Аналітыка

Перакласці адказнасць і адхіліць найбольш амбітных. Нашто Лукашэнка даручыў чыноўнікам фармаваць урад

Адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі. Фота: Julian Nyča / Wikimedia
Адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі. Фота: Julian Nyča / Wikimedia
podpis źródła zdjęcia

Кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Дзмітрый Крутой узначаліў Камісію для выпрацоўвання прапановаў у фармаванні новага складу ўраду Беларусі. Навошта была створаная гэтая камісія, якія яе мэты і чаму менавіта гэты чалавек на яе чале? Пра гэта «Белсат» спытаў палітычнага аглядальніка радыё «Свабода» Валера Карбалевіча.

Пра тое, што Дзмітрый Крутой узначаліў Камісію для выпрацавання прапановаў у фармаванні новага складу ўраду паведамілі ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1». Паводле выдання, ужо на мінулым тыдні прозвішчы будучых міністраў «павінны былі апынуцца на стале ў кіраўніка дзяржавы». Але ніякіх імёнаў названа не было.

Старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава заяўляе, што да яе ніхто не падыходзіў з дзейнага складу ўраду са словамі, што гатовы працаваць надалей.

,,

«Да мяне дакладна ніхто не падыходзіў. Адзінае, мы разумеем, што ўсе людзі дзяржаўныя. І я думаю, што кожны з нас разумее: мы – людзі, якія служаць дзяржаве. Яны проста казалі: «Як скажа кіраўнік дзяржавы. Дзе сёння я патрэбны больш краіне, я буду працаваць там», – расказала яна.


Навошта Лукашэнку камісія?

Аніякай Камісіі для выпрацавання прапановаў у фармаванні новага складу ўраду ў беларускім заканадаўстве не прадугледжана. Не расказвалася пра яе і падчас ранейшых фармаванняў ураду. Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч мяркуе, што фармальна камісія ёсць часткаю працэсу пераходу ўлады да новага пакалення і разважанняў пра транзіт улады, пра што апошнім часам кажа Аляксандр Лукашэнка.

«Маўляў, вось, рыхтуйцеся кіраваць дзяржаваю ўжо самі, а я буду стаяць у баку і пагляджу, што тут вас атрымаецца», – кажа аглядальнік у каментары «Белсату».

Аднак, на ягоную думку, пра рэальны транзіт улады тут не вядзецца. З аднаго боку, сэнс гэтага дзеяння – перакласці адказнасць на чыноўнікаў за магчымыя будучыя праблемы ў эканоміцы, пра якія казаў сам Лукашэнка:

,,

«Калі будзе новы ўрад і будуць праблемы, Лукашэнка можа сказаць: "Ну, гэта ж не я выбіраў, гэта вы выбіралі, значыць, вам і адказваць, я толькі з боку стаяў і глядзеў"».


Таксама Валер Карбалевіч не выключае, што Лукашэнка хацеў бы паглядзець, як будуць змагацца за пасады ва ўрадзе розныя кланы і групоўкі. Сам бы ён у такім разе выступіў у ролі арбітра, які б, з аднаго боку, развязваў спрэчкі, а з іншага – падзяляў і ўладарыў.

«Можа, падчас гэтага фармавання ўраду выявяцца нейкія амбітныя людзі, якія будуць прэтэндаваць на тое, каб стаць пераемнікам ці яшчэ кімсьці, а гэтага Лукашэнка дапусціць не можа. Можа паглядзець, каб расквітнелі розныя кветкі, а потым можа рэагаваць на гэта», – адзначае палітычны аглядальнік.

Хто будзе справаздачыцца перад УНС?

Валер Карбалевіч нагадвае, што ў красавіку мае адбыцца Усебеларускі народны сход, перад якім будзе справаздачыцца кіраўнік ураду. І тут узнікае пытанне: калі гэта будзе новы чалавек, якога толькі цяпер прызначаць на пасаду, то пра што ён будзе рабіць справаздачу? Дзіўным будзе і выклік для гэтага дзейнага прэм’ера Рамана Галоўчанкі, калі ён страціць пасаду.

,,

«Таму, калі пераназначаць Галоўчанку зноў кіраўніком ураду, тады ўсё становіцца на свае месцы. Тады ён можа выступаць са справаздачаю за пяць гадоў свайго кіравання. То бок, гэтая справаздача, на мой погляд, павялічвае шанцы на перапрызначэнне Галоўчанкі на пасаду кіраўніка ўраду», – кажа суразмоўца.


Раман Галоўчанка на сустрэчы з губернатарам Пскоўскай вобласці Расеі. Пскоў, Расея. 29 жніўня 2024 года. Фота: БелТА

Галоўчанка – усё? Ці зменіць Лукашэнка прэм’ер-міністра і хто можа заняць пасаду

Аналітыка

Прызначэнне ж на чале камісіі ў пытаннях фармавання ўраду кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрыя Крутога ён лічыць вельмі лагічным, бо менавіта гэты орган займаецца кадрамі і прапануе іх для зацвярджэння.

Хто ж у выніку ўвойдзе ў новы ўрад, ці будуць там пераважаць бюракраты або сілавікі, Валер Карбалевіч прадказаць не бярэцца: «Кадравая палітыка Лукашэнкі – гэта самая непрагназаваная рэч».

Урад Беларусі 3 лютага склаў паўнамоцтвы, у той жа дзень Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ «Аб паўнамоцтвах Ураду», даручыў старому ўраду папрацаваць да прызначэння новага.

Згодна з арт. 106 Канстытуцыі, Савет Міністраў мусіць скласці паўнамоцтвы пасля прэзідэнцкіх выбараў – гэта ўрад і зрабіў. Цяпер Лукашэнка павінен прызначыць новы ўрад, пакінуць стары склад або прызначыць толькі часткова новы ўрад.

Лукашэнка 4 лютага сказаў, што хоча «паглядзець паводле спісу, ад прэм’ер-міністра да кіраўніка канцэрну і губернатараў», склікаць нейкую камісію для распрацавання новага складу ўраду, залучыць у камісію (не ўрад) старшыню Савету Рэспублікі Наталлю Качанаву, старшыню Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергеенку, Генеральнага пракурора Андрэя Шведа і іншых з «вярхушкі».

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10