навіны

З’явіўся спіс найлепшых беларускіх фільмаў. Ён уключае стужкі, знятыя пры падтрымцы «Белсату»

«Працэсы»
Кадр з серыялу «Працэсы» Андрэя Кашперскага, знятага пры падтрыманні «Белсату»
podpis źródła zdjęcia

З нагоды 100-годдзя беларускага кінематографу, што адзначаецца 17 снежня, у гадавіну стварэння кінастудыі «Белдзяржкіно», Беларуская незалежная кінаакадэмія прэзентавала спіс 50 найлепшых фільмаў, знятых у Беларусі і/ці беларусамі.

Скрыншот з серыялу «Працэсы». Серыя «Прыснілася». Крыніца: Белсат

Серыял «Працэсы» прайшоў у фінал прэстыжнай прэміі «Rose d’Or Awards»

навіны

Спіс складаўся на падставе апытання 49 экспертаў: рэжысёраў, кіназнаўцаў, кінакрытыкаў, куратараў і іншых.


Першае месца ў рэйтынгу заняла антываенная драма «Ідзі і глядзі», знятая ў 1985 годзе Элемам Клімавым паводле сцэнару Алеся Адамовіча.


На другім месцы – стужка Андрэя Кудзіненкі «Акупацыя. Містэрыі» 2004 года, што паказвае партызанскі рух часу Другой сусветнай вайны.


Замыкае першую тройку найлепшых фільмаў беларускі хорар «Дзікае паляванне караля Стаха» – экранізацыя аповесці Уладзіміра Караткевіча, знятая ў 1980 годзе.


З фільмаў, знятых яшчэ ў часы СССР, у спіс трапілі «Цераз могілкі» Віктара Турава (1965 год), «Усходні калідор» Валянціна Вінаградава (1967 год), «Горад майстроў» Уладзіміра Бычкова (1966 год), «Прыгоды Бураціна» Леаніда Нячаева (1976 год), «Белыя росы» Ігара Дабралюбава (1984 год) і іншыя.


Сярод найлепшых фільмаў апынулася шмат знятых у апошнія гады і дзесяцігоддзі незалежнымі кінематаграфістамі стужак, як гульнявых, так і дакументальных: «Заўтра» Юліі Шатун (2017 год), «Крышталь» Дар’і Жук (2018 год), «Купала» Уладзіміра Янкоўскага (2020 год), «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа (2019 год), «Стрыптыз і вайна» Андрэя Куцілы (2019 год), «Смеласць» Аляксея Палуяна (2021 год), «Мара» Сашы Кулак (2022 год), «Радзіма» Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі (2023 год).


У топ-50 ёсць стужкі, знятыя пры падтрыманні «Белсату»: «Стрыптыз і вайна» (2019 год) і «Сума» (2018 год) Андрэя Куцілы, «Працэсы» Андрэя Кашперскага (2022 – 2023 гады). 


Агулам эксперты падчас апытання згадалі 174 беларускія фільмы, у спіс з 50 увайшлі тыя, што называліся найчасцей.


17 снежня 1924 года была створаная кінастудыя «Белдзяржкіно» (сёння – «Беларусьфільм»). З гэтай даты вядзецца адлік гісторыі беларускага кіно.


Поўны спіс найлепшых беларускіх фільмаў можна паглядзець на сайце Беларускай незалежнай кінаакадэміі.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10