Беларусь і Расея дамовіліся стварыць агульныя падручнікі гісторыі для школаў і ўніверсітэтаў


Амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў расказаў на паседжанні праграмнай камісіі партыі «Адзіная Расея» аб дамоўленасці між Беларуссю і Расеяй стварыць адзіныя падручнікі па гісторыі, піша ТАСС.

Расейскі падручнік
Расейскі падручнік «Всеобщая история» для 11 класу расказвае пра вайну ва Украіне.
Фота: Zvezdanews / Telegram

Дамову падпісалі яшчэ 25 студзеня, цяпер стала вядома, што менавіта ў ёй.

Па словах Барыса Грызлова, мае быць створаная беларуска-расейская камісія па гісторыі, у якую войдуць расейская міжведамасная камісія па гістарычнай асвеце пад кіраўніцтвам памочніка Уладзіміра Пуціна, скандальнага экс-міністра культуры Расеі Уладзіміра Мядзінскага і беларускі рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы, на чале якога кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ігар Сяргеенка.

Таксама бакі дамовіліся на стварэнне адзіных падручнікаў па гісторыі для школаў і вышэйшых навучальных установаў. Як сказаў Грызлоў, гэта важна, бо «да гэтага часу ёсць розначытанні ў разуменні вельмі важных падзей і ў гісторыі Савецкага Саюзу, і ў гісторыі яшчэ Расейскай імперыі».

«Цяпер мы дамовіліся аб тым, што мы будзем гэтыя падзеі разглядаць з адзінага пункту гледжання», – сказаў Грызлоў, не ўдакладніўшы, ці паўплывае беларускі бок на расейскае разуменне гісторыі расейскіх імперыяў.

І ў Расеі, і ў Беларусі ўлады ўсё актыўней фальсіфікуюць гісторыю, у тым ліку ў пытаннях, якія тычацца іншых народаў у складзе расейскіх дзяржаваў. Мядзінскі – аўтар школьнага падручніка гісторыі Расеі з 1945 года да пачатку ХХІ стагоддзя, перапоўненага ідэалагічнымі штампамі, што сеюць нянавісць да Украіны.

Беларускіх школьнікаў тым часам ужо вучаць, што яны – адзін народ з расейцамі.

Агляд
7 мапаў, на якіх няма Расеі
2023.05.25 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў