Аляксандр Лукашэнка адчытаў урад за высокія цэны на некаторыя тавары, перш за ўсё на гародніну, а яшчэ раскрытыкаваў чыноўнікаў, якія кажуць, што цэны павінны залежаць ад попыту і прапановы, а не ўказанняў Лукашэнкі. Відэа з гэтым абурэннем апублікаваў тэлеграм-канал «Пул первого».
Аляксандр Лукашэнка назваў статыстыку росту цэнаў «не такой аптымістычнай»: гародніна даражэе зімой на 15–20 %. Пры гэтым у краіне з 2022 года ўведзенае жорсткае рэгуляванне цэнаў.
«А што вы мне абяцалі ва ўрадзе? Я не прашу вас рэгуляваць прывазную экзотыку, усякія там артышокі або авакада. Хай гэта авакада каштуе столькі, колькі каштуе. Людзям павінна быць па кішэні самае простае: капуста, цыбуля, бульба, морква, яблыкі», – сказаў ён.
Палітык заявіў, што чыноўнікі могуць хлусіць і перабольшваць, а першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў нібыта адправіў яму адначасова тры справаздачы аб цэнах і ўсе з рознымі ацэнкамі: вельмі пазітыўнымі і вельмі негатыўнымі.
З далейшых словаў Лукашэнкі вынікае, што не ўсе чыноўнікі згодныя з рэгуляваннем цэнаў. За гэта дасталася кіраўніцы Белстату Іне Мядзведзевай.
«Як я лічыў, цалкам разумны чалавек, Іна Мядзведзева нашая, якая, ну, жыццё жыве там, яна раптам мне піша, што цэнаўтварэнне залежыць ад попыту і прапановы. І, тыпу, няма чаго тут карачыцца. Гэта не мне вы сказалі. Тыя людзі перадалі мне пазіцыю. Вунь яно як, ад попыту і прапановы залежыць цана, ад колькасці тавару, які мы вырабляем і гэтак далей. Усё гэта так», – сказаў Лукашэнка.
Аднак ён лічыць, што «гэтая класічная формула падлягае карэкцыі невялікай». Паводле Лукашэнкі, сабекошт прадукцыі ў Беларусі занадта вялікі, а выдаткі надмерныя.
У затраты вытворцы нібыта могуць закладваць «усім нам, не толькі да святаў, але і да ранішняй або вячэрняй трапезы кошык прадукцыі».
Лукашэнка згадаў, што чыноўнікі асцерагаюцца інфляцыйнага навесу, пра які цяпер кажуць незалежныя эканамісты. Аднак у 2022 годзе, калі ўвялі жорсткае цэнавае рэгуляванне, нібыта быў занадта вялікі «навес цэнаў» і «велізарны тлушч [у бізнесу], які трэба было здымаць».
«Дванаццаць палюбоўніц. Я не супраць, утрымоўвай хоць дваццаць! Але ўсё гэта ў сабекошт, калі казаць пра цану. А што не ўлезла ў пуза яго, вывозіць за мяжу і хавае там грошы», – апісаў напрыканцы прамовы працу вытворцаў Лукашэнка.
У гэты ж дзень ён казаў, што тым, каму бракуе грошай, каб нешта набыць, трэба шукаць яшчэ адну працу.
Арсен Рудэнка belsat.eu