Аналітыка

«Орешник» не спрацаваў». Ці пойдзе Расея на новую эскалацыю?

Журналісты здымаюць фрагменты ракеты, меркавана «Арэшніка» – эксперыментальнай балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці, якая абрынулася на Дняпро 21 лістапада, у цэнтры крыміналістыкі ў неўстаноўленым месцы ва Украіне. 24 лістапада 2024 года. Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News
Журналісты здымаюць фрагменты ракеты, меркавана «Арэшніка» – эксперыментальнай балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці, якая абрынулася на Дняпро 21 лістапада, у цэнтры крыміналістыкі ў неўстаноўленым месцы ва Украіне. 24 лістапада 2024 года. Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News
podpis źródła zdjęcia

Расея атакавала Украіну невядомым да таго «Орешникам» і пагражае біць па краінах, якія дапамагаюць Кіеву. І хоць заяўленай эфектыўнасці ад новай зброі, якой «няма аналагаў у свеце» не бачна, свет пасля 21 лістапада дакладна не стаў больш бяспечным.

Раніцай 21 лістапада Расея з тэрыторыі Астраханскай вобласці атакавала ўкраінскі Дніпро невядомай ракетай. Ва Украіне меркавалі, што ўдар нанеслі міжкантынентальнай балістычнай ракетай PC-26 «Рубеж», асноўнае прызначэнне якой – дастаўка ядравых зарадаў. Аднак замежныя партнёры Кіева сумняваліся, што ракета была менавіта міжкантынентальнай. Так, крыніца BBC у адміністрацыі Злучаных Штатаў заявіла, што Расея, падобна, запусціла эксперыментальную балістычную ракету сярэдняй далёкасці.

Ракета мела боегалоўку зусім не рэкорднага памеру: па Украіне запускалі і значна мацнейшыя ракеты. Няма для Кіева і прынцыповай розніцы між балістычнымі ракетамі сярэдняй далёкасці (да 5500 км) і міжкантынентальнымі (звыш 5500 км). Дый Расея ўжо ўжывала для ўдараў па Украіне іншыя ракеты, здольныя несці ядравы зарад. Але раней міжкантынентальныя ракеты яшчэ не ўжываліся ў войнах. Іхнае ўжыванне магло б сведчыць пра «рэпетыцыю» ядравай вайны.

Увечары 21 лістапада з адмысловай заявай выступіў Уладзімір Пуцін, які паведаміў пра ўжыванне новай балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці «Орешник» у бяз’ядравай гіпергукавай версіі. Паводле яго, ракета можа атакаваць з хуткасцю 2500–3000 м/с, а сучасныя сродкі супрацьпаветранай абароны яе не могуць перахапіць. Раней ён казаў, што ракеты «Кинжал» таксама немагчыма перахапіць, хоць украінскія і заходнія спецыялісты пярэчаць гэтаму.

Ратавальнікі тушаць пажар у будынку, які моцна пацярпеў ад расейскага ўдару ў Дняпры, Украіна. 21 лістапада 2024 года. Фота: Ukrainian Emergency Service via AP / East News
Ратавальнікі тушаць пажар у будынку, які моцна пацярпеў ад расейскага ўдару ў Дняпры, Украіна. 21 лістапада 2024 года. Фота: Ukrainian Emergency Service via AP / East News

Паводле Пуціна, запуск стаў адказам на тое, што ЗША «плануюць вырабляць і разгортваць ракеты сярэдняй і меншай далёкасці», а Украіна атакавала цэлі ў Расеі з ужываннем амерыканскіх ракетаў ATACMS і англа-французскіх Storm Shadow. Ён заявіў, што вайна ва Украіне, якую ён дагэтуль называе «спецыяльнай ваеннай аперацыяй», набыла рысы глабальнага канфлікту, раз па Расеі б’юць зброяй заходняй вытворчасці. Таксама Пуцін прыгразіў новымі запускамі балістычных ракет па Украіне і ўдарамі па вайсковых аб’ектах краінаў, якія дазваляюць ужываць сваю зброю супраць РФ. Гэта пры тым, што Украіна даўно б’е заходнімі ракетамі па той тэрыторыі, якую Расея яшчэ ў 2014 і 2022 годах абвясціла сваімі – па акупаваных Данецкай, Запарожскай, Луганскай і Херсонскай вобласцях, а таксама па Крыме. Але, відаць, іх ён дагэтуль не лічыць Расеяй.

Які вынік удару?

Пуцін сцвярджаў, што ракета была нацэленая на ракетабудаўнічы завод «Южмаш» і цэлі дасягнула. Але афіцыйна ў выніку абстрэлаў у Дніпры пацярпелі толькі тры чалавекі, быў пашкоджаны цэнтр рэабілітацыі для людзей з інваліднасцю. Больш за тое, 24 лістапада блогер Ян Мацвееў апублікаваў спадарожнікавы здымак Sentinel, адзначыўшы, што завод «Южмаш» не атрымаў сур’ёзных пашкоджанняў.

,,

«Расейскія каналы пісалі, што пасля ўдару „Орешника“ завод „Южмаш“ у Дніпры разбураны, завода больш няма. Падобна на тое, свежы спадарожнікавы здымак Sentinel мяне падманвае. Або ЗСУ за тры дні пабудавалі ідэальны макет завода, каб схаваць неверагодны поспех пуцінскай ракеты», – адзначыў ён.


Аналітык BILD Юльян Рэпке мяркуе, што «Орешник» быў проста тэставай версіяй ракет РС-26, у якой не было ні ядравага зарада, ні выбухоўкі. І хоць «жахлівыя кадры паказваюць, як з неба праз аблокі падаюць шэсць ракет», шкода атрымалася нязначнай. Паводле яго, «гэта даказвае, што гэта была прапагандысцкая і палітычная, а не ваенная акцыя».

Адсутнасць сур’ёзных пашкоджанняў прызналі і некаторыя Z-блогеры. «Візуальна ўдар наогул не прывёў ні да якіх пашкоджанняў, што нядзіўна. Фактычна, пустыя даўбешкі без якіх-небудзь баявых зарадаў і не маглі нічога зрабіць. У адказ на ўдары Storm Shadow і ATACMS [украінцы] абышліся толькі лёгкім спалохам. Гэта нейкая ганьба!» – адзначыў Alex Parker Returns.

Захад: ад мапаў абстрэлу да новых дазволаў

Прадстаўнік генеральнага сакратара ААН назваў запуск новай балістычнай ракеты «трывожным новым развіццём паздзеяў» і заклікаў да «тэрміновых крокаў у дээскалацыі». Брытанскі таблоід Daily Mail падлічыў, што Пуцін «мог бы лёгка ўразіць любую цэль у Еўропе ці Вялікай Брытаніі, не звяртаючыся да сваёй наймагутнейшай зброі». Гэтак, адзначала выданне, прадставіўшы адпаведную мапу, цэлі ў Лондане «будуць ахопленыя полымем менш як за 20 хвілін, у той час як у размешчанага далей на ўсход Берліна будзе менш як 15 хвілін да ўдару».

Тым не менш, прэс-сакратарка Белага дому Карын Жан-П’ер заявіла, што нават пасля запуску Расеяй «Орешника» ЗША працягнуць «быць побач з Украінай і мужным украінскім народам ды забяспечваць украінцаў усім, што ім патрабуецца на полі бою». Яна падкрэсліла, што эскалацыя ў вайне ідзе з боку Расеі, якая пачала канфлікт і працягвае яго нагнятаць.

Міністр замежных справаў Францыі Жан-Ноэль Баро пасля пагрозаў «Орешникам» заявіў, што Парыж дазваляе Кіеву выкарыстанне сваіх дальнабойных ракет SCALP для ўдараў па цэлях на расейскай тэрыторыі «ў логіцы самаабароны», бо ад гэтага ў тым ліку залежыць бяспека Францыі.

,,

«Кожны раз, калі расейскае войска прасоўваецца на адзін квадратны кіламетр, пагроза робіцца на адзін квадратны кіламетр бліжэйшай да Еўропы», – заявіў кіраўнік французскага МЗС.


За пастаўкі нямецкіх дальнабойных ракетаў Taurus Украіне выступіла 23 лістапада і прэзідэнтка Еўрапарламенту Рабэрта Мэтсоля. Хоць супраць гэтага канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, кіроўная кааліцыя якога ўжо фактычна развалілася. Ён, дарэчы, назваў запуск «Орешника» жудаснай эскалацыяй.

Не спыняюцца і ўдары заходнімі ракетамі па тэрыторыі Расеі. Гэтак, ATACMS прыляталі па Курскай вобласці і 23, і 25 лістапада. Не кажучы ўжо пра штодзённыя атакі беспілотнікамі. Гэта пры тым, што жыхароў Калужскай вобласці, напрыклад, пасля прылётаў супакойвалі «Орешникам», які «заўсёды стаіць напагатове».‍ Дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк наагул заявіў, што выкарыстанне Расеяй міжкантынентальнай балістычнай зброі абнуляе магчымасці пра нешта дамовіцца з Расеяй.‍

Што хацела Расея і што атрымала

У каментары «Белсату» гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман адзначыў, што мэтай запуску «Орешника» было з дапамогай «больш жорсткіх пагрозаў» прымусіць Захад адмовіцца ад падтрымання Украіны. Ён спаслаўся на артыкул Сяргея Караганава, палітолага з атачэння Пуціна, які яшчэ ў 2023 годзе заявіў пра неабходнасць ужываць тактычную ядравую зброю праз тое, што расейскія пагрозы не працуюць і заходнія пастаўкі зброі ва Украіну працягваюцца.

Дзеці схаваліся на станцыі метро падчас паветранай трывогі ў Кіеве, Украіна. 21 лістапада 2024 года. Фота: Tetiana Dzhafarova / AFP / East News
Дзеці схаваліся на станцыі метро падчас паветранай трывогі ў Кіеве, Украіна. 21 лістапада 2024 года. Фота: Tetiana Dzhafarova / AFP / East News

«Цяпер Расея пайшла ў гэтым напрамку. Маўляў, мы ўжываем новую зброю або абвяшчаем, што гэта новая зброя, ды яшчэ такая фантастычная і неверагодная, і з ёй мы можам дасягнуць усё, што заўгодна. То бок, мы не толькі размаўляем, але мы і робім. На гэта была разлічаная гэтая акцыя», – сказаў гісторык.

Паводле яго, такі запуск сапраўды ўплывае на заходнія грамадствы, узмацняе там «розныя страхі і пачуцці», бо «людзі адкрываюць небяспеку вайны». Аднак, падкрэсліў Фрыдман, сярод палітычнага кіраўніцтва і экспертнай супольнасці заходніх краінаў разгубленасці і імкнення змяніць свае паводзіны нябачна. Суразмоўца адзначыў, што нават будучая адміністрацыя ЗША пад кіраўніцтвам Доналда Трампа «фактычна адмоўчваецца», не крытыкуе дазвол Кіеву біць па расейскай тэрыторыі.

«Масква імкнецца ўзмацніць прапагандысцкі эфект. Але пакуль мне падаецца, што нічога яны гэтым не дасягнулі. Не атрымалася ў іх напужаць. ... „Орешник“, падаецца, не спрацаваў», – сказаў Фрыдман.

Ці ёсць вар’яты ў Крамлі?

Тым часам намеснік старшыні Савета бяспекі Расеі Дзмітрый Мядзведзеў, вядомы рэгулярнымі ядравымі пагрозамі, пасля навінаў пра ўжыванне «Орешника» нечакана заявіў, што ў Крамлі «няма вар’ятаў» і ніхто не хоча выкарыстоўваць ядравую зброю. Фрыдман у гэтым убачыў роспач з прычыны адсутнасці патрэбнай для Крамля рэакцыі Захаду. Ён таксама звярнуў увагу на кантэкст: гэта Мядзведзеў сказаў саудаўскаму тэлеканалу Al Arabiya. Гісторык патлумачыў гэта тым, што Расея для краінаў «Глабальнага Поўдня» шукае стрыманыя фармулёўкі, каб не выглядаць «вельмі адмоўна». Але ў любы момант ён можа змяніць сваю рыторыку, таму трэба глядзець не на словы, а на справы, заявіў суразмоўца.

Гэта пацвердзіў і сам Мядзведзеў, які ў сваім тэлеграм-канале заявіў, што ад «Орешника» «шкода непрымальная, збіць сучаснымі сродкамі немагчыма і гаворка ідзе пра хвіліны».

,,

«Бамбасховішчы не дапамогуць, таму надзея толькі на тое, што добрая Расея будзе папярэджваць аб пусках загадзя.‍ Таму лепш спыняць падтрыманне вайны», – напісаў ён.


Будуць новыя чырвоныя лініі?

Мэт’ю Бан, аналітык па ядравай зброі і былы навуковы дарадца ў адміністрацыі Біла Клінтана, кажа, што ядравыя сілы РФ цяпер знаходзяцца ў стане баявой гатовасці. Апошнім разам, паводле яго, выведка ЗША сур’ёзна разглядала небяспеку прымянення Расеяй ядравай зброі для нанясення ўдараў па Украіне ў канцы 2022 года пасля паспяховага контрнаступлення ЗСУ ў Харкаўскай і Херсонскай вобласцях.

«Існуе меркаванне, што калі Украіна паспяхова дасягне кропкі, калі ўзнікне сур’ёзная пагроза Крыму, – магчыма, верагоднасць гэтага складае 50/50, – то пры гэтых абставінах Расея абярэ ўжыванне ядравай зброі», – сказаў эксперт.

У сваю чаргу Джон Эрат, старэйшы дырэктар у пытаннях палітыкі вашынгтонскага Цэнтру кантроля над узбраеннямі і нераспаўсюджання, мяркуе, што Расея наўрад ці прыменіць ядравую зброю. За апошнія два гады для яе выкарыстання было пяройдзена ўжо нямала «чырвоных рысаў», нагадвае ён.

Аналітык звяртае ўвагу на тое, што Расея выкарыстоўвае ўсе віды ўзбраенняў у вайне супраць Украіны без якіх-небудзь умоваў. Таму прычына, па якой яна дагэтуль не ўжывала ядравую зброю, звязаная толькі з тым, «што гэтая зброя не пойдзе ім на карысць».

Сітуацыя больш напружаная, чым у 1962 годзе

Пакуль жа Фрыдман чакае новай эскалацыі з боку Расеі, бо «ім трэба нешта рабіць», каб «усе зразумелі, што ўсё сур’ёзна». Бо пакуль Захад працягвае падтрымліваць Украіну, хоць з украінскага пункту гледжання дае куды менш, чым трэба, з расейскага – «больш чым трэба».

Пешаходы праходзяць міма аўтобуснага прыпынку з рэкламным білбордам, які прапагандуе кантрактную службу ў расейскай арміі ў Маскве, Расея. 19 лістапада 2024 года. Фота: Alexander Zemlianichenko / AP Photo / East News
Пешаходы праходзяць міма аўтобуснага прыпынку з рэкламным білбордам, які прапагандуе кантрактную службу ў расейскай арміі ў Маскве, Расея. 19 лістапада 2024 года. Фота: Alexander Zemlianichenko / AP Photo / East News

«Такая логіка. Калі ты выступаеш з пагрозамі, твае пагрозы неэфектыўныя, не ўспрымаюцца, то ты абавязаны зрабіць нешта, каб цябе ўспрынялі. Напэўна, яны там разважаюць і думаюць, што яшчэ можна зрабіць. Ідзе новая дынаміка эскалацыі. Пакуль яны спрабуюць зрабіць гэта кантралявана: прадэманстраваць сваю моц, але пры гэтым не ўвайсці ў наўпроствае сутыкненне з Захадам», – сказаў суразмоўца.

Фрыдман мяркуе, што праз пагрозы «Орешникам» свет стаўся бліжэй да глабальнага канфлікту, хоць эскалацыя і ідзе кантралявана – «абодва бакі гуляюць на нервах». І хоць пакуль «не бачна пакуль, каб сітуацыя выйшла з-пад кантролю», выключаць магчымасць ядравага канфлітку і ставіцца да яго абсалютна спакойна нельга, сказаў гісторык.

Паводле яго, сітуацыя ў свеце цяпер больш напружаная, нават чым падчас Кубінскага крызісу 1962 года, бо тады «камунікацыя была наладжаная, было зразумела, што ні савецкі, ні амерыканскі бок не жадаюць дайсці да гэтай вайны». «А сёння мы бачым, якія ў Расеі заявы робяць», – заключыў ён.

У Расеі сваё жыццё

Пакуль жа свет гадае, ці не стане «Орешник» прадвеснікам ядравай зімы, у Расеі пануе свая атмасфера. З аднаго боку шматдзетная сям’я з Набяражных Чалноў хоча назваць у гонар ракеты сваё будучае 15-е дзіця – Арэшнік або Арэшніца (папярэдняга яны назвалі Расіяй-Святасіяй-Святаросіяй). Таксама пад брэндам «Орешник» плануецца пачаць выпускаць гарэлку. Піць яе, відаць, плануецца разам з гарэлкай «Я Русский» ад спевака Шамана.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10