Беларусь 4 красавіка апублікавала «Палажэнне аб парадку функцыянавання інфармацыйнай сістэмы абмену звесткамі аб замежных грамадзянах і асобах без грамадзянства з Расеяй», падпісанае 31 сакавіка.
У палажэнні вызначаны парадак функцыянавання інфармацыйнай сістэмы абмену звесткамі пра мінанне мяжы ў пунктах пропуску, а таксама пра выдадзеныя, ануляваныя, прызнаныя нядзейнымі і канфіскаваныя дакументы, што сведчаць асобу замежных грамадзянаў і асоб без грамадзянства, якія перабываюць або пражываюць на тэрыторыі абедзвюх дзяржаваў.
З дакументу вынікае таксама, што сістэма абмену звесткамі цягам двух гадоў будзе весці і захоўваць у электронным выглядзе пратаколы доступу карыстальнікаў да яе.
Гэтую сістэму ўвялі «для аўтаматызацыі міждзяржаўнага інфармацыйнага абмену ў электроннай форме» і «збору, захоўвання звестак, што паступілі з інфармацыйных сістэмаў Расеі, і давання іх у электроннай форме карыстальнікам у адпаведнасці з іхнымі правамі».
Карыстальнікамі інфармацыйнай сістэмы абмену звесткамі запісаны МУС, МЗС, Дзяржпамежкамітэт, КДБ, КДК, Аператыўна-аналітычны цэнтр Аляксандра Лукашэнкі і білетны аператар.
Звесткі пра замежнікаў, якія падлягаюць накіраванню ў Расею, захоўваюцца ў сістэме абмену звесткамі да іх атрымання ДС «МІР» не больш за 30 дзён.
«Па мінанні патрэбы такія звесткі падлягаюць выдаленню або пераводу ў фармат архіўнага захоўвання», – напісана ў дакуменце.
Палажэнне ўступае ў сілу з сённяшняга дня.
Тэса Анэйда / belsat.eu