Паводле вынікаў траўня гадавая інфляцыя ў Беларусі склала 7,1%, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

«Цэны не для слабых нерваў». Што беларусы кажуць пра гародніну ў крамах і на рынках
Інфляцыя расце – у красавіку яна складала 6,5 %. З пачатку 2025 года агулам інфляцыя склала 4,5 %.
Растуць цэны на харчы – у траўні падвышэнне склала 1,2 %. У параўнанні са снежнем яны падаражэлі на 5,5 %.
Агулам за год харчы падаражэлі на 9,6 %.
Крыху павольней падымаюцца цэны на нехарчовыя тавары – на 0,2 % у траўні і на 3,6 % за год.
Паслугі ў параўнанні з красавіком сталі даражэйшымі на 0,3 %, за год – на 7,2 %.
Агулам у параўнанні з красавіком індэкс спажывецкіх цэнаў склаў 100,7 %, у параўнанні са снежнем 2024 года – 104,5 %.
У 2025 годзе ўлады планавалі ўтрымаць інфляцыю на ўзроўні 5 %, аднак рост цэнаў у Беларусі істотна абганяе гэтыя планы.
У Міністэрстве эканомікі такую сітуацыю звязалі з прынятымі пастановамі наконт павышэння рэгуляваных цэнаў і тарыфаў (з 15 красавіка ўрад Беларусі скасаваў рэгуляванне цэнаў на больш як сотню відаў тавараў і падняў рэгуляваныя цэны на астатнія сем), а таксама з ростам цэнаў на некаторыя пазіцыі тавараў, пераважна імпартаваныя.
Тым часам Еўразійскі банк развіцця назваў асноўнымі фактарамі росту цэнаў у Беларусі далейшае паслабленне беларускага рубля да расейскага і паскарэнне росту цэнаў на сезонную гародніну і садавіну.
Кансэнсусны прагноз эканамістаў – што інфляцыя сёлета будзе каля 7-9 %, максімум каля 10 %, расказвае вядоўца праграмы «Оптимум» на Youtube-канале «Белорусы и рынок» Андрэй Махоўскі. Але 10 % улады Беларусі не захочуць дапускаць проста таму, што не хочуць, каб інфляцыя была двухзначнай. Калі інфляцыя будзе набліжацца да 10 %, то цэнавае рэгуляванне могуць узмацніць.
Марыя Міхалевіч belsat.eu