Касцюшка і Каліноўскі як польскія патрыёты, генацыд беларусаў з боку палякаў. Чаму вучаць у школах Беларусі?


У беларускіх школах – сярэдзіна першай чвэрці, навучанне набірае абароты. Нядаўна па ўстановах адукацыі разаслалі «рэкамендацыі», як настаўнікам «правільна» выкладаць гісторыю, літаратуру, грамадазнаўства ды іншыя прадметы. Зірнулі ў дакументы і распавядаем, на чым факусуецца навучанне беларускіх дзяцей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Адзначым, што ва ўсе школьныя прадметы прадпісана ўключыць кампанент «выхавання патрыятызму на прынцыпах ідэалогіі беларускай дзяржавы». І калі ў прадмет «Геаграфія» прапаноўваецца дадаць матэрыял аб дзяржаўных праграмах Беларусі, то як гэты прынцып зрэалізаваць на тых жа ўроках біялогіі – задачка з зорачкай.

Гісторыя Беларусі: Касцюшка і Каліноўскі – антыгероі, Расейская імперыя – маці беларусаў

Бадай, самыя цікавыя змены і дапаўненні кранулі навучанне гісторыі Беларусі. Гэтак, у змест тэмы «Грамадска-палітычнае жыццё ў другой палове 90-х гг. ХХ – пачатку XXI ст» (IX, XI класы) улучылі пытанні:

  • выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2020 г.;
  • Рэспубліканскі рэферэндум 27 лютага 2022 г., прынятыя на ім змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь;
  • Усебеларускі народны сход – найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь

Пры вывучэнні гэтых пытанняў неабходна выкарыстоўваць інфармацыю, размешчаную толькі на афіцыйных сайтах.

Агляд
Непрыемныя веды на Дзень ведаў: галоўнае пра стан беларускай адукацыі на 2023/24 год
2023.09.01 18:16

Чыноўнікі звяртаюць увагу, што ацэнка гістарычных падзеяў і гістарычных асоб цяпер мае адпавядаць прынцыпам гістарычнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, вучням будуць тлумачыць, што:

– уніяцкая царква на беларускіх землях адыграла вялікую ролю ў захаванні беларускай мовы, але ў XVIII ст. пачаўся працэс паланізацыі богаслужэння ва ўніяцкай царкве, а ў 1696 г. польская мова зацвердзілася ў якасці адзінай дзяржаўнай у ВКЛ;

– Канстытуцыя 3 траўня 1791 г. канчаткова зліквідавала суверэнітэт ВКЛ і замацавала статус Рэчы Паспалітай як унітарнай польскай дзяржавы;

Тадэвуш Касцюшка – патрыёт Польшчы, яго мэта – адрадзіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г. Беларусам паражэнне паўстання Касцюшкі і падзелы Рэчы Паспалітай дазволілі захавацца як народу;

– вайна 1812 г. была Айчыннай для Беларусі; у складзе напалеонаўскай арміі ваявалі прадстаўнікі шляхты з тэрыторыі Беларусі, якія марылі аб аднаўленні Рэчы Паспалітай;

– паўстанні 1830–1831 гг., 1863–1864 гг. былі накіраваныя на адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.;

Кастусь Каліноўскі змагаўся за адраджэнне Рэчы Паспалітай. «Мужыцкая праўда» ўтрымлівала заклікі да тэрору супраць расейскіх уладаў і іх прыхільнікаў. Мэтай яе выдання было ўцягванне беларускіх сялянаў у барацьбу за польскія інтарэсы;

– перыяд, калі Беларусь была ў складзе Расейскай імперыі, адыграў вялікую ролю ў афармленні нацыянальнай беларускай дзяржаўнасці. Улучэнне беларускіх земляў у склад Расейскай імперыі стала вызначальным фактарам, які дазволіў спыніць паланізацыю беларусаў, спрыяў адраджэнню і развіццю нацыянальна-духоўных традыцыяў;

– грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1930-ыя гг. было надзвычай складаным і разнастайным. Будаўніцтва сацыялістычнай сістэмы адкрыла перспектыву і сэнс жыцця для шырокіх народных масаў. У грамадскай свядомасці падтрымоўваліся і ўмацоўваліся «пачуццё адзінай сям’і», глыбокія патрыятычныя перакананні, жаданне пабудаваць справядлівае грамадства. Разам з тым мелі месца скажэнні прынцыпаў справядлівасці і законнасці ва ўмовах ажыццяўлення палітычных рэпрэсіяў.

Падручнік «Гісторыя беларускіх земляў і беларускай дзяржавы». Крыніца: Book24

Пры вывучэнні ў IX класе тэмы «Германскі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі ў 1941–1944 гг». патрабуюць уключыць у змест занятку інфармацыю «аб дзейнасці і злачынствах калабарацыянісцкіх фармаванняў розных нацыянальнасцяў», у тым ліку Арміі Краёвай.

Такім чынам, беларускія школьнікі цяпер будуць вывучаць гісторыю ў цалкам прарасейскай парадыгме. Нагадаем, улетку беларускія і расейскія ўлады анансавалі супольную працу над «правільнай» версіяй гісторыі. У дзвюх краінах плануюць стварыць агульную версію мінулага, праслаўляць агульных герояў і гістарычныя падзеі.

Грамадазнаўства

На ўроках па «Грамадазнаўстве» рэкамендуецца акцэнтаваць увагу вучняў на змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, прынятых на рэферэндуме 27 лютага 2022 года. Прапануецца нават правядзенне тэматычных пяціхвілінак, якія асвятляюць змест абноўленай Канстытуцыі, на кожным уроку.

Пры вывучэнні ў XI класе тэмы «Цывілізацыя як культурна-гістарычны працэс» асаблівая ўвага будзе надавацца разгляду пытання аб цывілізацыйнай ідэнтычнасці Беларусі, «аснову якой складаюць хрысціянскія традыцыі і ўсходнеславянскія карані».

Беларуская літаратура: генацыд беларусаў з боку… палякаў

У вывучэнні беларускай літаратуры асаблівую ўвагу будуць надаваць творам пра Вялікую Айчынную вайну, гераізм беларускага народу, а таксама яго генацыду – з боку… палякаў (!).

Каментар
Фрыдман: «Генацыд беларускага народу» ў прапагандзе – не пра людзей, а пра вобраз ахвяры Захаду
2023.05.15 10:15

Так, пры вывучэнні ў VII класе ўрыўку «Урокі пані Марʼі» з аповесці Янкі Брыля «Сірочы хлеб», аналізуючы ўмовы жыцця простых людзей, якія жывуць на акупаванай тэрыторыі, будуць акцэнтаваць увагу на тэме генацыду беларускага народу польскімі ўладамі ў Заходняй Беларусі.

Для самастойнага чытання ў гэтым жа класе прапаноўваецца аповесць Якуба Коласа «Дрыгва» пра гераічную барацьбу беларускага народу ў гады грамадзянскай вайны і партызанскі рух на Беларусі. «У гэтым творы пісьменнік паказаў нараджэнне новага чалавека ва ўмовах рэвалюцыйнай барацьбы. Дзед Талаш, галоўны герой твору, прайшоў шлях ад пастуха да камандзіра партызанскага атраду і ўвайшоў у пантэон герояў Беларусі», – гаворыцца ў рэкамендацыях ад чыноўнікаў.

Пры вывучэнні ў Х класе апавяданняў Максіма Гарэцкага «Літоўскі хутарок» і «Дзве душы» з мэтай «раскрыцця нацыянальнай ідэі, спецыфікі ўкладу жыцця беларусаў, народных традыцыў і каштоўнасцяў рэкамендуецца прапанаваць для самастойнага чытання раман-хроніку «Віленскія камунары» з далейшым абмеркаваннем твору». Нагадаем, згаданы раман прысвечаны досведу вiлeнcкix рабочых, якiя ca збpoяй y pyкax выcтyпiлi супраць польскага войска за caвeцкую ўлaду.

Пры вывучэнні тэмы «Літаратура Заходняй Беларусі» чыноўнікі рэкамендуюць арганізаваць самастойнае чытанне навучэнцамі паэмы Якуба Коласа «Рыбакова хата», «прысвечанай жыццю і рэвалюцыйнай барацьбе жыхароў Заходняй Беларусі за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне ад прыгнёту буржуазнай Польшчы і абʼяднанне з СССР».

Знішчэнне кніг і замежная мова без усяго замежнага

Нагадаем, з улікам зменаў у дзяржаўнай ідэалогіі новы навучальны год пачалі з таго, што прыбралі старыя падручнікі і дапаможнікі з навучальных кабінетаў і школьных бібліятэк. І не толькі па гісторыі, але і па замежных мовах.

На асабісты загад Аляксандра Лукашэнкі з класаў замежных моваў прыбралі згадкі пра іншыя краіны: у кабінетах цяпер не павінна быць ніякіх сцягоў, мапаў Вялікай Брытаніі, двухпавярховых аўтобусаў і ўсяго, што нагадвае Каралеўства, калі гаворка ідзе пра ангельскую мову, ці выяваў Эйфэлевай вежы і нават згадак пра Францыю, калі гаворка ідзе пра вывучэнне французскай мовы. На ўроках замежных моваў можна карыстацца толькі беларускімі падручнікамі і дапаможнікамі. Такім дзіўным чынам у новым навучальным годзе Мінадукацыі збіраецца рэалізоўваць выхаваўчы патэнцыял прадмету «замежная мова» і фармаваць ў вучняў «пачуццё патрыятызму, грамадзянскасці і павагі да гістарычнай мінуўшчыны».

Рэйды і ператрусы ад чыноўнікаў з Міністэрства адукацыі пракаціліся па школах цягам жніўня. Цяпер настаўнікі не маюць права карыстацца старымі падручнікамі на любым занятку ў школе. Вынятыя старыя падручнікі перадалі у макулатуру.

Абнавіць падручнікі ў Беларусі павінны да 2027 года.

«Такую ​​амбіцыйную задачу мы перад сабой ставім для таго, каб усе навучальныя выданні, якія мы будзем перавыдаваць, былі максімальна набліжаны да таго ідэалу, які быў у савецкі час», — заявіў на пачатку навучальнага года міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Каментар
Ідэальная адукацыя – каб людзі «кнігі не ўмелі чытаць»? Што стаіць за нарадаю Лукашэнкі
2023.09.22 18:03

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў