навіны

Беларусы замежжа ўсё ж змогуць прагаласаваць на выбарах, але не ўсе і толькі ў Беларусі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Наша Ніва
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Наша Ніва
podpis źródła zdjęcia

Цэнтральная выбарчая камісія арыгінальна развязала праблему, як на прэзідэнцкіх выбарах змогуць прагаласаваць беларусы, якія жывуць за мяжой. Выйсце такое: для іх будуць даступныя шэсць участкаў для галасавання. І ўсе яны будуць размешчаныя на тэрыторыі Беларусі.

Адпаведную пастанову Цэнтральная выбарчая камісія прыняла 23 снежня. Паводле інфармацыі ЦВК, прагаласаваць змогуць грамадзяне, якія маюць выбарчае права, пастаянна жывуць па-за межамі Беларусі, аформілі выезд для пастаяннага жыхарства па-за краінай, стаяць на консульскім уліку і не маюць рэгістрацыі на беларускай тэрыторыі.


Заяўляецца, што ўчасткі для беларусаў замежжа размесцяцца ў Берасці (№ 24; Берасцейскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў), Віцебску (№ 15; Цэнтр культуры «Віцебск»), Гомлі (№ 74, Гомельскі абласны грамадска-культурны цэнтр), Горадні (№ 14; Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы), Менску (№ 61, гімназія № 75 імя Масленікава) і Магілёве (№ 84, сярэдняя школа № 24 імя Сіманава).


Нагадаем, яшчэ ў кастрычніку старшыня ЦВК Ігар Карпенка заявіў, што Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі не будзе ствараць выбарчых участкаў за межамі краіны, бо гэта «не прадугледжана беларускім заканадаўствам». Для ўдзелу ў галасаванні беларусам, якія пакінулі краіну, прапанавалі прыехаць на радзіму. Гэтым крокам у беларусаў, вымушаных пакінуць радзіму з палітычных прычынаў, фактычна адабралі права голасу.


Пра тое, што ўлады такім чынам пазбаўляюцца апанентаў, сведчыць той факт, што ствараць выбарчыя ўчасткі ў дыпламатычных прадстаўніцтвах краіны ўлады перасталі пасля масавых пратэстаў 2020 года. Іх удзельнікі, заяўляючы пра маштабныя фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах на карысць Лукашэнкі, настойвалі, што бальшыня беларусаў у рэчаіснасці падтрымала Святлану Ціханоўскую.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10