, якія ваююць не на тэрыторыі сваёй дзяржавы, маюць больш псіхалагічных праблем. Украінцам, думаю, будзе крыху лягчэй пасля ўсяго. Беларусы нават пасля вайны не могуць вярнуцца на радзіму. А родныя сцены многім бы дапамаглі зараз. Усё накладваецца ў адно…

«Бяру Сэма і іду на шпацыр»

– Сочыш за навінамі з Украіны?

– Спачатку, ведаючы сябе, стараўся наагул гэтага не рабіць, таму што ўжо заўтра паехаў бы назад. Цяпер ужо чытаю, але не ўсё, выбіраю. Штосьці свядома не прачытваю, таму што жаданне паехаць назад усё яшчэ застаецца моцным.

– Прабач за пытанне, але гэтая чорная навіна з-пад Бахмуту, дзе загінулі беларусы…

– Цяжка гэта перажываецца, цяжка. Хоць калі з прафесійнага пункту гледжання казаць, калі казаць як салдату – то гэта вайна. Я бачыў і не такія рэчы. А калі чыста па-чалавечы, то я добра ведаў тых хлопцаў, нават вельмі добра. Гэта блізкія мне людзі, з якімі я разам працаваў. Дык вось па-чалавечы… вельмі цяжка прымаць такое.

– І тады ты выводзіш Сэма і вы ідзяце на шпацыр…

– Часта менавіта так і адбываецца.

Каб падтрымаць беларускага добраахвотніка Аляксандра Ліса, вазьміце ўдзел у зборы, зладжаным на сайце фонду BYSOL.

Гісторыі
Былы баец батальёну «Волат»: Беларусам трэба рыхтавацца да вялікай вайны
2023.04.27 07:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў