Прывід дэвальвацыі вярнуўся ў Беларусь. Так, не здзіўляйцеся. Справа выглядае менавіта так, нягледзячы на тое, што долар у чацвер апускаўся на біржы да трох рублёў і дваццаці шасці капеек. Што гэта значыць? Часовае ўмацаванне беларускага рубля наўпрост звязанае са званком Трампа Пуціну. Расейскі валютны рынак адрэагаваў выключна эмацыйна і апусціўся на ўзровень 90 рублёў за амерыканскую валюту.
Зусім нядаўна Лукашэнка патрабаваў разабрацца з вывадам валюты з краіны. І гэтым тыднем Нацыянальны банк патлумачыў нам прычыну такой пільнай увагі. Сальда вонкавага гандлю за 2024-ы год склалася адмоўным. Але якім адмоўным! Мінус 1 300 000 000 долараў! І гэта нават яшчэ не самыя дрэнныя навіны. Давайце палічым разам і вельмі ўважліва.
Вазьміце калькулятар. Курс долара ў Беларусі сёння вызначаецца выключна рынкавымі метадамі. Гэта, праўда, дзякуй кіраўніку Нацбанку Паўлу Калауру. Ёсць прапанова і ёсць попыт. Яны сустракаюцца на біржы, і Нацбанк вызначае курс на падставе вынікаў таргоў. І галоўнае, што ўплывае на дэфіцыт або лішак долараў, – гэта наш вонкавы гандаль.
Нягледзячы на бадзёрыя справаздачы ўраду пра дасягненне рэкорднай планкі 100 млрд долараў абарачэння вонкавага гандлю ў 2024-м, баланс не на нашую карысць, на ўжо названыя 1 300 000 000. І гэта не самае страшнае.
,,Снежань 2024-га быў катастрафічны – мінус 613 мільёнаў толькі за адзін месяц. І ўвесь 2024-ы мы назіралі паскарэнне падзення. Калі ў сярэдзіне года мы былі каля нуля, то за 11 месяцаў – 660 мільёнаў. І вось прыйшоў «чорны» снежань. Мінус – як за ўвесь папярэдні год.
Але, можа, снежань заўсёды такі дрэнны? Не, у снежні 2023-га мы нагандлявалі ў нуль. Што будзе, калі кожны з месяцаў 2025-га будзе такім жа, як снежань 24-га? Простае множанне дае нам мінус 7 мільярдаў з невялікім за год.
Нагадаю, Лукашэнка быў вымушаны пайсці на супрацу з МВФ і на 20% дэвальвацыю 31-га снежня 2008-га года пасля таго, як мы за год нагандлявалі на мінус 4,5 мільярда.
Так, 16 гадоў таму і долар быў іншым, і наш памер вонкавага гандлю быў значна ніжэйшы, але сітуацыя тая ж. Толькі сёння ў нас няма магчымасці звярнуцца да МВФ. Папросім у Расеі? А ў яе ёсць? Яе ўласная эканоміка ў перадкрызісным стане, выкліканым вайною. Больш за тое, прычынаю сённяшняй працы ў мінус і ёсць засяроджванне выключна на рынку Расеі.
,,Ну і яшчэ правал у гандлі з Кітаем. Так, тамака ў нас праблемы. Наш асноўны тавар – калій – выцясняюць расейскія канкурэнты. А іншых у нас і няма, замяніць у сурʼёзных абʼёмах няма чым.
Чаму істотнай дэвальвацыі не адбылося дагэтуль? У 2024-м годзе нас выратавалі самі грамадзяне Беларусі. Фізічныя асобы прадалі непрапарцыйна шмат валюты. Розніца паміж купляю і продажам склала 1 млрд 700 млн. І гэта анамальна высокая лічба. У 2023-м было толькі 300 мільёнаў. Але гэтая крыніца непрадказальная. Ці будзе яна выцягваць нас у 2025-м? Вялікае пытанне. Ах, так, у нас жа ёсць уласныя золатавалютныя запасы, цэлых 9 мільярдаў 300 мільёнаў. Выглядае нядрэнна. Але ж гэта мінімальна магчымая лічба такіх запасаў. Для бяспекі яна павінна складаць два, а лепш тры месяцы імпарту. Колькі ў нас? Крыху больш чым на два месяцы.
Ці ёсць падставы сцвярджаць, што заўтра, ці 1-га сакавіка, ці 1-га красавіка мы ўбачым курс долара 4 рублі ці вышэй? Не, усё не так хутка і не так крытычна. Аднак вось гэтыя вынікі снежня – гэта праблема, і пакуль развязанняў, акрамя дэвальвацыі, і не відаць. Але, магчыма, іх бачыць урад? Дзе там наш бадзёры прэмʼер Галоўчанка? Ну той самы, які абяцаў Лукашэнку паўгода таму, што ў трэцім квартале з усім абавязкова разбярэцца? Дзе Вы, Раман Аляксандравіч?
Таксама ў новым выданні «Атмасферы» з Аляксандрам Кныровічам:
- Навошта патрэбны Усебеларускі народны сход?
- Якое месца займае Беларусь у рэйтынгу карупцыі?
- Колькі будзе каштаваць беларускі электрамабіль?