Рэпартаж

Пантыфік абедзвюх Амерык. Як (і чаму) выбралі Льва XIV

Новаабраны пантыфік, Папа Леў XIV, 8 мая 2025 года, Ватыкан. Фота: Christopher Furlong / Getty Images
Новаабраны пантыфік, Папа Леў XIV, 8 мая 2025 года, Ватыкан. Фота: Christopher Furlong / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Увечары 8 траўня Каталіцкая Царква атрымала свайго 267-га Папу. Канклаў завяршыўся на другі дзень абраннем амерыканскага кардынала Робэрта Фрэнсіса Прэваста, які ўзяў імя Леў XIV і перш за ўсё казаў пра мір і Хрыста Уваскрослага. Тысячы паломнікаў, турыстаў і рымлянаў гадзінамі чакалі белага дыму, і, да іх велізарнай радасці, кардыналы не сталі зацягваць з выбарам.

Другі дзень канклаву такі ж разнастайны, як рымскае жыццё, і такі ж шумны, яскравы, ветраны. З раніцы на плошчы св. Пятра натоўп быў не вельмі вялікі (у параўнанні з папярэднім і наступным вечарамі) – адбіліся мінулы дождж, праца і нявер'е ў такі хуткі вынік.

Вечаровае галасаванне 7 траўня зацягнулася і дыму не было ў спрагназаваныя 19–20 гадзін. Маладая пара з Тэхасу падумвала сыходзіць, не маючы ахвоты марнаваць часу на чаканне. Яны прыехалі ў Рым не дзеля канклаву, а планава, у мядовы месяц. Суайчыннікі з Канзаса, якія апынуліся побач, угаварылі Эн і Фрэда пачакаць – такая падзея! Маладыя прытанцоўвалі, каб не сумаваць, перыядычна глядзелі на трубу, але часцей адно на аднаго.

Збоку ад іх дваіх італьянцаў (па выглядзе пара) агітаваў трэці. Абдымаючы іх за плечы і нават пагладжваючы, ён распавядаў, які добры кардынал Пʼетра Паралін. Выхваляючы дыпламатычныя якасці дзяржсакратара Святога Пасаду, ён параўноўваў таго з Паўлам VI, якога назваў вялікім. Мужчыны ўважліва слухалі, але потым не ўтрымаліся ад пытанняў. Аказалася, што прамоўца асабіста знаёмы з Паралінам і перакананы, што ён дык сапраўды дазволіць гей-шлюбы.

Пасля 20:00 натоўп на плошчы св. Пятра стаміўся і пачаў перыядычна пляскаць у ладкі, як бы прыспешваючы кардыналаў гэтымі апладысментамі. У 21:00 экраны, на якіх транслявалася моцна набліжаны комін на Сікстынскай капэле, раптам згаслі. Па плошчы пракаціўся гул засмучэння. І ўжо праз хвіліну ён змяніўся воклічамі – з трубы пайшоў дым. Вядома, не белы.

Тэхніка гуляла з гледачамі і раніцай 8 траўня. Крыху раней чаканага, у 11:51, з коміна пайшоў чорны дом і натоўп пачаў разыходзіцца. А дым усё ішоў і ішоў... і раптам стаўся белым! «Гэта немагчыма», – прашаптаў паліцыянт каля мяне. «Не можа быць!», паўтарала яму пажылая манашка. Народ пацягнуўся назад да плошчы, і тут пачаўся перазвон, які прыспешыў натоўп. Званы сабору пацвярджаюць факт абрання, і многія падумалі, што ў печы канклаву адбыўся нейкі збой, і Папа ўсё ж абраны. Але аказалася, што гэта гадзіннік на саборы прабіў апоўдні, а званы маўчаць. І «белы дым» быў толькі рэшткамі чорнага.

Да 17:30, меркаванага канца першага з двух вячэрніх галасаванняў, плошча св. Пятра была запоўненая. Навучаныя досведам папярэдняга вечара, людзі прыносілі складаныя табурэткі, пенкі, а таксама парасоны – ад сонца. Прыблізна ў 18:05 па плошчы пракаціўся ўздых, усеагульную ўвагу прыцягнула сямʼя чаек, якая гуляла па даху Сікстынскай капэлы ля коміна.

,,

«А вось і папа», – пажартаваў хтосьці. Адна з чаек тым часам карміла птушаня.


Усяго праз тры хвіліны ўздых паўтарыўся – з коміна пайшоў дым. Белы!

І гэтым разам і званы зазванілі, і дым працягваў клубіцца з коміна, не змяняючы колеру.

Пакуль народ на плошчы бурна радаваўся абранню новага Папы Рымскага, у Сікстынскай капэле натарыяльна афармляюць гэты факт. Затым абраны ідзе ў «пакой слёз» – пераапрануцца ў папскае адзенне. Калі ён вяртаецца ў капэлу, усе кардыналы-выбаршчыкі прыносяць яму персанальную прысягу. І тут ужо не важна, хто за каго галасаваў.

Пакуль натоўп чакае абʼявы (і імя!), гішпанскія святары пачынаюць спяваць багародзічную малітву Salve Regina. Пасля іх падключаюцца польскія – і людзі падпяваюць словы малітвы Regina Caeli.

Адкрыццё лоджыі благаслаўленняў абʼяўляе новага Папу Льва XIV, што вітаецца больш чым ста тысячамі вернікаў, сабраных ля сабору Святога Пятра. Фота: Andrea Mancini / NurPhoto via Getty Images
Адкрыццё лоджыі благаслаўленняў абʼяўляе новага Папу Льва XIV, што вітаецца больш чым ста тысячамі вернікаў, сабраных ля сабору Святога Пятра. Фота: Andrea Mancini / NurPhoto via Getty Images
Першы дзень канклаву. Ватыкан, Ватыкан. 7 траўня 2025 года. Фота: Beata Zawrzel / Reporter / East News
Навальніца напярэдадні першага дыму. Рым і Ватыкан перад канклавам Рэпартаж

Цырыманіял першага зʼяўлення новага Рымскага Папы ўключае ў сябе прысутнасць на перад саборам св. Пятра некалькіх воінскіх злучэнняў. Гэта таксама дапамагае не сумаваць. Маляўніча апранутыя людзі ў рознай уніформе ўрачыста ідуць асобнымі калонамі пад гукі аркестру. Затым ён зайграе гімн Ватыкану і гімн Італіі. (Дзе яны чакалі? Штодня чатыры разы былі гатовыя неадкладна пашыхтавацца і прамаршыраваць да сабору?)

Нарэшце плошча, а разам з ёй і ўвесь свет, пазнае імя новага Папы. Пакуль большасць радасна скандуе: «Leone!», прыхільнікі кардынала Параліна ашаломленыя, дзесьці панік філіпінскі сцяг (відаць, там спадзяваліся на выбар кардынала Тагле), а нейкая жанчына сварліва каментуе абранне «чарговага амерыканца». І калі дзясяткі тысяч спрабуюць загугліць новага пантыфіка, на плошчы канчаткова губляецца мабільная сетка, і без таго прыглушаная для абароны таямніцы канклаву.

Каталікі каля сабора Святога Пятра ў Ватыкане 8 траўня 2025 года. Фота: Andrea Mancini / NurPhoto via Getty Images
Каталікі каля сабора Святога Пятра ў Ватыкане 8 траўня 2025 года. Фота: Andrea Mancini / NurPhoto via Getty Images

Першае зʼяўленне Льва XIV успрынялі з захапленнем. Ён вельмі пастараўся дагадзіць усім, і атрымаў поспех у гэтым: і пахваліў Францішка, і апрануты па пратаколе. Відаць, менавіта магчымасцю задаволіць усіх Робэрт Фрэнсіс Прэваст і забяспечыў сабе мінімум дзве траціны галасоў кардыналаў-выбаршчыкаў. Ён стрыманы, не балбатлівы, яго погляды на некаторыя спрэчныя пытанні дакладна невядомыя, пры гэтым ён місіянер, манах і быццам бы працягне (магчыма, збольшага) курс Францыска. А можа быць, пракладзе свой.

У яго прамове адны пачулі слова «сінадальнасць», а іншыя звярнулі ўвагу, што Леў XIV казаў пра мір і маліўся. Гэты Папа родам з Паўночнай Амерыкі, большую частку жыцця служыў у Паўднёвай, здаецца, сапраўды Пантыфік. І калі навядзенне мастоў у пераадоленні крызісаў будзе паспяховым – хто ведае, ці не заслоніць ён сваіх папярэднікаў.

Калі Леў XIV адправіўся на вячэру з кардыналамі, а дзясяткі тысяч ішлі да метро, Вечны горад заставаўся верны сабе: у ягоным павольным паветры перамяшаліся мовы, фантаны ратавалі тых, хто неабачліва спакусіўся джэлато, па вуліцах ганялі мотаролеры, а рымляне і ў такі асаблівы вечар адрозніваліся няспешнасцю. Многіх Пап пабачыў Рым; якім будзе гэты – неўзабаве даведаемся.

Іван Аляксееў / ЮК belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10