навіны

Оляф Шольц патэлефанаваў Уладзіміру Пуціну: пра што была размова

Уладзімір Пуцін і Оляф Шольц. Крыніца: report.az
Уладзімір Пуцін і Оляф Шольц. Крыніца: report.az
podpis źródła zdjęcia

15 лістапада адбылася тэлефонная размова паміж федэральным канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам і Уладзімірам Пуціным. Гаворка вялася пра Украіну, але былі закранутыя і іншыя пытанні. На факт размовы ўжо адрэагавалі прэм'ер Польшчы Дональд Туск і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Пра факт размовы спачатку паведамілі нямецкія СМІ. Пазней інфармацыя пра гэта была апублікаваная ў тэлеграм-канале Крамля.

Як адзначаецца, тэлефанаванне адбылося з ініцыятывы нямецкага кіраўніка.

Гэтая размова была першай са снежня 2022 года, падчас яе абмяркоўвалася сітуацыя ва Украіне.

У размове, адзначаецца ў паведамленні, Уладзімір Пуцін сказаў, што Расея, маўляў, «ніколі не адмаўлялася ад перамоваў».

Кіраўнік РФ нагадаў, што расейскія прапановы, агучаныя ў тым ліку ў чэрвеньскім выступе расейскага МЗС, добра вядомыя. Пры гэтым ён сказаў, што «магчымыя пагадненні мусяць улічваць інтарэсы Расеі ў сферы бяспекі, прызнаваць новыя тэрытарыяльныя рэаліі і ліквідаваць першасныя прычыны канфлікту».

Абмяркоўваючы з Шольцам расейска-нямецкія стасункі, Пуцін адзначыў іх беспрэцэдэнтнае пагаршэнне ва ўсіх кірунках. На ягоную думку, гэта стала вынікам «недружалюбнага курсу ўладаў ФРГ».

Пры гэтым Пуцін падкрэсліў, што Расея заўсёды «дакладна выконвала» свае дамоўленасці і кантрактныя абавязанні ў энергетычнай сферы і гатовая да ўзаемавыгаднай супрацы, калі з боку Нямеччыны будзе выказаны адпаведны інтарэс.

Адным з пытанняў, піша крамлёўскі рэсурс, было абмеркаванне абвастрэння сітуацыі на Блізкім Усходзе. Уладзімір Пуцін праінфармаваў пра намаганні Расеі ў дээскалацыі і пошуку мірных шляхоў залагоджвання крызісу ў рэгіёне.

Пазней прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў сказаў, што гэта былі «спробы супаставіць пазіцыі». Ён назваў абмеркаванні «дэталёвымі і адкрытымі», асабліва наконт Украіны, пры гэтым падкрэсліў, што «казаць пра нейкае супадзенне думак тут не выпадае», бо існуюць дастаткова глыбокія рознагалоссі. Але, падкрэсліў Пяскоў, сам факт такіх перамоваў ён лічыць станоўчым.

Што да пазіцыі нямецкага боку, то ў прэс-службе, піша «РБК-Україна», пацвердзілі размову паміж Шольцам і Пуціным і адзначылі, што канцлер Нямеччыны асудзіў вайну Расеі супраць Украіны, заклікаўшы Пуціна скончыць яе і вывесці войскі. 

,,

«Канцлер заклікаў Расею да перамоваў з Украінай з мэтай справядлівага і трывалага міру і падкрэсліў непахісную рашучасць Нямеччыны падтрымліваць Украіну ў яе барацьбе супраць расейскай агрэсіі столькі, колькі неабходна», – перадае «РБК-Україна» паведамленне нямецкага Кабінету міністраў.


Адзначаецца, што перад размовай з Пуціным Шольц меў размову з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, а таксама паабяцаў, што зробіць гэта таксама і пасля перамоваў з Пуціным. 

Акрамя таго, вядома, што пасля размовы з кіраўніком Расеі нямецкі канцлер патэлефанаваў і прэм’ер-мінстру Польшчы Дональду Туску.

«Мне толькі што патэлефанаваў канцлер Шольц, які распавёў пра сваю размову з Уладзімірам Пуціным. Мне было прыемна даведацца, што канцлер не толькі выразна асудзіў расейскую агрэсію, але і паўтарыў пазіцыю Польшчы: нічога пра Украіну без Украіны», – напісаў Туск у сябе ў сацсетцы X.

Тэлефанаванне таксама пракаментаваў Уладзімір Зяленскі.

Ён адзначыў, што тэлефанаванне Шольца Пуціну – гэта скрынка Пандоры.

«Гэта менавіта тое, чаго Пуцін даўно хацеў: яму надзвычай важна аслабіць сваю ізаляцыю, ізаляцыю Расеі, і весці нармальныя перамовы, якія нічым не скончацца. Так, як ён рабіў дзесяцігоддзямі. Гэта давала магчымасць Расеі нічога не змяняць у сваёй палітыцы, нічога не рабіць фактычна. І якраз гэта і прывяло да гэтай вайны», – сказаў Уладзімір Зяленскі.

Пры гэтым ён дадаў, што Украіна разумее ўсе гэтыя выклікі і ведае, як дзейнічаць. Зяленскі папярэдзіў: «Менску-3» не будзе – Украіне патрэбны сапраўдны мір.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10