навіны

Лукашэнка тасуе кадры: новыя прызначэнні ў ягонай адміністрацыі і Нацбанку

Дзмітрый Матусевіч (злева) і Аляксандр Ягораў. Фота: БелТА, СБ. Беларусь сегодня
Дзмітрый Матусевіч (злева) і Аляксандр Ягораў. Фота: БелТА, СБ. Беларусь сегодня
podpis źródła zdjęcia

27 сакавіка Аляксандр Лукашэнка правёў кадравы дзень. З найбольш істотных зменаў – прызначэнне Дзмітрыя Матусевіча намеснікам кіраўніка ў эканоміцы сваёй адміністрацыі. Ягоны папярэднік перайшоў у Нацыянальны банк. 

Дзмітрый Матусевіч змяніў на гэтай пасадзе Аляксандра Ягорава, які, у сваю чаргу, стаў першым намеснікам кіраўніка Нацбанку (цяпер гэтую пасаду займае былы прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка).

Дзмітрый Матусевіч
нарадзіўся ў 1978 годзе ў Маладзечне. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт у 2001-м і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце ў 2010-м. З 2007 года – на дзяржаўных пасадах: у Міністэрстве лясной гаспадаркі, Міністэрстве эканомікі і Апараце Савету Міністраў.

З верасня 2017 года быў на пасадзе намесніка міністра эканомікі. З чэрвеня 2020-га – старшыня Дзяржаўнага камітэту маёмасці.

Прызначаючы Дзмітрыя Матусевіча на новую пасаду, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён будзе як на «гарачай патэльні». 

,,

«Тут работа не цяжэйшая, чым цяперашняя твая [на пасадзе старшыні Дзяржаўнага камітэту маёмасці. – Заўвага рэд.]. Але гарачая патэльня, як я кажу. Усё не проста. Не цяжэйшая работа, але ўлады большая і адказнасць большая. І невядома, за каго і калі атрымаць можаш, па-мужчынску кажучы», – сказаў Лукашэнка. 


Аляксандр Ягораў, які ад сёння перайшоў на пасаду намесніка кіраўніка Нацбанку, быў намеснікам кіраўніка ў эканоміцы адміністрацыі Лукашэнкі з сакавіка 2024-га. Год таму, прызначаючы Ягорава на гэтую пасаду, Лукашэнка казаў пра неабходнасць свежага погляду і абнаўлення кіраўнічых кадраў. Ён адзначыў банкаўскі досвед Ягорава і падкрэсліў, што таму давядзецца не толькі кантраляваць падначаленых, але і выказваць альтэрнатыўную думку, нават калі яна не супадае з пазіцыяй ураду ці Нацбанку.


Тады Лукашэнка адзначаў банкаўскі досвед Ягорава. Сапраўды, з 2021-га да сакавіка 2024 года Аляксандр Ягораў займаў пасаду старшыні праўлення Банку развіцця Рэспублікі Беларусь.


На пасадзе старшыні Банку развіцця Ягораў браў удзел у падтрыманні экспартна-арыентаваных прадпрыемстваў і праграмаў імпартазамяшчэння. Ён выступаў за развіццё экспартных магчымасцяў беларускіх кампаніяў і стымуляванне экспартна-арыентаванай вытворчасці як адзін з ключавых кірункаў эканамічнага развіцця краіны.


Падчас сённяшняга прызначэння Ягорава Лукашэнка загадаў загрузіць яго «на ўсю катушку» нават пытаннямі, не ўласцівымі для Нацбанку, а таксама выказаў насцярожанасць, каб у таго «галава не закружылася ад такой кар’еры».


Акрамя таго, падчас кадравых зменаў Лукашэнка прызначыў генеральнага дырэктара «Беларусьфільму» (Дзмітрый Сямёнаў), рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту транспарту (Мікалай Казакоў), а таксама прызначыў новых паслоў.

Што цікавага ў гэтых прызначэннях


Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка кажа «Белсату», што гэтыя абнаўленні падаюцца «абсалютна лагічнымі»: быў перазацверджаны і крыху зменены ўрад, таму лагічна, што мяняюць і людзей на ніжэйшым узроўні, пры чым адразу вялікай групай, каб «не падпісваць па адным аблвыканкаме штодня».

,,

«Заўважная тэндэнцыя – гэта пераход чыноўнікаў з лукашэнкаўскай адміністрацыі на кіроўныя пазіцыі ў міністэрствах і, адпаведна, Нацбанку, – кажа Мажэйка. – Гэта тыповы прыклад для недэмакратычнай сістэмы. дзе прэзідэнцкая адміністрацыя выконвае кадравыя ролі для ўраду. Але для Лукашэнкаўскай сістэмы тут абсалютна нічога новага».


Мажэйка адзначае, што адзіны «вясёлы момант» у гэтых перастаноўках – звальненне кіраўніцы справамі Гомельскага аблвыканкаму Алены Клічкоўскай, якая ці то заснула, ці то доўга сядзела з заплюшчанымі вачыма на сёмай інаўгурацыі Лукашэнкі


Амбасадарам у Ватыкан выправілі былога намесніка міністра замежных справаў Юрыя Амбразевіча. Ці гэта прывядзе да нейкай актывізацыі перамоваў, а Ватыкан выступіць пасярэднікам між афіцыйным Менскам і Захадам? Мажэйка адказвае: гэта ўзмацненне самых перспектыўных дыпламатычных напрамкаў. Ватыкан, кажа ён, гэта сапраўды тое месца, праз якое Беларусь за Лукашэнкам заўсёды спрабавала «трапіць у Еўропу». Адметным ён называе і тое, што Ігар Белы быў пераведзены з пасады амбасадара ў Паўднёвай Афрыцы ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты – важны фінансавы напрамак для Лукашэнкі, куды больш перспектыўны за Афрыку.

Павел Калавур (злева), Раман Галоўчанка (справа) і Пётр Пракаповіч (на фоне). Калаж: БелТА / СБ. Беларусь сегодня / Белсат

Што будзе з Нацбанкам без Калавура? Ці навучыўся Галоўчанка на ўроках Пракаповіча? Разважае Львоўскі

навіны

Лукашэнка наўпрост казаў падчас прызначэнняў, што Нацбанк мае кіраваць прыватнымі банкамі, звяртае ўвагу Мажэйка. Для «сацыялістычнага мыслення» Лукашэнкі гэта не нешта незвычайнае, але эксперт адзначае: і без таго аслабленай фінансавай сістэме Беларусі ўжо складана працаваць ва ўмовах санкцыяў, а зараз яшчэ і давядзецца Нацбанку кіраваць прыватнымі банкамі! Гэта не нармальная функцыя для цэнтральнага банку – як кажа Мажэйка, лепш бы Нацбанк замест гэтага нармальна змагаўся з інфляцыяй і забяспечваў макраэканамічную стабільнасць. А ўмяшальніцтва зверху ў гэтай справе нічога добрага не дасць.


Раман Шавель, Андрэй Сульжыц, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10