Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) Івонка Сурвіла 11 красавіка адзначае 89-годдзе. Рэдакцыя «Белсату» далучаецца да шматлікіх віншаванняў!
Івонка Сурвіла нарадзілася 11 красавіка 1936 года ў Стоўбцах, што тады былі ў складзе Польшчы. Ейны бацька – Уладзімір Шыманец, інжынер і будучы міністр фінансаў эміграцыйнага ўраду БНР у 1950-я гады.
З 1944 года Івонка разам з бацькамі жыла на эміграцыі. Спачатку ў Даніі, з 1948 – у Францыі. Скончыла Вышэйшую мастацкую школу ў Парыжы і філалагічны факультэт Сарбоны (1959). Пасля шлюбу з Янкам Сурвілам пераехала ў Мадрыд, дзе ў 1959–1965 гадах працавала ў Беларускай рэдакцыі Іспанскага нацыянальнага радыё, а таксама выкладала французскую мову. У 1969 годзе з сям’ёй пераехала ў Канаду, працавала ў федэральным бюро перакладаў.
Узначальвала Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, была старшынёй управы Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады. У 1984 годзе абраная ў склад праўлення Канадскай этнакультурнай рады, а ў 1989 годзе ўзначаліла «Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі».
З 1997 года старшыня Рады БНР у выгнанні. Апошні раз была пераабраная на гэтую пасаду ў 2023 годзе. Падтрымлівае стасункі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
2 ліпеня 2023 года КДБ Беларусі прызнаў Раду БНР «экстрэмісцкім фармаваннем». А неўзабаве Генеральная пракуратура пачала ў дачыненні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі крымінальную справу паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сярод іх – змова з мэтаю захопу ўлады, кіраванне «экстрэмісцкім фармаваннем», дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь і іншыя.
У 2024 годзе Аб’яднаны пераходны кабінет узнагародзіў Сурвілу медалём Францыска Скарыны.
Якуб Хруст belsat.eu