Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ўжо 26 студзеня, улады Беларусі ўзмацняюць ціск ледзьве не на ўсіх: работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў, былых палітвязняў, сваякоў «экстрэмістаў»… Мяркуючы з аргументаў, якімі аперуюць сілавікі і прадстаўнікі ўлады, месцамі яны і самі дрэнна валодаюць інфармацыяй, але загад зверху выконваюць старанна. «Белсат» паразмаўляў з беларусамі і даведаўся, як гэта адбываецца.
Перадвыбарчае апрацоўванне беларусаў, як вядома, пачалося амаль адразу пасля таго, як Аляксандар Лукашэнка нечакана шмат для каго заявіў, што выбары адбудуцца ужо ў студзені 2025 года і сам ён ізноў возьме ў іх удзел. Але цяпер, напярэдадні дня ікс, гэтае перадвыбарчае апрацоўванне дасягнула сапраўднага апагею.
«Гэта нейкі новы ўзровень пекла»
Міхасю [імя суразмоўцы змененае з гледзішча бяспекі. – Заўв. рэд.] нібыта за ўдзел у акцыях пратэстаў, знявагу Лукашэнкі і супраціў супрацоўнікам міліцыі падчас затрымання прызначылі тры гады калоніі, якія ён адбыў цалкам. Удома яго ў гэты час чакалі жонка і непаўналетнія дзеці.
«У калоніі пабачыў і перажыў такое, што дагэтуль кашмары мучаць. Адзінае, чаго хацелася пасля вызвалення, – быць са сваёй сям'ёй. Але ж куды там! Нават пасля перажытага пекла я не магу назваць сваё жыццё на волі ў Беларусі хаця б нармалёвым, гэта нейкі новы ўзровень пекла», – кажа былы палітвязень.
Яшчэ ў калоніі Міхася прызналі злосным парушальнікам. За некалькі тыдняў да вызвалення на чарговым судзе яму прызначылі прэвентыўны нагляд.
Такі нагляд уводзіцца пасля вызвалення з месцаў пазбаўлення волі ў сувязі з цяжкасцю абвінавачванняў і пакаранняў (напрыклад, у выпадку асабліва небяспечнага рэцыдыву) або ў сувязі з паводзінамі асуджанага ў перыяд адбывання пакарання. Нагадаем, 12 ліпеня летась набылі моц новыя палажэнні Крымінальнага і Крымінальна-выканаўчага кодэксу, якія тычацца ажыццяўлення прэвентыўнага нагляду.
Згодна з правіламі гэтага віду нагляду, чалавек павінен заставацца ўдома ад 20:00 вечара да 6:00 ранку, а таксама не можа наведваць масавых мерапрыемстваў і нават хадзіць у крамы, дзе прадаецца алкаголь. Акрамя таго, асобу, за якой ажыццяўляецца прэвентыўны нагляд, могуць праверыць у любы час. У выпадку парушэння могуць прысудзіць новы крымінальны тэрмін.
«Мы жывем у сваім доме, пасля вызначанага часу я і так не магу выйсці за калітку. Нават удома – як у турме. Спачатку прыязджалі з праверкамі раз на дзень. А калі абвясцілі пра новыя выбары – жыццё стала невыносным. Мала таго, што на прафілактычных гутарках, на якія пастаянна сталі цягаць, прамывалі мазгі наконт экстрэмізму і важнасці выбараў. Так і кажуць: «Ты ж разумееш, за каго трэба галасаваць?» Дык яшчэ і правяраць сталі па тры разы на дзень», – распавядае Міхась.
Са словаў суразмоўцы, прыязджаюць нават уначы. І калі раней грукаліся ў дзверы, то цяпер спецыяльна вельмі ціха стукаюць у акно, а калі былы палітзняволены не пачуе і не адчыніць дзвярэй – запішуць парушэнне. Некалькі парушэнняў – і ў цябе новая крымінальная справа.
«Я проста перастаў спаць. Гэта не жыццё. Гэта жах, – кажа Міхась. – Галасаваць таксама, дарэчы, баюся. Не прагаласаваць – не змагу. Яны сапраўды за мной сочаць. Галасаваць за каго хачу – баюся. Пакінуць краіну са сваіх прычынаў таксама не змагу. Дзе выйсце – пакуль не ведаю».

«У адзін дзень прапаноўваюць мне не мець зносінаў з дачкой, на другі – запрашаюць яе вярнуцца дадому»
Уладзіміру больш за 70 гадоў. Сваёй дачкі ён не бачыў ужо чатыры гады. Яе, як і тысячы беларусаў, дзяржава лічыць экстрэмісткай, небяспечнай для існай улады. Усё гэта вельмі адбілася і на стане здароўя, і на сямейных стасунках, і на нервовай сістэме мужчыны.
«Раней з пракуратуры тэлефанавалі яе былому мужу. Нас – бацькоў, сястру – асабліва не чапалі. Толькі на працы выклікалі на прафілактычныя гутаркі, а сястры адмаўлялі ў павышэнні з прычыны «нядобранадзейнай радні». Але напярэдадні выбараў пачаўся нейкі маскарад», – распавядае мужчына.
Яму пачалі двойчы на месяц тэлефанаваць з пракуратуры і пытацца, дзе дачка.
,,«У пачатку студзеня патэлефанавалі і нагадалі, што яна экстрэмістка, а потым – што зносіны з экстрэмістамі таксама караюцца, як і чытанне экстрэмісцкіх рэсурсаў. Я падумаў, што нейкі новы супрацоўнік. Лухту нясе. Я ж ужо праходзіў і праверку тэлефона, і пагрозы. Але каб забаранялі зносіны з дачкой – гэта ўжо нешта новае… А на выходных [18–19 студзеня. – Заўв. рэд.] патэлефанавалі нават два разы», – узрушаецца мужчына.
Спачатку, як кажа Уладзімір, быў званок з пракуратуры: «Мы ведаем, што вашая дачка ў Беларусі. Як можна з ёй звязацца?»
«Вось тут я перапалохаўся: няўжо сапраўды дадумалася прыехаць? Я добра ведаю, да чаго гэта можа прывесці. Сказаў, што не магу гаварыць, і адразу ж звязаўся з дачкой – пераканаўся, што яна ў бяспецы. І не ў Беларусі. Не прайшло і дзвюх гадзінаў – званок ад участковага: «Добры дзень, вашая дачка плануе вяртацца?» Я яму: «Паняцця не маю, жыве сваім жыццём». А ён: «У сувязі з выбарамі экстрэмістам выбачаюць, перадайце, што вяртацца можа спакойна». Спадзяюся, што іхным абяцанкам ніхто не паверыць і прасіць дзяцей-«экстрэмістаў» вяртацца дадому бацькі ўсё ж не будуць. Верыць ім нельга, – упэўнены Уладзімір. – Адно зразумела: перад выбарамі ў іх там сапраўды нешта свішча. Гэта ж як трэба баяцца сваіх жа людзей!»
«Ім сказалі выканаць загад – і яны выконваюць»
Ціск адбываецца і на дзяржаўных прадпрыемствах.
Паводле сведчанняў беларусаў, прадстаўнікі КДБ, якія на прадпрыемствах звычайна займаюць пасаду намесніка па ідэалагічнай працы, перад выбарамі праводзяць у калектывах «прафілактычныя гутаркі» і заклікаюць рабіць «сумленны выбар».

Адзін з работнікаў Менскага трактарнага заводу, які пажадаў застацца ананімным, паведаміў:
«Нас сабралі ў актавай залі і сказалі, што чытанне апазіцыйных тэлеграм-каналаў можа прывесці да праблемаў у сям'і і на працы, як і падтрымка ненадзейных кандыдатаў. Яшчэ ўзялі моду выклікаць на дыван і намякаць, што ўсё ведаюць пра сваякоў, якія з’ехалі за мяжу. Нагадваюць такім чынам, што за мной сочаць. Брыдота».
Пры гэтым, як адзначаюць сведкі, прадстаўнікі так званых уладаў самі часцяком недастаткова валодаюць інфармацыяй пра палітычную сітуацыю ў краіне. Адзін з работнікаў таго ж Менскага трактарнага заводу на заклік галасаваць за надзейных кандыдатаў запытаўся: «А каго вы маеце на ўвазе?»
Кадэбэшнік адразу завёў гаворку пра Лукашэнку, ягоны надзейны курс і тое, што з ім не будзе вайны…
«На гэта хтосьці сказаў: «Дык іншыя кандыдаты таксама супраць вайны і нават Лукашэнку падтрымліваюць», – узгадаў наш суразмоўнік. – І той так згубіўся, што нават не змог нічога ўцямнага сказаць. Такое ж было і падчас збору подпісаў. Хадзілі тры няшчасныя чалавекі, збіралі нешта. Пачынаеш запытвацца ў іх, хто што абяцае, адкуль паходзіць… Вось проста цікава было, што адкажуць. А яны нічога не ведаюць, разумееце! Ім проста сказалі выканаць загад – і яны выконваюць».
Ёсць, як мы даведаліся, і іншыя варыянты перадвыбарчага запужвання.
Гэтак, на Аршанскім ільнокамбінаце работнікам актыўна распавядаюць, што яшчэ ў канцы 2024 года Следчы камітэт Беларусі даведаўся пра планы апазіцыйных сілаў сарваць выбары 2025 года і нават захапіць ды вызваліць частку Беларусі. Апазіцыя нібыта нават распрацавала стратэгію і план уварвання. Адразу пасля гэтых словаў, як нам паведамілі, кажуць пра тое, што падчас выбараў дзеля абароны краіны будуць задзейнічаныя ўсе магчымыя сілы і дадаюць: «Калі вы думаеце, што хтосьці ці штосьці застанецца незаўважным, то вы памыляецеся. Сочаць за кожным».
«Жахліва тое, што яны ўжо нават не хаваюцца, гавораць усё простым тэкстам. Мы тут усе закладнікі. Закладнікі бязвыбараў у цэнтры Еўропы», – выказалася адна з нашых суразмоўцаў.
Надзея Вольная belsat.eu