Яго заўважылі у аэрапорце беларускай сталіцы. Здаецца, нямецкі актор будзе браць удзел у здымках фільму пра дрыфт, які на працягу двух тыдняў здымаюць па ўсёй Беларусі.
Стваральнікі абяцалі гледачам зорку сусветнага маштабу, і здаецца, вось яна. Відавочцы паведамляюць, што актора сустрэлі на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорту «Менск» аўтамабілі з лагатыпам блокчэйнінгавай кампаніі, піша koko.by.
«У Менск з'ехаліся пілоты з Японіі, Аўстраліі, Нідэрландаў, Тайланду і Бразіліі. Ідэя відэа заключаецца ў тым, што знакамітыя дрыфтары збіраюць інфармацыю для аўтамабіля са штучным інтэлектам, выконваючы заезды на спецыяльна падрыхтаваных трасах. У аўторак здымкі пройдуць ля Нацыянальнай бібліятэкі і на лёдзе «Менск-Арэны», а ў сераду – у Нацыянальным аэрапорце. Пасля гэтыя кадры ўвойдуць у трэйлер да мастацкага фільму, які выйдзе ў галівудскі пракат у будучыні», – пісаў напярэдадні пра гэта дзяржаўны канал.
Тыль Швайгер вядомы роляю Марціна Брэста ў крымінальнай камедыі «Дастукацца да нябёсаў», а таксама працамі ў фільмах «Бясслаўныя вырадкі», «Значыць, вайна». Акрамя таго, ён рэжысёр фільмаў «Басанож», «Прыгажунчык» і «Прыгажунчык 2».
Тэса Анэйда belsat.eu