«Голас Амерыкі» апублікаваў аналіз амерыканскіх экспертаў ядравага шантажу Масквы і прагнозы датычна імавернасці ажыццяўлення Пуціным сваіх папярэджанняў і пагрозаў.
Ці можна лічыць, што змяненне ядравай дактрыны РФ, а потым – удар балістычнай ракетай «Арэшнік» па Дняпры, набліжаюць прымяненне Расеяй ядравай зброі? І як у гэтай сітуацыі дзейнічаць заходнім саюзнікам Украіны? Карэспандэнт Украінскай службы «Голасы Амерыкі» задаў гэтыя пытанні экспертам-ядзершчыкам у Вашынгтоне.
Мэцью Бан, аналітык па ядравай зброі і былы навуковы дарадца ў адміністрацыі Біла Клінтана, кажа, што, наколькі вядома Злучаным Штатам, ядравыя сілы РФ цяпер знаходзяцца ў стане баявой гатовасці.
,,«З боку Злучаных Штатаў было б неразумна не верыць у тое, што Расея можа прымяніць ядзерную зброю, калі захоча яе прымяніць», – зазначае Бан.
Апошнім разам, па словах Бана, выведка ЗША сур'ёзна разглядала небяспеку прымянення Расеяй ядравай зброі для нанясення ўдараў па Украіне ў канцы 2022 года пасля паспяховага контрнаступлення ЗСУ ў Харкаўскай і Херсонскай вобласцях.
«Існуе меркаванне, што калі Украіна паспяхова дасягне кропкі, калі ўзнікне сур'ёзная пагроза Крыму, – магчыма, верагоднасць гэтага складае 50/50, – то пры гэтых абставінах Расея абярэ ўжыванне ядравай зброі», – сказаў эксперт.
Джон Эрат, старэйшы дырэктар па палітыцы вашынгтонскага Цэнтру па кантролі над узбраеннямі і нераспаўсюджанні, мяркуе, што Расея наўрад ці прыменіць ядравую зброю. За апошнія два гады для яе выкарыстання было пяройдзена нямала «чырвоных рысаў», нагадвае ён.
«За апошнія два гады мы сталі сведкамі з'яўлення пагрозаў – прамых і ўскосных – ужывання ядравай зброі. Гаворка ішла аб адпраўцы ва Украіну танкаў, баявых машынаў Bradley, дадатковых сістэмаў Patriot, знішчальнікаў F-16. На гэты раз на паперы адбылося змяненне палітыкі прымянення ядравай зброі. Гэта дадатковы крок, такога раней не было, але ён стасуецца з папярэднімі адказамі Расеі на падобныя крокі», – заявіў Эрат.
Аналітык звяртае ўвагу на тое, што Расея выкарыстоўвае ўсе віды ўзбраенняў у вайне супраць Украіны без якіх-небудзь чырвоных рысаў і ўмоваў. Таму прычына, па якой яна да гэтага часу не прымяніла ядравую зброю, не звязаная з маральнымі абмежаваннямі.
,,«Насамрэч у іх няма ніякіх маральных абмежаванняў на ўжыванне ядравай зброі ва Украіне. І нягледзячы на гэта, яны так і не вырашыліся прымяніць гэтую зброю. Гэта значыць, што гэтая зброя не пойдзе ім на карысць», – кажа Эрат.
На думку эксперта, мэта пастаянных пагрозаў Расеі – запалохаць Захад, каб ён спыніў дапамогу Украіне.
Паводле Мэцью Бана, рызыка ўзнікнення ядравай вайны з'яўляецца сёння самай высокай з часоў Карыбскага крызісу 1962 года. Бан падкрэслівае, што без дыпламатыі ў дадзеным выпадку не абысціся.
«У дадзены момант мала што робіцца для зніжэння гэтых небяспек, акрамя стрымлівання, стрымлівання і стрымлівання. Адно толькі стрымліванне без дыпламатыі небяспечнае», – канстатуе аналітык.
Раніцай 21 лістапада Расея ў чарговы раз абстраляла ракетамі шэраг украінскіх гарадоў. У прыватнасці, з Астраханскай вобласці Расеі была запушчаная ракета, якую спачатку палічылі міжкантынентальнай балістычнай. Пазней крыніца BBC у адміністрацыі Злучаных Штатаў заявіла, што па Украіне, падобна, запусцілі эксперыментальную балістычную ракету сярэдняй далёкасці. Пры тым ракета мела боегалоўку зусім не рэкорднага памеру: па Украіне запускалі і значна мацнейшыя.
Уладзімір Пуцін увечары 21 лістапада выступіў са спецыяльнай заявай пра ўжыванне гэтай ракеты. Ён распавёў, што Расея правяла выпрабаванне новай балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці «Арэшнік» у бяз’ядравай гіпергукавай версіі. Пуцін сцвярджаў, што ракета была нацэленая на ракетабудаўнічы завод «Южмаш» і мэты дасягнула.
Марыя Міхалевіч belsat.eu