Вайна

Расея запусціла па Украіне міжбалістычную ракету і пагражае Польшчы

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: vitalykuzmin.net
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: vitalykuzmin.net
podpis źródła zdjęcia

Расейскія войскі раніцаю 21 лістапада зноў учынілі паветраную атаку на тэрыторыю Украіны. Пры гэтым для рэагавання на небяспеку былі ўзнятыя ў паветра і вайсковыя сілы Польшчы, якой МЗС РФ таксама пагражае.

Загрузка зброі ў вайсковы самалёт ЗША. Фота: Air Force Airman 1st Class Robert Nichols / defense.gov

ЗША перадаюць дапамогу Украіне на $ 275 млн

Вайна

Раніцаю 21 лістапада прадпрыемствы і крытычная інфраструктура ва ўкраінскім Дняпры былі атакаваныя ракетамі розных тыпаў. У прыватнасці, з Астраханскай вобласці РФ была запушчаная міжкантынентальная балістычная ракета, з Тамбоўскай вобласці са знішчальніка МіГ-31к – аэрабалістычная ракета Х-47М2 «Кінжал», са стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС у Валгаградскай вобласці – сем крылатых ракетаў Х-101, паведамілі ў Паветраных сілах Украіны.

Там адзначылі, што ўдалося знішчыць шэсць ракетаў Х-101. Па іншых ракетах – «без істотных наступстваў».

Кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак паведаміў пра пашкоджанні прамысловага прадпрыемства ў Дняпры, а таксама пра два пажары. Мэр Дняпра Барыс Філатаў заявіў пра пашкоджанне цэнтра рэабілітацыі інвалідаў – там разбураная кацельня, выбітыя вокны. Наконт пацярпелых звесткі ўдакладняюцца.

Польшча ўздымала авіяцыю

У сувязі з нападам Расеі былі ўзнятыя вайскова-паветраныя сілы Польшчы ды іншых краінаў NATO, якія дзеюць у польскай паветранай прасторы. У польскім Аперацыйным камандаванні адзначылі, што былі задзеяныя «ўсе наяўныя ў яго распараджэнні сілы і сродкі», у ьым ліку знішчальнікі, наземныя сістэмы паветранай абароны і радыёлакацыйнай выведкі.

Мэтаю было запэўніць бяспеку на тэрыторыях, якія мяжуюць з Украінаю.

Расея пагражае Польшчы

Тым часам афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава на брыфінгу 21 лістапада выступіла з пагрозамі ў бок Польшчы. Нагодаю сталася адкрыццё амерыканскай базы супрацьракетнай абароны ў польскім Рэдзікове.

,,

«З улікам характару ўзроўню пагрозаў, што ўзнікаюць ад такога роду заходніх вайсковых аб’ектаў, база супрацьракетнай абароны ў Польшчы даўно папоўніла спіс прыярытэтных мэтаў для патэнцыйнай паразы, што пры неабходнасці можа быць забяспечаная шырокім спектрам найноўшых узбраенняў», – сказала Захарава.


Раней шэраг заходніх аўтарытэтных медыяў са спасылкамі на свае крыніцы паведамілі пра тое, што ЗША дазволілі Украіне біць па тэрыторыі Расеі ракетамі ATACMS, а Вялікая Брытанія і Францыя – «Storm Shadow». Пасля гэтага, як мяркуецца, імі былі атакаваныя шэраг аб’ектаў на тэрыторыі РФ. У Расеі называлі згаданы дазвол эскалацыяй і пагражалі наступствамі.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10