За першыя паўтара месяца 2025 года па вяртанні ў Беларусь былі затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек, паведамляюць праваабаронцы «Вясны». Пра гэта ды іншыя парушэнні правоў у Беларусі – у штодзённым аглядзе рэпрэсіяў.
З аднаго рэйсавага аўтобуса з Літвы ці Польшчы сілавікі могуць зняць адразу некалькі чалавек, якія вяртаюцца ў Беларусь. Прычынаю могуць стаць «экстрэмісцкія» рэпосты і падпіскі ў сацыяльных сетках, фота з пратэстаў у воблачным сховішчы, данаты, а таксама гісторыя пошуку ў «Google». Таксама пад дадатковыя правяранні на мяжы трапляюць асобы, якія раней затрымліваліся на акцыях пратэсту і трапілі ў базу «БЕСпорядки», а таксама тыя, хто даўно не жыве ў Беларусі.
У пералік грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, дадалі яшчэ 18 чалавек – цяпер у ім 4948 прозвішчаў, паведамляе «Вясна».
Сярод іншых, у «спіс экстрэмістаў» дадалі блогерку Вікторыю Гусараву, а таксама затрыманую падчас «рэйду па салідарнасці» Алу Кісель.
За «здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) пачалі судзіць 29-гадовага мытніка Віктара Вераб'ёва, піша «Вясна».
Мужчыну таксама ставяць у віну перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч. 1 арт. 426 КК), спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК), удзел у экстрэмісцкім фармаванні (ч. 3 арт. 361-1 КК), арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (ч. 1 арт. 342 КК). Яму пагражае да 15 гадоў зняволення.
У Linkedin пазначана, што з 2018-га года Віктар працаваў старэйшым інжынерам сувязі на мытні. Імаверна, з гэтым і звязаная крымінальная справа супраць мужчыны за «перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў».
Працэс праходзіць у закрытым рэжыме пад старшынствам Сяргея Хрыпача.
Былому вайскоўцу Дзмітрыю Пазнякову збіраюцца ўзмацніць пакаранне, паведамляе «Вясна». Паводле прапагандыстаў, яго завербавалі польскія спецслужбы. У лістападзе 2023-га палітвязня асудзілі за «здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) да 19 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адбываць тэрмін яго адправілі ў Наваполацкую калонію № 1.
14 лютага ў Наваполацку прайшоў суд у справе замены Дзмітрыю рэжыму на турэмны. Справу разглядала суддзя Таццяна Хрыпач.
Паводле праваабаронцаў, у калоніі палітвязня катавалі з ужываннем электрашокера, прымушалі падпісваць дакументы і пустыя аркушы. Акрамя гэтага, яго неаднаразова адпраўлялі ў штрафны ізалятар (ШІЗА) і памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Удома Дзмітрыя чакаюць жонка і двое дзяцей.
Палітычнага вязня Аляксандра Францкевіча другі раз за год будуць судзіць нібыта за зацятае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі (ч. 2 арт. 411 КК) у судзе Аршанскага раёну і Воршы 27 лютага.
Паўгода таму Аляксандра ўжо асудзілі да года пазбаўлення волі паводле гэтага артыкулу. Цяпер яму зноў могуць дадаць тэрмін зняволення. Акрамя гэтага, палітвязня некалькі месяцаў утрымлівалі ў рэжыме інкамунікада.
Палітзняволенага Кірыла Вавеля пачалі судзіць паводле новай крымінальнай справы, піша «Вясна». У верасні 2024 года году яго пакаралі 3 гадамі калоніі за нібыта заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК). У Менскім гарадскім судзе 14 лютага пачаўся новы суд над палітвязнем нібыта за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Суддзя – Жанна Брысіна.
Мужчына працаваў на розных заводах і прадпрыемствах, якія займаюцца продажам прамысловага абсталявання. Таксама ў 2015 годзе ён заснаваў невялікую кампанію «Грыфком-вектар», што прадавала камплектавальныя для канвеераў. Кірыл піша музыку і сцэнары для фільмаў.
Кнігу Змітра Дашкевіча прызналі «экстрэмісцкаю». Гаворка пра выданне «Чарвяк» («Viesoji istaiga Gudu informacijos centras», Вільня, 2013). Адпаведнае рашэнне прыняў суд Заводскага раёну Менску 11 лютага. Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапілі выданні Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другi» і «Дзевяноста трэцi» – таксама па рашэнні суда Заводскага раёну Менску.
Арсен Рудэнка belsat.eu