навіны

Медыі заяўляюць пра «няпросты час» беларускіх НПЗ. Гэта адбіваецца і на раёнах

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мазырскі НПЗ. (Фота: БелТА)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мазырскі НПЗ. (Фота: БелТА)
podpis źródła zdjęcia

Нафтавая галіна ў Беларусі перажывае няпросты час. У выніку фінансавых цяжкасцяў нафтаперапрацоўчых заводаў у Наваполацку і ​​Мазыры пагаршаецца і агульны эканамічны стане адпаведных рэгіёнаў.

Як піша «Zerkalo», у Наваполацку за студзень ліпень было сем стратных прадпрыемстваў з агульнаю сумаю чыстых стратаў больш як Br 1 млрд. Пры тым што ў аналагічны перыяд мінулага года кампаніі працавалі ў плюс і мелі чыстага прыбытку на амаль Br 39,6 млн. Рэнтабельнасць продажаў арганізацыяў гораду складае мінус 7,6 % (год таму яна была плюс 7,5 %). Паводле выдання, страты магуць быць звязаныя з праблемамі нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, што ёсць найбуйнейшымі вытворцамі гораду «Нафтан» і «Палімір». 

Падобная сітуацыя і ў Мазырскім раёне, дзе месціцца Мазырскі НПЗ. За студзень жнівень чыстыя страты 11 стратных мясцовых прадпрыемстваў склалі амаль Br 660 млн. Летась у цэлым арганізацыі раёну працавалі ў плюс і мелі агульны чысты прыбытак на Br 262 млн. Рэнтабельнасць продажаў за год упала з плюс 6,6 % да мінус 2,3 %.

На «Нафтан» прыходзіцца 98 % аб’ёму прамысловай вытворчасці Наваполацку, на Мазырскі НПЗ 95 % раёну. У выніку чаго, калі «прадпрыемства працуе з вялікімі стратамі, то ў мінус выходзіць увесь раён».

Навуковы працаўнік BEROC, эканаміст Анатоль Харытончык заявіў, што імаверныя праблемы ў беларускіх НПЗ маглі ўзнікнуць праз памяншэнне розніцы ў кошце нафты маркі «Urals», якую яны закупляюць у Расеі, і папулярнай у свеце маркі «Brent». За год розніца, дзякуючы якой НПЗ зараблялі, скарацілася больш як удвая.

«Маржа за кошт продажу нафтапрадуктаў на экспарт усё ў меншай ступені пакрывае страты на ўнутраным рынку (а мяркуючы са статыстыкі прыбытку і рэнтабельнасці, зусім не пакрывае)», мяркуе Харытончык.

Паводле эксперта, калі ў ліпені жніўні пастаўкі на экспарт былі адносна невялікія, значная доля прадукцыі НПЗ ішла на ўнутраны рынак. Але кошты ў Беларусі на паліва ды іншую прадукцыю нафтахімічнай галіны рэгулююцца і не растуць суразмерна выдаткам, якія значна павялічваюцца праз падаражэнне расейскай нафты. 

Яшчэ адною прычынаю росту выдаткаў вытворчасці эканаміст назваў істотнае павышэнне выдкаткаў на аплату працы ва ўмовах нястачы работнікаў і канкурэнцыі за іх у эканоміцы. Таксама ён згадвае і наступствы ўрагану, у выніку якога Мазырскі НПЗ на тыдзень страціў электразабеспячэнне праз абрывы элетралініяў.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10