Урады Расеі і Беларусі хочуць распрацаваць адзіны падыход да выкладання гісторыі


Савет Федэрацыі і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі прапаноўваюць урадам дзвюх краінаў распрацаваць адзіны падыход да выкладання гісторыі. Пра гэта гаворыцца ў выніковым дакуменце 10-га Форуму рэгіёнаў Расеі і Беларусі, піша ТАСС.

Наталля Качанава на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі.
Фота: soyuz.by

Форум рэгіёнаў Расеі і Беларусі прайшоў ва Уфе з 26 да 28 чэрвеня. На пленарным паседжанні быў прыняты выніковы дакумент.

«Рэкамендаваць ураду РФ і ўраду Рэспублікі Беларусь распрацаваць агульны навукова абгрунтаваны гістарычны стандарт, які ўтрымлівае канцэптуальныя ацэнкі гістарычных падзеяў і асобаў, а таксама адзіныя падыходы да выкладання гісторыі», – гаворыцца ў дакуменце.

Акрамя таго, органам улады рэгіёнаў абедзвюх краінаў рэкамендуецца працягнуць працу для «фармавання агульных стандартаў і падыходаў у ацэнцы супольнай гісторыі Расеі і Беларусі». Сярод пададзеных у дакуменце рэкамендацыяў – стварэнне фільмаў, якія адлюстроўваюць «гістарычную і духоўную еднасць расейскага і беларускага народаў, а таксама пазітыўны вобраз развіцця саюзных дачыненняў брацкіх дзяржаваў на сучасным этапе».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў