Меркаваннi

Як вам, Ігар, такая перспектыва? Сустрэчная прапанова Туру

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від на Менск з паветра
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від на Менск з паветра. Менск, Беларусь. 25 студзеня 2025 года. Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Прапагандыст Ігар Тур выказаўся наконт нязгодных з рэжымам і варыянтамі іх будучыні. Што ж, і нам, змагарам, ёсць што на гэта адказаць.

Такім чынам, добры дзень дарагі Ігар! («Паважаны» не пішу па зразумелых прычынах).

У вас, а дакладней, у хлопцаў у строгіх гарнітурах і непрыгожых чаравіках, якія вырашаюць што, як і калі ты кажаш, таксама ёсць няшмат варыянтаў для дзеянняў.

Першы. Ад вас, ад вашага клопату разбягаюцца людзі. А тыя, хто не разбягаецца, проста адмаўляюцца нараджаць у цяперашняй Беларусі. Звярніце ўвагу – галоўнай сённяшняй праблемай у эканоміцы з'яўляецца недахоп працоўных рук. Пра яе кажуць усе. Дайшло да таго, што цэлы Лукашэнка кажа пра гэта ўслых, з важным выглядам, на сур'ёзных дзяржаўных нарадах.

У лічбах гэта выглядае так: было ў нас калісьці 5,2 млн занятых у эканоміцы, а засталося – 4,1, калі верыць афіцыйнай статыстыцы. І праблема ж пагаршаецца.

,,

Колькі тых, хто звярнуўся ў «камісію» за два гады? Крыху больш за 200 чалавек. Колькі атрымалі станоўчае рашэнне? 40. Колькі вярнуліся? 19. Ці не ўзнікае ў вас, Ігар, у гэты момант адчуванне, што нешта не так?


За гэты ж перыяд краіну пакінула некалькі тысяч чалавек, як мінімум. І працэс не спыняецца.

Пабочны эфект – адмоўнае знешнегандлёвае сальда і істэрыкі таго ж Лукашэнкі на нарадах аб тым, што вельмі дрэнныя інвестары вывезлі купу незаробленых грошай…

Ведаеце, чаму так? Знешні гандаль працуе ў мінус. За 11 месяцаў было пад мінус $700 млн. Якая сувязь паміж гэтым мінусам і недахопам людзей? Рабочых рук не хапае, іх заробкі растуць значна хутчэй, чым эканоміка, У выніку айчынных тавараў замала і людзі купляюць усё больш імпарту. Усё лагічна.

Што ж рабіць?

  1. Дзейнічаць як у Савецкім Саюзе – абносіць краіну калючым дротам і пускаць напружанне. Каб ні адзін лекар, маркетолаг або дальнабойнік адтуль не выбраўся.
  2. Спыняць рэпрэсіі, выпускаць палітвязняў, абвяшчаць, што часы змяніліся і больш не будзе артыкулаў за каментары ў сацсетках, крымінальных тэрмінаў за нацыянальную сімволіку і таму падобнага.

Я разумею, што гэта крыху супярэчыць вашай прыродзе (тваёй і хлопцаў, якія стаяць за табой), але трэцяга варыянту няма.

Калі вы не зробіце першага альбо другога, народ працягне разбягацца, а эканоміка спыніцца. Зрэшты яна ўжо спынілася, мяркуючы па справаздачах апошніх месяцаў, а на гарызонце больш суровыя часы.

Колькасць, напрыклад, студэнтаў у Беларусі за 10 гадоў зменшылася ўдвая. Гэта, на ўсялякі выпадак, не мае словы, пра гэта публічна кажа рэктар БДУІР Вадзім Богуш. А яшчэ праз 15-20 гадоў вас (хоць, у дадзеным выпадку, нас, усіх разам) чакае сапраўдная катастрофа – нараджальнасць 2023 года ў два разы ніжэйшая ад нараджальнасці 2014-га. Было 120 000 дзяцей у год, цяпер крыху больш за 60 000. Гэта абсалютна найгоршы вынік, горшы, чым у часы Другой сусветнай, і чым у суседзяў цяпер (акрамя ваюючай Украіны).

Што вы збіраецеся з гэтым рабіць?

,,

Тут замала будзе проста спыніць рэпрэсіі, трэба яшчэ і выйсці з вайсковага хаўрусу з Расеяй, каб людзі адчулі сябе ў бяспецы. А як інакш? Вы іх будзеце сілком прымушаць нараджаць?


Але і гэтага ж замала, Ігар. Каб маладыя людзі захацелі нараджаць, ім, акрамя бяспекі, патрэбныя яшчэ і грошы, адчуванне ўпэўненага росту эканомікі, якога вы (з карыкатурна суровымі хлопцамі) ім даць не ў стане.

І справа не ў санкцыях, на якія вы чамусьці так ўпіраеце. У перыяд 2012-2020 гадоў не было ж ніякіх істотных санкцый, праўда? І эканамічнага росту таксама не назіралася. Таму не ў санкцыях справа.

І апошняе, у чым сыходзяцца нашыя інтарэсы, гэта, вядома, незалежнасць. Імкненне ўтрымацца на троне, прывяло вашага начальніка да абсалютнай залежнасці ад Расеі. Пад 70% знешняга гандлю, інвестыцый і дзяржаўных даўгоў цяпер там. Табурэтка, на якой вы сядзіце, стаіць толькі на адной ножцы. Ды і тая вельмі няўстойлівая.

,,

Як Вам, Ігар, перспектыва з галоўнага прапагандыста краіны стаць папулярным (у вузкіх колах) вядучым рэгіянальнага расейскага тэлебачання? А да гэтага, да поўнай страты незалежнасці, вельмі і вельмі ж недалёка…


Як гэтага пазбегнуць? Жыць па правілах, прынятым у прыстойным грамадстве, а не па бандыцкім паняццях. Гэта азначае: спыніць саўдзел у вайне і рэпрэсіі, выпусціць палітвязняў, забраць мігрантаў з мяжы, прызнаць уласную віну ў незаконнай пасадцы Боінга... Я б пакуль абмежаваў спіс гэтымі пунктамі.

Калі вы (з хлопцамі там, за вашай спіной) вырашыце рушыць у гэтым кірунку ўсур'ёз, і заадно перастанеце мне (і такім як я) пагражаць, то і я, абяцаю, не застануся ў баку.

Не, вядома, да прызнання Лукашэнкі законным кіраўніком краіны справа не дойдзе. Для гэтага трэба правесці свабодныя дэмакратычныя выбары, а іх пакуль што няма на гарызонце. А вось публічная прапанова зняць санкцыі (акрамя індывідуальных, кропкавых) – цалкам магчымая, калі вы, са свайго боку пакажаце, што «ўсталі на шлях выпраўлення» (так гэта называецца ў папраўчых установах).

Ці паедуць пры гэтым назад людзі? Я не ведаю, гэта асабістае рашэнне кожнага чалавека. Паводле апытання Народнага Банку Польшчы 84% беларусаў адчуваюць сябе ў Польшчы фінансава ўпэўнена і заклікаць іх вярнуцца дадому датуль, пакуль мне самому вяртацца небяспечна, было б неяк дзіўнавата.

Рэзюмэ: выпускайце палітвязняў, забірайце мігрантаў, спыняйце дапамагаць Расеі ў вайне, прызнавайце віну ў пасадцы «Боінга»... а інакш? Інакш вы, Ігар, разам з вашымі заспіннымі таварышамі, рызыкуеце раптам адчуць сябе жыхарамі дэпрэсіўнага расейскага рэгіёну з вельмі пажылым насельніцтвам.

Яно Вам трэба? І мне таксама не. Таму падумайце над маёй прапановай, перадайце куды трэба. І, дзеля Бога, перастаньце ўжо мне пагражаць. Няма чым.

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10