Беларусь і Расея стварылі камісію дзеля «абароны гістарычнай праўды»


Беларусь і Расея займаюцца стварэннем супольнай камісіі, якая, маўляў, будзе абараняць «гістарычную праўду» і спрыяць развіццю асветніцкай дзейнасці ў гістарычнай сферы. Пра гэта заявіў пасол Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: yk24.ru

Адпаведны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міжведамаснай камісіяй гістарычнай асветы пры прэзідэнце РФ і Рэспубліканскім савеце гістарычнай палітыкі пры Лукашэнку быў падпісаны 25 студзеня ў Менску.

Мемарандумам прадугледжанае стварэнне супольнай расейска-беларускай камісіі гісторыі, яе мэтай будзе каардынацыя «двухбаковых намаганняў, звязаных з абаронай гістарычнай праўды, захаваннем памяці пра нашую агульную гісторыю, што адлюстроўваецца ў тым ліку ў навучальнай літаратуры, а таксама з развіццём асветніцкай, экспертнай, кансультацыйнай і іншай грамадска значанай дзейнасці ў галіне гісторыі», паведаміў пасол РФ у Беларусі.

Грызлоў адзначыў, што мемарандум «стаў лагічным працягам актыўнай супольнай працы ў захаванні гістарычнай праўды, якую на сістэмнай аснове вядуць Расея і Беларусь», пры гэтым маштабы гэтай справы робяцца ўсё большымі.

Расейскі дыпламат кажа, што значны ўнёсак у «барацьбу з фальсіфікацыяй гісторыі» сёння  робяць «не толькі гісторыкі і дзяржаўныя дзеячы, але і публіцысты ды лідары грамадскага меркавання з вялікім ахопам аўдыторыі. Таму, на ягоную думку, важна правільна каардынаваць гэтыя намаганні, «задаваць канструктыўны вектар дыскусіі, выпрацоўваць агульныя падыходы».

Грызлоў адзначае, што «крызіс цяперашняй мадэлі светаўладкавання шмат у чым справакаваны менавіта імкненнем Захаду перапісаць мінулае ў выгадным для яго рэчышчы».

«Мы як грамадства і дзяржава мусім разумець – гэта не проста інфармацыйная агрэсія. Кожны гістарычны факт, сэнс якога заходнікі спрабуюць сказіць, пасля выкарыстоўваецца імі як абгрунтаванне для навязвання сусветнай супольнасці цалкам канкрэтных замежнапалітычных установак, – кажа Грызлоў.

– Усе выдатна памятаюць, як пасля доўгіх гадоў паўзучай дыскрэдытацыі вызначальнай ролі СССР у перамозе над нацызмам нашыя супернікі заклікалі перагледзець склад удзельнікаў Рады Бяспекі ААН з правам вета. Аналагічныя заходы рэгулярна робяцца і ў адносінах да іншых краінаў, што вядуць незалежную вонкавую палітыку, напрыклад, супраць Беларусі».

Подпісы пад дакументам паставілі старшыня Расейскага вайскова-гістарычнага таварыства Уладзімір Мядзінскі і старшыня адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка. Вядома, што Уладзімір Мядзінскі – аўтар школьнага падручніка гісторыі Расеі з 1945 года да пачатку ХХІ стагоддзя, перапоўненага ідэалагічнымі штампамі, што сеюць нянавісць да Украіны.

Пасля падпісання дакументу Уладзімір Мядзінскі адзначаў, што мемарандум стаў «першай, сімвалічнай паперай», якая будзе матываваць «навуковыя колы, гісторыкаў, выкладчыкаў да яшчэ больш шчыльнай  супрацы».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў