Цэны ў Беларусі растуць і гэта вельмі не падабаецца Лукашэнку. За гэта на чарговай нарадзе ён зноў разносіў чыноўнікаў. Паспрабуем разабрацца, што ж адбываецца з «адрэгуляванымі» цэнамі ў Беларусі, хто вінаваты і, самае галоўнае, чаго чакаць ад коштаў у 2025-м годзе.
Узровень інфляцыі ў Беларусі вышэйшы, чым у Еўразвязе. 5,2% супраць 2,4%. Дык што ж адбываецца? Трэба сказаць, што таварыш Мядзведзева, кіраўніца Белстату, паспрабавала растлумачыць нашаму генералісімусу аснову эканамічнай тэорыі, але ў гэтым была ейная стратэгічная памылка.
,,«Як я лічыў, цалкам разумны чалавек, Іна Мядзведзева нашая, якая, ну, жыццё жыве там, яна раптам мне піша, што цэнаўтварэнне залежыць ад попыту і прапановы. І, тыпу, няма чаго тут карачыцца», – сказаў Лукашэнка.
Такім чынам, эканамічную тэорыю мы, у межах асобнай краіны, адмянілі.
Лукашэнка, як бальшавік, які шчыра верыць у планавую эканоміку і праводзіць эксперымент над краінаю, атрымлівае менавіта той вынік, што і быў запланаваны, але чамусьці ў яго не верыць. Чыноўнікі, вядома, і не збіраюцца выконваць ягоных указанняў. Але справа не ў іх. Гэтыя ўказанні выканаць немагчыма ў прынцыпе. Ніяк. На гэта проста няма грошай. Банкі не будуць крэдытаваць заведама стратныя праекты, а бюджэту на ўсіх не хопіць. І на палову ягоных ідэяў не хопіць, і на траціну.
Можна, вядома, абвінаваціць падначаленых у карупцыі праз большую надбаўку на імпарт, чым на айчынныя тавары. З усталяваннем рознага ўзроўню дазволенай нацэнкі для імпарту і беларускіх вытворцаў яны, вядома, памыліліся, але айчыннае прайграе імпартнаму не з гэтае прычыны.
,,Проста праз брак працоўных рук нашыя мясцовыя прадпрыемствы не могуць вырабіць больш, і людзі, атрымаўшы крыху большыя заробкі, купляюць імпарт.
І тут трэба зрабіць невялікае адступленне. Гэты факт ужо прывёў да таго, што мінус у вонкавым гандлі ў студзені захаваўся на ўзроўні, вельмі падобным да снежаньскага. Мінус паўмільярда долараў за адзін месяц. Гэта вынік рэгулявання цэнаў, як і праблемы з коштамі на бульбу.
Крычы не крычы, нічога не будзе. Адзінае выйсце – адпусціць цэны, даць ім натуральным рынкавым чынам адрэгуляваць патрэбны ўзровень. Але гэта ж непрымальна для самой існасці галоўнага… эканаміста.
Паводле фантазіяў Лукашэнкі, трэба знайсці нейкую збалансаваную формулу, дзе і гандлю, і вытворцам ставала б і для прыбытку, і для інвестыцыяў.
,,Але… такая спроба – гэта сродкі пошуку алхімікамі «філасофскага каменя», што дазволіў бы ператвараць у золата любы метал. Ідэя тэарэтычна прыгожая, але на практыцы яе не зрэалізуеш.
Гэтую формулу ўсе семдзесят гадоў шукаў Савецкі Саюз, і яна прывяла толькі да павольнага дэфіцыту і ні да чаго больш. У рэчаіснасці ж мы з вамі назіраем, як ужо некалькі месяцаў нам абяцаюць паказаць нейкую новую форму рэгулявання цэнаў – і ўсё ніяк.
На гэтай нарадзе Лукашэнка разносіў сваіх падначаленых у пух і прах, вінаваціў ува ўсіх смяротных грахах. Думаеце, кагосьці звольніў? Не. Нават найбольш вінаватага чыноўніка, які напісаў яму купу супярэчлівых дакладных запісак, Мікалая Снапкова, прызначыў віцэ-прэм'ерам. Якасная кіраўнічая пастанова.
,,Калі Лукашэнку паставіць кіраваць недзе ў Сібіры, там дастаткова хутка пачнуцца праблемы са снегам.
Што будзе далей? Цэны трэба было б адпускаць. Яны, вядома, адыграюць адсоткаў пяць, будзе ўсплёск назапашанай інфляцыі, але эканоміка пачне дыхаць.
Аднак да гэтага сам Лукашэнка не гатовы. Ён проста не можа прызнаць, што моцна памыліўся, а таму шукае змову, крычыць на падначаленых, зрывае голас.