Аналітыка

«Выбары»: Чаму ўлады дагэтуль баяцца беларусаў і ці атрымаецца іх падкупіць

Акцыя пратэсту супраць прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі Мінск, Беларусь, 20 верасня 2020 года. Фота: Марыны Серабраковай / агенцтва Anadolu праз Getty Images
Акцыя пратэсту супраць прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі Мінск, Беларусь, 20 верасня 2020 года. Фота: Марыны Серабраковай / агенцтва Anadolu праз Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Да «выбараў» у Беларусі застаецца тыдзень. І хоць апазіцыя ў краіне даўно зачышчаная або выціснутая за яе межы і вынік галасавання вядомы загадзя, улады рыхтуюцца так, нібы зноў паўтарацца пратэсты 2020 года, дадушваючы тое, што не было дадушана. Адначасова ўлады спрабуюць падкупіць беларусаў, хоць і прызнаюцца – «а маглі б і не рабіць». Чаму гэта ўсё адбываецца менавіта такім чынам – чытайце ў матэрыяле «Белсату».

«Фляга свісціць»

Праваабаронцы «Вясны» ўжо ў снежні 2024 года зафіксавалі значны рост выпадкаў палітычна матываванага крымінальнага пераследу беларусаў. Апроч таго, сілавікі зладзілі шэраг перадвыбарчых вучэнняў, падчас якіх вучыліся затрыманням на выбарчым участку, разгону дэманстрацыі і іншаму. У Горадні ў сувязі з вучэннямі ўводзілі «рэжым контртэрарыстычнай аперацыі», а ў адной з папраўчых калоніяў адпрацоўвалі дзеянні пры бунце і захопе закладнікаў у калоніях. Павялічваецца і колькасць сілавікоў: 15 студзеня Лукашэнка сваім указам дазволіў супрацоўнікам Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, якой кіруе брат старшыні КДБ, ужываць зброю, фізічную сілу і спецсродкі, а таксама неназваныя «сучасныя тэхнічныя сродкі».

«Прафілактычнымі мерапрыемствамі» перад «выбарамі» ахопленая аграмадная колькасць людзей. У міліцыю, пракуратуру або да кіраўніцтва ўстаноў і прадпрыемстваў выклікаюць усіх, хто меў у мінулым затрыманні паводле палітычных артыкулах ці іншыя падставы для сачэння за сабой. Таксама міліцыянты ходзяць па кватэрах такіх асобаў. Часта людзей просяць падпісаць дакументы з папярэджаннем перад «выбарамі». Да таго ж супрацоўнікі МУС наведваюць арэндныя кватэры і просяць паказаць дамовы арэнды ды цікавяцца, «што вы будзеце рабіць 26 студзеня». Завітваюць яны і ў навучальныя ўстановы.

«На ўроку да нас у клас прыходзіў лейтэнант з ІСН [інспекцыі ў справах няпоўнагадовых. – рэд. belsat.eu]. Адразу пачаў з канфіскацыі тэлефонаў і «просьбы» паказаць дыктафон і камеру. Пасля таго, як забраў ва ўсіх тэлефоны і паклаў іх на стол, пачаў казаць пра «экстрэмісцкую» сімволіку і забарону падчас выбараў збірацца ў вялікіх кампаніях. Ён папярэдзіў, што за ўсякія «экстрэмісцкія лозунгі» будзе прадугледжвацца не адміністрацыйная адказнасць, а крымінальная. Таксама падлетку адразу пагражае траплянне ў СНП [сацыяльна небяспечнае становішча. – рэд. belsat.eu], ды нагадаў аб адказнасці за рэпосты і каментары ў сацыяльных сетках. У канцы заклікаў «паведамляць» пра нейкія дзівацтвы сярод сяброў: калі занадта шмат кажуць аб палітыцы, крытыкуюць дзейную ўладу – даносіць», – паведамлялі чытачы «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: binkl.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: binkl.by

Эксперты не выключаюць і чарговага блакавання інтэрнэту на «выбары», тым больш што пробныя адключэнні ўжо фіксаваліся ў ноч на 10 студзеня. Пра гэта ж паведамляюць таксісты. Дый сам Лукашэнка яшчэ 22 лістапада дапусціў поўнае адключэнне інтэрнэту ў Беларусі ў выпадку пратэстаў – «адключым наагул».

На выбарчы перыяд – з 20 снежня 2024 года да 1 лютага 2025 года – свае абмежаванні «з улікам аператыўнай інфармацыі, што паступае ад праваахоўных органаў», увёў і Нацыянальны банк. У гэты перыяд з небеларускіх картак можна зняць у банкамаце толькі 1000 рублёў, больш – толькі ў касах банкаў з пашпартам. Адмысловы загад МУС з нагоды «выбараў» у канцы снежня быў дасланы і чыгуначнікам – яны цяпер абавязаныя паведамляць у міліцыю пра людзей, якія фатаграфуюць ці здымаюць на відэа чыгуначныя каляіны, інфраструктуру і цягнікі, а таксама пра замежнікаў. Паводле звестак «Белсату», ад сярэдзіны студзеня да сярэдзіны лютага нават сістэмным адміністратарам, якія абслугоўваюць дзяржаўныя прадпрыемствы, нельга працаваць выдалена – толькі ў офісе.

У сваю чаргу Следчы камітэт пагражае беларусам за мяжой крымінальнымі справамі за іхную актыўную грамадзянскую пазіцыю і ўдзел у акцыях, арганізаваных дэмакратычнымі сіламі 26 студзеня. А ўрад пашырыў крытэры, паводле якіх сацыяльнае становішча дзіцяці будзе прызнавацца небяспечным. Сярод іх – «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», «уцягванне няпоўнагадовага ў антыграмадскія паводзіны» або «дробнае хуліганства», у чым улады часта вінавацяць апанентаў.

«Табакерка» па вуліцы Даўгабродскай, Менск. 14 чэрвеня 2020. Фота: ІА / Белсат
«Табакерка» па вуліцы Даўгабродскай, Менск. 14 чэрвеня 2020. Фота: ІА / Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына ідзе па асфальтаваным двары, аздобленым надпісам «Свабоду! 3 %», у Менску, Беларусь. 25 жніўня 2020 года. Фота: Sergei Gapon / AFP / East News

Таталізатар «народнай любові»: колькі адсоткаў намалююць Лукашэнку?

Аналітыка

З 20 студзеня асабовы склад органаў унутраных справаў і вайскоўцаў унутраных войскаў, а таксама супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў пераводзяцца на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Ужо да пачатку датэрміновага галасавання ўсе памяшканні ўчастковых камісіяў будуць абсталяваныя кнопкамі трывожнай сігналізацыі, практычна палова – сістэмамі відэаназірання. Побач з участкамі будуць хадзіць міліцыянты, апроч таго, да месцаў правядзення галасавання будуць набліжаныя дадатковыя мабільныя групы і групы хуткага рэагавання ў поўным экіпіраванні з аўтаматычнай зброяй «у гатовасці аказаць імгненную дапамогу нараду, які размяшчаецца ў месцы правядзення галасавання». Апроч таго, на дапамогу міліцыянтам прыцягнуць сілавікоў-ветэранаў і чальцоў БРСМ, а таксама «групы выведкі» ў цывільным. Пагражае беларусам і ЦВК: штрафамі за фота- і відэаздымку запоўненых бюлетэняў.

Рэпрэсіі на будучыню

Уся гэтая актывізацыя сілавікоў і рэпрэсіўнага апарату адбываецца на пяты год няспынных рэпрэсіяў, што пачаліся яшчэ перад выбарамі 2020 года. Тым не менш, улады не толькі працягваюць, але і пашыраюць гэтыя практыкі, хоць уся апазіцыйная актыўнасць у краіне, здавалася б, ужо даўно задушаная. Андрэй Казакевіч, доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера», тлумачыць гэта тым, што пэўны ўзровень рэпрэсіяў ужо закладзены ў тую мадэль палітычнай сістэмы, якая склалася пасля 2020-га года, і накіраваны на прафілактыку.

На яго думку, для перадвыбарчай кампаніі мог быць распрацаваны адмысловы план з прапапісанай колькасцю ператрусаў, актаў ціску на людзей, прапагандысцкіх матэрыялаў. Казакевіч сумняваецца, што арганізатары аналізуюць выніковасць гэтых акцыяў і іх наступствы для ўнутранай і вонкавай палітыкі – «проста ёсць такі план і яны яго адпрацоўваюць».

,,

«Асноўная логіка – мінімізаваць магчымыя рызыкі падчас гэтай кампаніі, каб нават тэарэтычна нічога не магло перашкодзіць», – кажа эксперт у каментары «Белсату».


Палітолаг мяркуе, што аснову гэтага плану, яго канцэпцыю прымае асабіста Лукашэнка. У тым ліку таму, што ў Беларусі няма іншага цэнтру, які б прымаў палітычныя рашэнні. Чаму робіцца менавіта зразумець цяжка, бо немагчыма ацаніць, як улады ўспрымаюць рэальнасць.

«Нам падаецца, што ўжо ўсё закатана ў асфальт, а ў іх можа быць іншая інфармацыя. У іх таксама ёсць сеткі, праз якія яны збіраюць інфармацыю. Ведаюць, што там або там людзі выказваюць незадаволенасць. Так, гэта не выліваецца ў нейкія дзеянні, але для таго, каб не вылілася, трэба праводзіць прафілактычныя акцыі. Трэба пастаянна, сістэмна людзей арыштоўваць, пастаянна пужаць, каб яны прызвычаіліся да таго, што любая палітычная актыўнасць, любыя палітычныя дзеянні могуць быць пакараныя», – адзначае Казакевіч.

Паводле яго, задача ўладаў – зрабіць немагчымым з’яўленне любой альтэрнатыўнай палітычнай сілы «не толькі зараз, але і ў будучыні», каб любыя альтэрнатыўныя палітычныя меркаванні былі «некамфортнымі, рызыкоўнымі». Для ўладаў гэта ўжо нармальны рэжым працы, не надзвычайны.


Збор подпісаў за вылучэнне на пост прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Менск, Беларусь. 7 лістапада 2024 года. Фота: bank.1prof.by
Збор подпісаў за вылучэнне на пост прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Менск, Беларусь. 7 лістапада 2024 года. Фота: bank.1prof.by

Пернікі беларусам, якія «маглі б і не рабіць»

Але не аднымі пагрозамі абмяжоўваюцца ўлады. Яны спрабуюць знайсці і «пернік» для выбарцаў. Гэтак, дэ-факта перадвыбарчым, хоць фармальна пераднавагоднім падарункам можна лічыць адкрыццё 30 снежня, менш як за месяц да галасавання, новых станцыяў менскага метро.

,,

«Да Новага года мы заўсёды дорым нашым людзям нейкі падарунак. І чым лепшы ён, чым багацейшым выглядае, тым больш задаволеныя нашыя людзі», – сказаў Лукашэнка.


З «выбарамі», падобна, звязаны і афіцыйны запуск пераводу Менску на артэзіянскую ваду 10 студзеня. Тады Лукашэнка выказаў спадзеў, што «менчукі гэта [запуск артэзіянскай вады. – Рэд. belsat.eu] ацэняць». Хоць і знайшоў нагоду папракнуць іх: «Вы не плаціце за ваду столькі, колькі яна каштуе».

«Мы гэта для каго робім? Для свайго народу. Скажу шчыра: а маглі б і не рабіць. … Але мы гэта зрабілі. Бо я ведаю, што гэта людзі запомняць назаўжды. І будуць удзячнымі», – казаў палітык пра ваду 7 студзеня.

Апроч інфраструктурных праектаў, запуск якіх «супаў» з агітацыйнай кампаніяй, беларусаў радуюць і зніжкамі. Напрыканцы лістапада Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю запусціла акцыю «На родныя тавары. Навагодняя скідка», якая дае зніжку ў 10 % на тавары беларускай вытворчасці – ад прадуктаў да мэблі. Паводле яго, удзел у акцыі пацвердзілі буйныя гандлёвыя сеткі і вытворцы, у якіх, падобна, іншага выбару і не было. А 30 снежня цяпер ужо былы міністр Аляксей Багданаў заявіў, што «добрая акцыя атрымалася», таму навагоднія зніжкі было вырашана працягнуць да канца студзеня – то бок да канца выбарчай кампаніі. Пасля, відаць, беларусаў чакае навагодняе пахмелле ў выглядзе росту цэнаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Плошча Пераменаў. Мінск, Беларусь. 15 лістапада 2020 года. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Плошча Пераменаў. Мінск, Беларусь. 15 лістапада 2020 года. Фота: Белсат

Палітолаг Казакевіч адзначае, што рабіць такія падарункі выбарцам перад «выбарамі» натуральна для беларускіх уладаў. З 1994 года яны толькі адзін раз, у 2020 годзе, гэтага не рабілі.

«Гэта звычайная практыка, калі аўтарытарны лідар перад выбарамі выкарыстоўвае адміністратыўны рэсурс, каб кагосьці падкупіць, камусьці нешта паабяцаць», – кажа Казакевіч.

Ён нагадвае, што новыя станцыі метро або артэзіянскую ваду і так бы запускалі, бо гэта шматмільённыя і шматгадовыя праекты, «але чаму б не зрабіць гэта перад выбарамі». Пры гэтым, паводле яго, нават нельга сказаць, што ўлады шмат грошай укладаюць у гэта – «былі кампаніі, дзе гэта было значна больш шчыльна».

Эфектыўнасць такіх захадаў ацаніць цяжка, бо ніхто не даведаецца, як людзі насамрэч прагаласуюць. Але і шкоды яны дакладна не нанясуць – «калі і будзе нейкі эфект, то толькі ў паляпшэнне і павышэнне рэйтынгаў Аляксандра Лукашэнкі», заключае палітолаг.

Паміж эканомікай і страхам абяруць страх?

Казакевіч адзначае, што няспынныя рэпрэсіі кепска адбіваюцца на Беларусі, на яе іміджы, стасунках з Захадам. Таксама яны ствараюць дадатковую напружанасць унутры краіны, у тым ліку на рынку працы. На думку палітолага, развіццё сітуацыі з рэпрэсіямі пасля выбараў шмат у чым будзе залежыць ад эканамічнай («незадаволенасць уладамі з'яўляецца не на пустым месцы»), а таксама ад вонкавапалітычнай сітуацыі, перадусім вакол вайны Расеі ва Украіне і ўцягнутасці ў гэта Беларусі.

Акцыя пратэсту. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года. Фота Белсат
Акцыя пратэсту. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года. Фота Белсат
Суразмоўца чакае, што пасля выбараў пытанне далейшага выкарыстання рэпрэсіяў будзе вырашыцца паміж дзвюма пазіцыямі ўладаў. Першая – што трэба іх працягваць, бо інакш будуць павялічвацца праблемы і незадаволенасць грамадства і ў выніку можна згубіць кантроль.
,,

«Усе памятаюць Перабудову і іншыя падобныя гістарычныя працэсы. Для самога Аляксандра Лукашэнкі гэта, пэўна, вельмі балючая тэма», – мяркуе Казакевіч.


З другога боку, дадае ён, будзе пазіцыя, каб рэпрэсіі змяншаць, у тым ліку дзеля нармалізацыі стасункаў з Захадам, паляпшэння эканамічнага становішча і зніжэння напружанасці ў грамадстве.

Тым не менш, сам палітолаг мяркуе, што ва ўнутранай палітыцы ўладаў будзе дамінаваць страх страціць кантроль. Таму і спынення рэпрэсіяў можна чакаць толькі тады, калі «сітуацыя прымусіць», дадае ён.

Прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Сярод кандыдатаў – Лукашэнка і тыя, хто яго падтрымлівае або прынамсі не выступае супраць яго. «BELPOL» ужо расказаў у дэталях, якія механізмы ўжываюцца для фальсіфікацыі гэтых выбараў. Эксперты прагназуюць, што Лукашэнку без падліку галасоў напішуць далёкія ад праўды 80–90 %. Рэальную апазіцыю да выбараў не дапусцілі. Дэмакратычныя сілы заклікаюць байкатаваць гэтыя выбары – актыўна ці пасіўна.

Еўрапейскі парламент ужо падкрэсліў, што выбары ў Беларусі ў сённяшніх умовах не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі. Кангрэс Злучаных Штатаў Амерыкі і шэраг краінаў заклікалі не прызнаваць «фіктыўных прэзідэнцкіх выбараў» у Беларусі. Не прызнаць гэтыя выбары ўжо паабяцалі парламент Польшчы і прэм’ер Нідэрландаў.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10