18-гадовы ветэран Глеб Гунько: Былым ваярам трэба дапамога з рэабілітацый і легалізацыяй


Ветэран беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага Глеб Гунько просіць дапамогі на ўласную рэабілітацыю і далей збіраецца дапамагаць іншым былым ваярам аднавіцца пасля вяртання з фронту і легалізаваць іх статус. Аб гэтым ветэран паведаміў ў эфіры «Белсату».

Ветэрану Глебу Гунько патрэбна падтрымка. На фота бачны QR-код, па якім можна перайсці да фінансавых рэквізітаў. 29 лістапада 2022 года. Скрыншот з эфіру «Белсату» / belsat.eu

Глеб Гунько са сваім братам трапіў пад каток рэпрэсіяў пасля пратэстаў 2022 года ў Беларусі і яшчэ непаўналетнім уцёк ад пераследу ў Польшчу. Толькі атрымаў прытулак, як пачалася вайна. Як толькі Глебу споўнілася 18 гадоў, ён пайшоў бараніць ад расейскай вайсковай агрэсіі Украіну, а з ёй разам і Беларусь. Быў на перадавой, шмат разоў рызыкаваў жыццём, удзельнічаў у вайсковых аперацыях, у тым ліку па вызваленні Бучы, што стала першым досведам на вайне.

«Гэта было вельмі цяжка, падрыхтоўка да гэтай Бучы. І калі пайшла інфармацыя, што расейцы пачалі сыходзіць, было вырашана гнаць іх, каб яны не выходзілі адтуль малой крывёю. І мы паехалі, мабыць, першай групай. Там у лясах яшчэ шмат знаходзілася расейцаў і мы іх абстрэльвалі і пасля забіралі», – паведаміў Глеб Гунько акалічнасці сваё першай вайсковай аперацыі.

Перад тым як уступіць у баявыя дзеянні, прайшоў спецыяльныя трэнаванні. Кажа, што вельмі сурʼёзна да гэтага ставіўся і атрыманыя веды потым вельмі дапамаглі. Працягваў вывучаць вайсковую справу і ўжо на фронце, вучыўся аж старэйшых пабрацімаў, глядзеў спецыяльныя ролікі і трэнаваўся. Перад уваходам ў Бучу страху не было.

«Не, страху не было, страх перакрывалі ўнутраныя пачуцці – выкананне свайго доўгу, жадане абараніць Украіну», – кажа Глеб Гунько.

Прабыў на фронце 5 месяцаў. Падчас аднаго з баёў быў паранены аскепкам і атрымаў кантузію. Падраздзяленне абстрэльвалі з мінамётаў. Разам з Глебам былі параненыя два камандзіры. А сам ён заўважыў рану толькі калі патрапіў у бяспечнае месца. Бо, пад час бою і пасля арганізм выкідвае вялікую колькасць адрэналіну, і гэта перакрывае боль. Пасля пачалі праяўляцца наступствы кантузіі, з’явіліся нейкія галасы ў галаве. Паводле Глеба, галасы казалі яму, што рабіць. Аднаго разу прачнуўшыся, пачуў, што галасы кажуць пра наступ расейцаў. «Схапіў аўтамат, вылажу з акопа, а ніякіх расейцаў няма. Камандзір мяне адцягнуў і пачаў распытваць, што адбываецца», – падзяліўся малады ветэран.

Глеб быў самым маладым ваяром палка. Адным з камандзіраў быў пасля загінулы Павел Волат. Аб ім у Глеба засталіся добрыя ўспаміны: «Мы жылі пэўны час нават у адным пакоі, я быў у першай роце, а ён быў яе камандзірам. Два месяцы былі побач, пакуль ён не загінуў. Размаўлялі шмат. У яго было багата гісторыяў, бо ён ваяваў з 2016 года. Ён быў з добрым пачуццём гумару. І ўсё гэта засталося ў ва мне. Увесь час успамінаю Паўла. Вельмі добрыя стасункі былі ў нас».

Глеб кажа, што да ранення быў увесь час на перадавой, «не там дзе «нуль», дзе прамое судакрананне з ворагам, а дзе «першая лінія». Потым яго перавялі ў Кіеў у штаб, дзе пачаў адчуваць сябе не на сваім месцы. Пачаліся абвастрацца пэўныя псіхічныя наступствы кантузіі, пачаліся панічныя атакі да двух гадзінаў запар, зноўку пачаў чуць галасы.

Прама ў падраздзяленні атрымаць медычную падтрымку не атрымалася. Таму вымушаны быў напісаць заяву аб звальненні па стану здароўя, прайшоў рэабілітацыю ў клініцы пад Кіевам. Навучыўся кіраваць сваім станам і затым вярнуўся ў Польшчу на пачатку лістапада. Расказвае, што першыя два тыдні было вельмі цяжка, увесь час хацелася вярнуцца на вайну, да сваіх пабрацімаў.

Ветэрану Глебу Гунько патрэбна падтрымка. На фота бачны QR-код, па якім можна перайсці да рэквізітаў фінансавай падтрымкі. 29 лістапада 2022 года. Скрыншот з эфіру «Белсату» / belsat.eu

Зараз Гунько збірае сродкі на рэабілітацыю, яму патрэбна каля тысячы еўра, каб адпачыць і аднавіцца. Далей плануе ўдзельнічаць у стварэнні руху ветэранаў. Кожны, хто прабыў на фронце тры месяцы, па закону – ветэран. Глеб прабыў 5 месяцаў.

«Гэта будзе ветэранскі рух, створаны былымі байцамі палка імя Каліноўскага і іншых падраздзяленняў. Ён будзе аказваць падтрымку па рэабілітацыі і легалізацыі. Гэта вельмі патрэбна. Мы чакаем, што нас падтрымаюць і іншыя беларусы, каб ветэранам было лягчэй жыць. Я прайшоў праз гэта сам, ніколі не звяртаўся па дапамогу. Але зараз зразумеў, што мне патрэбна гэта», – расказаў ветэран.

Цяпер Гунько ўспамінае полк імя Каліноўскага як прыклад яднання беларусаў, як моцнае баявое брацтва. Падобнае яднанне патрэбна ўсім беларусам. Лічыць, што «каліноўцы» змогуць адыграць сваю ролю, калі раптам Беларусь увядзе свае войскі ва Украіну.

«Будзем глядзець праўдзе ў вочы, мы гэта не зробім без братоў-украінцаў. Калі будзе такая сітуацыя, калі Беларусь пойдзе першая на Украіну, то ўкраінцам гэта развяжа рукі і яны здолеюць зняць гэты рэжым Лукашэнкі, які небяспечны і для Кіева самога. І беларусы таксама тады пойдуць вызваляць сваю зямлю», – мяркуе былы ваяр.

Частка гісторыі Глеба засталася па-за кадрам, але яе ведаюць журналісты «Белсату». Калі малады ветэран вярнуўся ў Польшчу на рэабілітацыю, высветлілася, што ў ягоным пакойчыку жыве сямʼя ўцекачоў з Украіны з маленькім дзіцём. Цяпер яны ўсе разам ушасцярых жывуць на плошчы 30 квадратных метраў. Глеб спіць на падлозе і зусім не мае ўласнай прасторы ды магчымасцяў для рэабілітацыі.

Наша рэдакцыя просім усіх нашых гледачоў і чытачоў падтрымаць Глеба на пачатку ягонага жыццёвага шляху. На рэабілітацыю і асобнае жытло Глебу патрэбна каля 1000 еўра. Заклікаем праявіць салідарнасць, бо героі не мусяць быць забытымі.

Рэквізіты для дапамогі ветэрану вайны ва Украіне:

  • PKO BANK POLSKI S.A., WARSZAWA
  • SWIFT: BPKOPLPW
  • Account: PL44102043170000560205416351
  • Yan Halko

Для пераводаў праз Pay Pal:  на імя Yan Halko

Hавiны
Рада БНР заснавала ордэн «Пагоня». Першымі ўзнагародзяць герояў, што ахвяравалі жыццём дзеля свабоды Беларусі
2022.11.26 13:00

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў