Лагодны дзед ці жорсткі дыктатар – з якім іміджам ідзе Лукашэнка на выбары і якія пернікі ён яшчэ прапануе беларусам да 26 студзеня? Высвятляюць Зміцер Лукашук і Паўлюк Быкоўскі ў новым выданні праграмы «Двубой» Віталя Цыганкова.
22 лістапада амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў заявіў пра падтрыманне Беларусі на будучых выбарах, тым самым нібыта паказаўшы зялёнае святло Лукашэнку. 23 лістапада ў так званым парламенце Беларусі абвясцілі дату так званых выбараў на 26 студзеня. Сімвалічна, што і пра свой удзел у іх Аляксандр Лукашэнка заявіў у Расеі – падчас інтэрв’ю прапагандысткі Вольгі Скабеевай. Акурат у час правядзення «выбараў» у Беларусі пройдуць сумесныя беларуска-расейскія вучэнні. Журналіст Зміцер Лукашук тлумачыць, што беларусаў рыхтуюць да таго, што «вялікая колькасць расейскіх салдатаў» з’явіцца ў нашай краіне. Але ці не хаваецца за гэтым іншы план, улічваючы, што працягваецца вайна Расеі супраць Украіны і рэгулярна апошнім месяцам залятаюць на тэрыторыю нашай краіны «шагэды»?
,,«Тут сапраўды можна розныя канспіралагічныя версіі прыдумляць, што адбываецца, чаму яны два гады не заляталі, а цяпер ледзь не кожную ноч колькі ўжо часу залятаюць. Можа, што гэта іх адмыслова накіроўваюць, каб даць магчымасць Лукашэнку іх збіваць, каб ён паказаў: «Глядзіце, вакол вайна, яна нас таксама сваім краешкам чапляе. Але мы годна і так моцна трымаем гэтае мірнае неба, збіваем. Ніхто не збівае, Польшча не збівае, Румынія не збівае, а мы, нягледзячы на тое, чые гэта – украінскія, расейскія, мы збіваем, таму што абараняем гэтае неба. А з іншага боку, можа, такім чынам рыхтуюць маральна беларусаў да таго, што давядзецца ў вайну ўступаць», – гаворыць Зміцер Лукашук.
Апошнія месяцы Лукашэнка намагаецца паправіць свой імідж, у чым некаторыя палітыкі нават бачаць прапанову да перамоваў. Аднак медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі мяркуе, што гэта адбываецца толькі ў медыйнай сферы, а не ў рэчаіснасці. Звязанае гэта з імкненнем паўплываць на розныя слаі грамадства:

«Для розных мэтавых аўдыторый ёсць розныя пасланні. Ёсць пасланне, што адбываецца нармалізацыя. Гэта для людзей, лаяльных Аляксандру Лукашэнку, але якім было трошачкі няўтульна ў сітуацыі, калі кагосьці б’юць, кагосьці саджаюць і гэтак далей. Цяпер яны пра гэта менш ведаюць.
,,А ёсць мэтавая аўдыторыя – нелаяльныя рэжыму. Іх трэба дэмаралізаваць, іх трэба нармалізаваць, як казаў Аляксандр Лукашэнка ў дачыненні Юрыя Анатольевіча Зісера. Для іх іншае пасланне. Але гэта найперш прапагандысцкі канструкт – пра лагоднага дзеда. Тое, што трэба знайсці, стварыць імідж для заспакаення, нібыта ўсё нармалізавалася. То гэта ствараецца ў медыях. Яно адбываецца ў тым ліку за кошт таго, што людзям, якія трапляюць пад каток рэпрэсіяў, вельмі актыўна раяць нічога пра гэта не паведамляць. У выніку ў інфармацыйнай бурбалцы, у якой цяпер шмат хто, людзям, якія не вельмі паглыбленыя ў палітычную інфармацыю, здаецца, што вось яно ўсё і скончыцца».
Таму калі нехта з беларусаў разлічвае на нейкія кардынальныя змены ў жыцці краіны пасля «выбараў», то яму варта не падвышаць свае чаканні.
«Перад гэтымі так званымі выбарамі, якія больш нагадваюць электаральны рытуал, ідзе наадварот большае закручванне гаек. Мы бачым штодня, як працягваюцца рэпрэсіі, як затрымліваюць людзей і як асуджаюць людзей, а паводле сённяшняй інфармацыі, нават праўладныя блогеры, так бы мовіць ютуберы, трапляюць пад каток. І таму ні пра якую лібералізацыю, ці спробу знайсці нацыянальнае паразуменне, ці яшчэ што-небудзь няма гаворкі», – кажа Зміцер Лукашук.
Цалкам дыскусію глядзіце ў новым выданні «Двубою» Віталя Цыганкова.