навіны

Велікодная прэм'ера на «Белсаце». Рэжысёр Арцём Лобач расказвае пра свой новы фільм «Кола жыцця»

Кадр з фільму «Кола жыцця» пра традыцыйныя абрады беларусаў. Крыніца: Белсат
Кадр з фільму «Кола жыцця» пра традыцыйныя абрады беларусаў. Крыніца: Белсат
podpis źródła zdjęcia

У нядзелю 20 красавіка на «Белсаце» адбудзецца прэмʼера дакументальнага фільму «Кола жыцця», што зняў вядомы беларускі рэжысёр Арцём Лобач. Размаўляем з аўтарам стужкі пра містычныя супадзенні падчас здымак і пра магію беларускіх абрадаў. А таксама пра тое, як абагнаць велізарную хмару над Падляшшам і ператварыць летні дождж у залаты.

Марыя Булавінская ў зоне адчужэння. Вёска Рэчкі, Веткаўскі раён. 2019 год. Фота: асабісты архіў Марыі Булавінскай

«Размінуліся з міліцэйскім патрулём на хвіліны». Як здымаўся відэацыкл «Зона адчужэння» – гутарым з аўтаркай

Гісторыі

– Арцём, «Кола жыцця» – фільм пра традыцыйныя абрады, што яднаюць беларусаў на нейкім генетычным, містычным нават узроўні. Але тут і цяпер нас з табою абʼядноўвае не містыка, а канкрэтны чалавек – Лявон Халатран, прозвішча якога я пабачыў у цітрах фільму і з якім літаральна тыдзень таму размаўляў пра кіно. Люблю такія супадзенні. Але – якія супадзенні павінны былі здарыцца, каб паўстаў твой новы фільм?

– Цікава,
Лявон Халатран сапраўды быў у нас асістэнтам і прычыніўся да гэтай прэмʼеры. А наконт супадзенняў… Ідэя зрабіць фільм належала Алене Дзікавіцкай, і яна, яшчэ тры гады таму, прапанавала мне яе ажыццявіць. Памятаю, мы тады нешта здымалі, і яна паміж справамі падкінула мне гэтую ідэю. А мне спадабалася, бо я люблю рабіць такія рэчы. Гэта хіба і было галоўным супадзеннем: задума супала з зацікаўленасцю. Мы вельмі хутка знайшлі паразуменне наконт таго, што яна, як прадзюсар, хоча і што я, як рэжысёр, магу зрабіць.

Пагатоў да гэтага на «Белсаце» зʼявіўся мой фільм «
Беларускія песні. Традыцыя адлегласці» (2017) пра музычную спадчыну Беларусі і яе адаптацыю да сучаснасці. Гэта таксама, напэўна, паўплывала на тое, што я згадзіўся ўзяцца за «Кола жыцця». Таму і паўстаў гэты прыгожы фільм пра беларускія традыцыі.



Татальнае пагружэнне


– Фільм распавядае пра архаічныя рэчы, пра якія шмат хто нешта чуў. Ну нудота ж! Але дзіўна: глядзіш і ловіш сябе на тым, што цябе не адарваць ад экрану… Як гэта? У чым сакрэт лёгкасці і прыцягальнасці стужкі?

– Прыемна чуць. Мне адзін аўтарытэтны чалавек казаў нядаўна прыкладна пра тое ж, што і вы. Значыцца, гэта не выпадковасць (смяецца).

Па-першае, я думаю, лёгкасць стварае пэўны рытм аповеду. Усё ў ім сегментаванае святамі – круціцца кола. Па-другое, падчас здымак я намагаўся, каб нашая чацвёрка экспертак і экспертаў рабіла акцэнт на эмоцыі, а не зануралася ў нейкія этнаграфічныя рэчы. Каб жартавалі паміж сабою, апавядалі асабістыя гісторыі. Гэта збліжае гледача і суразмоўцаў.

А па-трэцяе, мы маем сцэны, знятыя з арыгінальным гукам. Вось калі вы бачыце, як саломінкі на Каляды шукаюць, ці сцэны з калядоўнікамі, ваджэння куста, вяселля і варажбы. То бок мы наўмысна здымалі ствараючы рэальную атмасферу свята. Гэта татальнае пагружэнне. І калі вы кажаце, што нельга было адарвацца падчас прагляду, значыцца нам удалося стварыць аўтэнтычную атмасферу, што прыцягвае ўвагу і трымае гледача.

Кадр з фільму «Кола жыцця» пра традыцыйныя абрады беларусаў. Крыніца: Белсат
Кадр з фільму «Кола жыцця» пра традыцыйныя абрады беларусаў. Крыніца: Белсат

– Чатыры героі глядзяць фільм унутры фільму, абмяркоўваюць яго і жартуюць. Наталка Гапановіч, Лізавета Рэўт, Ганя Аляксандрава і Віктар Шукеловіч. Іхныя дыялогі не былі прапісаныя ў сцэнары? Гэта імправізацыя?

– Так, іхныя рэплікі не былі прапісаныя. Але з намі быў эксперт і фалькларыст
Алесь Лозка, з якім падчас здымак можна было пракансультавацца. Ён нам вельмі дапамог. Але ж Ганя, Ліза, Наталка і Віктар не толькі здымаліся ў фільме – яны жывуць гэтым. Усе гэтыя святы – частка іхнага жыцця. Яны маглі пра гэта гутарыць і імправізаваць бясконца. Пра сэнсы і значэнні, пра гэтыя таямнічыя і містычныя рэчы. Таму дзякуючы фільму можна крыху больш заглыбіцца ў гэтую тэму.

,,

Зразумела, фільм мае на мэце папулярызаваць беларускую традыцыю, таму мы застаёмся на паверхні. Але, тым не менш, спрабуем паказаць гледачу шлях, як і куды можна пайсці глыбей.


Такіх фільмаў шмат на «Netflix»


– Калі б у цябе запыталі, у якім жанры ты зняў «Кола жыцця», што б адказаў?

– Гэта так званы мак’юмэнтары (mockumentary). Тэлевізійны мак'юмэнтары. Такіх фільмаў шмат можна знайсці на BBC ці на тым жа «Netflix». Мы як бы імітуем дакументальныя здымкі і змешваем іх з каментарамі ўдзельнікаў. Такі брытанскі ці амерыканскі падыход. Не скажу, што ён мне вельмі блізкі, але ў гэтым канкрэтным выпадку ён вельмі пасаваў. Таму так мы і зрабілі.


– Пейзажныя кадры ў фільме такія прыгожыя, што аж сэрца робіць паўзу. Краявіды вельмі падобныя да беларускіх. Але ці беларускія?


– На жаль, не. Гэта ўсё здымалася на Падляшшы, і ў фільме мы гэта не хаваем. Хто там быў, можа адразу пазнаць.

Кадр з фільму «Кола жыцця» пра традыцыйныя абрады беларусаў. Крыніца: Белсат
Кадр з фільму «Кола жыцця» пра традыцыйныя абрады беларусаў. Крыніца: Белсат

Шмат хто кажа, што Падляшша вельмі падобнае да Беларусі. Але я ўсё адно бачу розніцу. Гэта блізка, але гэта памежжа. Мяжа гэтая і за савецкім часам была. І таму культурная і матэрыяльная спадчына, падыход да арганізацыі прасторы на Падляшшы іншыя. Вядома, ёсць нейкае падабенства. Тыя ж беларускія драўляныя хаты – яны і на іншым баку мяжы такія самыя. Але вось… аўтэнтычнага адчування Беларусі ў мяне няма. Той Беларусі, якую я памятаю, калі вандраваў па заходніх яе тэрыторыях. 

У параўнанні з Падляшшам заходняя Беларусь, на мой погляд, больш занядбаная. Але якраз у гэтым – нейкая свая атмасфера і містыка. І таму ўспрымаецца мною як больш багатая на спадчыну. Гэта мае асабістыя адчуванні. Можа, таму, што я беларус і адкрыццё заходняй Беларусі – гэтага новага для мяне сусвету – калісьці вельмі моцна на мяне паўплывала.


Як Арцём Лобач падмануў падляскую хмару


– Кажаш пра містыку. Але ж падчас здымання фільму на такія глыбінныя тэмы не магло не здарыцца якіх-небудзь містычных гісторыяў. Было?

– Мой сябар-аператар вельмі любіць згадваць пры нагодзе гісторыю, як мы падчас здыманняў абганялі вялізную дажджавую хмару. У нас былі запланаваныя сонечныя кадры са збожжам. Трэба было зняць жніво і першы сноп. А тут хоп – і пачынаецца дождж. І паводле ўсіх прагнозаў, без прасвету і на ўвесь дзень. Што рабіць? Пераносіць сцэну на наступны дзень мы не маглі. Або цалкам выкінуць яе з фільму і сядзець удома, або нешта прыдумаць. Выбар быў за мною. І я прапанаваў групе сабрацца і паехаць шукаць сонца.

Кадр з фільму «Кола жыцця» пра традыцыйныя абрады беларусаў. Крыніца: Белсат
Кадр з фільму «Кола жыцця» пра традыцыйныя абрады беларусаў. Крыніца: Белсат
Кадр з серыялу «Працэсы» Андрэя Кашперскага, знятага пры падтрыманні «Белсату»

З’явіўся спіс найлепшых беларускіх фільмаў. Ён уключае стужкі, знятыя пры падтрымцы «Белсату»

навіны

Шаленства! Ніхто не верыў у поспех гэтае задумы, бо хмара была настолькі вялікая, што аж не бачна гарызонту. Я пастанавіў ехаць супраць руху хмары. І, уявіце сабе, недзе праз 40 хвілінаў дарогі хмара пачала заканчвацца. Мы пабачылі блакітнае неба і знайшлі поле з жытам. І яно нават было не мокрае – гэтая хмарына нейкім чынам яго абмінула. І ўсё! Мы знялі прыгожыя кадры з першым снапом, прычым на фоне цёмна-сіняга неба. І гэтыя кадры сталі для мяне вельмі дарагімі. 

Жоўтае жыта гарыць на сонцы на фоне цёмна-сіняга неба. Выйшла яшчэ прыгажэй, чым магло быць.


– Гісторыя пра тое, як Арцём Лобач падмануў падляскую хмару.


– Так (смяецца), і гэта яшчэ гісторыя пра тое, што каманда мяне заўсёды падтрымлівала. Падтрымала нават гэтую вар'яцкую ідэю. Гэта самае важнае. У выніку ўсё ўдалося!


– А каманда ж была вялікая! Наколькі ты, як рэжысёр, зблізіўся з людзьмі падчас працы над «Колам жыцця»?


– Так, каманда была вялікая. Маю на ўвазе не толькі тых, хто беспасярэдне займаўся вырабам прадукцыі, але і ўдзельнікаў здымання, сярод якіх было шмат мясцовых людзей, з Падляшша. Гэта тыя, хто ствараў у кадры магію традыцыйных святаў. Гэта было сапраўды неймаверна – пазнаць такую колькасць мясцовых беларусаў. Для мяне гэта быў незвычайны досвед. Спачатку я губляўся: на якой мове да іх звяртацца? На беларускай ці польскай? Ці на тутэйшай, што нагадвае яшчэ і ўкраінскую. Але яны вельмі добра разумеюць беларускую, таму ўся камунікацыя адбывалася па-беларуску.

Кадр з фільму «Кола жыцця» пра традыцыйныя абрады беларусаў. Крыніца: Белсат
Кадр з фільму «Кола жыцця» пра традыцыйныя абрады беларусаў. Крыніца: Белсат

«Я здымаў і думаў: гэта цуд!»


– Сярод іх бачым і добра знаёмых нам беларусаў. Напрыклад, Кацярыну Ваданосаву, Сержука Герасімовіча ды іншых. Ты пракруціў гэтае кола жыцця – ад Купалля да Купалля. Якія сегменты гэтага кола блізкія для цябе асабіста?

– Згадваю цяпер нашыя Каляды і калядоўнікаў… А дарэчы, наконт супадзенняў. Ужо былі знятыя тры сезоны, і зіма была апошняя. Меліся скончыць гэтыя здыманні ў снежні і ніяк не маглі іх пераносіць на студзень ці люты. А вы ж ведаеце, які ў Польшчы снежань. Бясснежны! Ну і мы ўжо змірыліся з тым, што снегу не будзе. Я ўжо выдумваў, як выкруціцца, каб, можа, са штучным снегам паздымаць ці наагул без яго. Вызначылі дату здыманняў, усё распланавалі…

І вось, акурат за два дні як ехаць выпадае снег. І ўсё, што вы бачыце ў кадры, – гэта сапраўдны свежы снег. І яго выпала так дужа, што выглядала як анамалія. І плюс яшчэ сонца! Я здымаў і думаў: гэта цуд! Сапраўдная зіма і сонца. Проста ўдача!


– А можа, і містыка…


– А можа быць. Там камунікацыя з навакольным асяроддзем была і праўда містычная. Калі здымалі летам Купалле, нечакана пайшоў лёгкі дождж, сонца ўжо заходзіла. Такія залатыя гадзіны, як кажуць. І гэты дождж ператвараецца ў залаты. Ну як можна было такое спланаваць? 20 хвілінаў залатога дажджу!


– Ну, бачыш, значыцца, абрады маюць сілу, дзеюць.


– Выходзіць, што так (смяецца). Калі ты ў гэта верыш, то – дзеюць, бо ты скіроўваеш туды сваю энергію.


– І, напэўна, гэтая энергія ліецца яшчэ з традыцыйных спеваў, што гучаць у фільме?


– Безумоўна. Дзяўчаты спяваюць а cappella, і гэта гучыць фантастычна.

Кадр з фільму «Кола жыцця» пра традыцыйныя абрады беларусаў. Крыніца: Белсат
Кадр з фільму «Кола жыцця» пра традыцыйныя абрады беларусаў. Крыніца: Белсат

«Працуем над яшчэ адным фільмам»


– Якое месца зойме «Кола жыцця» ў тваёй ужо багатай фільмаграфіі?

– Я з гонарам дадам яго ў мой спіс. Але хацеў бы сказаць, што гэта ж не кінафільм. Гэта не такое кіно, якое паказваюць на кінафестывалях. «Кола жыцця» знятае ў фармаце тэлефільму. Гэта, можна сказаць, стрымінгавае кіно, або YouTube-кіно. Яно больш пра вербальны аповед, пра словы. А мне вельмі хочацца рабіць фільмы, што апавядалі б гісторыі людзей без словаў. Гэта складана. І пакуль не ўдаецца. І вось чаму я так люблю музыку і спевы. У іх, мне здаецца, больш энергіі і эмоцыяў. Але згодны: часам, канешне, трэба апавядаць словамі.


– Пасля «Кола жыцця» прэм'ераў якіх яшчэ фільмаў Арцёма Лобача чакаць на «Белсаце»?


– Цяпер працуем над яшчэ адным фільмам, што таксама будзе звязаны з беларускай традыцыяй на Падляшшы. Беларускія дзяўчыны едуць на Падляшша, каб даведацца, як там святкуюць Купалле. І нечакана дазнаюцца штосьці зусім новае для сябе… Больш не скажу, каб не спойлерыць. Пра гэта будзе кіно. Я спадзяюся, што гэты дакументальны фільм зʼявіцца на «Белсаце» ўжо летам. У ім, дарэчы, здымаюцца і гераіні «Кола жыцця» – Ганя і Ліза.


– Кола замкнулася. Выдатна. Чакаем прэмʼеры!


Глядзіце прэм’еру на YouTube-канале
«Белсат Doc» а 12-й, у эфіры «Белсату» а 20-й гадзіне паводле беларускага часу.

Зміцер Міраш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10