У той час як у адных раёнах Беларусі заробкі набліжаюцца да Br 3000, у некаторых з іх яны не дацягваюцца і да Br 1500.
Са 118 раёнаў і 10 гарадоў абласнога падпарадкавання найбольшыя заробкі атрымліваюць у раёнах, што набліжаныя да Менску, а таксама тыя, дзе месцяцца буйныя прадпрыемствы («Беларуськалій», «БелАЭС», «БелАЗ», нафтаперапрацоўчыя заводы і іншыя).
Як адзначае выданне «banki24.by», у топ-10 паводле памеру сярэдніх заробкаў увайшлі: Менскі раён (Br 2990), Салігорскі (Br 2943), Астравецкі (Br 2827), Жодзіна (Br 2775), Рэчыцкі раён (Br 2739), Дзяржынскі (Br 2558), Смалявіцкі (Br 2542), Светлагорскі (Br 2537), Мазырскі (Br 2423) і Наваполацк (Br 2401).
Пры гэтым найбольш нізкія заробкі атрымліваюць на Магілёўшчыне і Віцебшчыне ды ў суседніх раёнах Гомельшчыны, найніжэйшыя – у Шаркаўшчынскім (Br 1473). Таксама ў антырэйтынг увайшлі Мёрскі раён (Br 1590), Расонскі (Br 1603), Ушацкі і Хоцімскі (па Br 1611), Краснапольскі і Мсціслаўскі (па Br 1617), Дрыбінскі (Br 1625), Кармянскі (Br 1626), Шумілінскі (Br 1634), Слаўгарадскі (Br 1635) і Акцябрскі (Br 1636) раёны.
Такім чынам, розніца ў заробках у самых забяспечаных і найменш багатых рэгіёнах Беларусі дасягала 2,03 раза.
У студзені 2025 года ў параўнанні са снежнем 2024-га намінальная налічаная сярэдняя заработная плата знізілася ажно на Br 266,5. Так, яшчэ ў снежні мінулага года намінальна налічаны сярэдні заробак складаў Br 2693,9, а ўжо ў студзені 2025-га – Br 2427,4.
Якуб Хруст belsat.eu