У Нямеччыне расце трывога, што сучасныя знішчальнікі F-35, набытыя за 8,3 мільярда еўраў, могуць заставацца пад кантролем ЗША. Палітыкі і эксперты баяцца, што Вашынгтон можа дыстанцыйна заблакаваць працу гэтых самалётаў у выпадку канфлікту.
Гэтае пытанне набыло асаблівую актуальнасць пасля таго, як адміністрацыя Доналда Трампа ўвяла абмежаванні доступу Украіны да важных звестак, неабходных для кіравання амерыканскімі ракетнымі сістэмамі HIMARS, паведамляе «Bild».
Асаблівую ўвагу надаюць магчымай наяўнасці так званага «Kill Switch» – механізму, што дазваляе ЗША заблакаваць знішчальнікі.
Паводле прадстаўніка нямецкага абароннага канцэрну «Hensoldt» Ёахіма Шранцгофэра, гэтыя падазрэнні – не проста чуткі. Ён падкрэсліў, што блакаванне можа адбыцца праз убудаваныя сістэмы ці праз праграму планавання місіяў, што не дазволіць нават узляцець гэтым самалётам.
Некаторыя нямецкія палітыкі заклікаюць перагледзець кантракт або запатрабаваць дадатковыя гарантыі ад ЗША, каб Нямеччына мела поўны кантроль над выкарыстаннем F-35.
,,«Нам трэба ўважліва прыгледзецца і быць асцярожнымі. Калі мы аддаём столькі грошай на такую сістэму ўзбраення, як F-35, мы мусім таксама і мець магчымасць самастойна вызначаць, як яе выкарыстоўваць», – сказаў у гутарцы з «Bild» дэпутат Бундэстагу, эксперт у абароне ад ХДС Інга Гэдэхэнс.
Урад ФРГ цяпер разглядае магчымасць унясення зменаў у дамову.
Нагадаем, што ЗША адлучылі ключавы выведны канал перадавання папярэджанняў для Украіны, праз які паступалі звесткі для навядзення артылерыйскіх сістэмаў HIMARS. Акрамя таго, Украіна больш не атрымлівае інфармацыі ў рэальным часе для нанясення далёкіх удараў.
Раман Шавель belsat.eu