Выйшаў з друку даведнік пра беларускія могілкі за мяжой, укладзены гісторыкамі – даследнікамі дыяспараў


У серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» з’явіўся альбом-даведнік «Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце», які распавядае пра пахаванні беларусаў за мяжой, традыцыю помнікаў, эпітафіяў і сімволікі на іх.

Вокладка даведніка «Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце».
Фота: budzma.org

Аўтары альбома – Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч, гісторыкі, даследнікі спадчыны беларускай дыяспары.

У кнізе – амаль 600 старонак, шмат выяваў помнікаў, падаюцца фотаздымкі дзеячаў дыяспары разам з іх кароткімі біяграмамі.

Кніга стала вынікам даследаванняў, якія расцягнуліся больш як на чвэрць стагоддзя. Геаграфічна тут паказаныя пахаванні беларусаў у ЗША, Нямеччыне, Аўстраліі, Бельгіі, Францыі, Італіі. Могілкі ў Польшчы, Украіне ці Літве тут не згадваюцца – гэта асобная вялікая праца для будучых даследнікаў.

Асноўны масіў – пахаванні беларускіх эмігрантаў хвалі 1944 года, якія апынуліся па той бок «жалезнай заслоны»: у ЗША, Вялікай Брытаніі, Нямеччыне ці Аўстраліі. Гэта быў першы ў гісторыі выпадак масавага выгнання беларусаў, якія памяталі пра сваё паходжанне і стараліся захаваць нацыянальную ідэнтычнасць. Адсюль – не толькі подпісы па-беларуску на надмагіллях, але цэлыя сегменты для пахаванняў, якія беларусы «адваёўвалі» для сябе.

Беларускія могілкі ў Лондане.
Фота: Наталля Гардзіенка

У кнізе ёсць пра пахаванні паўстанцаў 1830–1831 гадоў, звязаных з Беларуссю мастакоў габрэйскага паходжання, эмігрантаў з блізкіх нам 1990-х гадоў. Аўтары падышлі да справы рупліва: сярод краінаў у кнізе ёсць, напрыклад, Чылі, дзе вядомае пахаванне ўсяго аднаго нашага земляка – Ігната Дамейкі. Або Данія, дзе знайшла апошні прыстанак Прадслава Шыманец (сястра Івонкі Сурвілы), якая не пражыла нават поўныя два гадочкі – памерла ў 1945 годзе.

Гісторыі
«Чым даўжэй чалавек на чужыне, тым меней шанцаў, што ён вернецца». Пра эміграцыю з Беларусі раней і цяпер
2024.01.15 07:20

Асобны падраздзел у кнізе прысвечаны помнікам, якія беларусы ўсталёўвалі ў гонар значных падзеяў – 1000-годдзя хросту або на ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну. Ёсць помнікі, фундаваныя не арганізацыямі ці парафіямі, а прыватнымі асобамі. Як манумент у Сэнт-Ільгент (Нямеччына), пастаўлены паэтам Юрыем Жывіцам, з выявай «Пагоні» і надпісам: «GEWIDMET DEN GEFALLEN BIELORUSSEN 1939–1945» («Прысвечана загінулым у 1939–1945 беларусам»).

Замовіць даведнік «Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце» можна на сайце інтэрнэт-бібліятэкі Камунікат па спасылцы.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў