Падчас пасяджэння Аб’яднанага пераходнага кабінета, якое адбылося 11 кастрычніка, прайшлі слуханні па стратэгіі дэмакратычных сілаў да электаральнай кампаніі 2025 года. «Белсат» спытаў у эксперта, ці сапраўды ёсць патрэба ў такой стратэгіі і ці можа быць яна эфектыўнай.
На пасяджэнні АПКБ кіраўнік апарату кабінета Валерый Мацкевіч паінфармаваў, што распрацаваны ўпаўнаважанай працоўнай групай праект стратэгіі прайшоў адпаведныя працэдуры і ў Каардынацыйнай радзе. Ён адзначыў, што раней такія ж працэдуры адбыліся ў АПКБ і Офісе Святланы Ціханоўскай.
Паводле Мацкевіча, ёсць усе падставы спадзявацца, што тры асноўныя інстытуты дэмакратычных сіл будуць мець для рэалізацыі адзіную стратэгію да «бязвыбараў» 2025 года.
Аб тым, ці патрэбная такая агульная стратэгія для дэмакратычных сілаў, «Белсат» паразмаўляў з палітычным аглядальнікам, вядоўцам праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталём Цыганковым.
Суразмоўца адзначыў, што дэмакратычна настроенае грамадства, натуральна, хацела б пачуць ад беларускіх дэмсілаў нейкія адказы на тое, што рабіць усім грамадзянам у дзень выбараў, які наступіць у 2025 годзе. І натуральна, такі адказ дэмсілы рыхтуюць.
Але, на думку палітычнага аглядальніка, у цяперашняй грамадскай атмасферы і сітуацыі з рэпрэсіямі ў Беларусі наўрад ці можа быць нейкая паспяховая і выйгрышная стратэгія.
Віталь Цыганкоў патлумачыў свой пункт гледжання тым, што дэмакратычныя сілы ўжо даўно разумелі, што сумленных выбараў у Беларусі няма, і прэзідэнцкія выбары ўспрымалі як нагоду для актывізацыі насельніцтва, якое можа выйсці на вуліцы і падтрымаць тэзы, якія вылучае апазіцыйны дэмакратычны кандыдат. Як варыянт – праз плошчу змяніць уладу, што спрабавалі зрабіць у 2006, 2010 годзе і асабліва ў 2020-м. Аднак ніхто за гэтыя гады не спрабаваў перамагчы за кошт толькі выбарчага працэсу, бо выбараў як такіх у Беларусі няма, а ўсе патрэбныя лічбы абвяшчаюцца загадзя.
І вось з гэтага пункту гледжання, пытаецца палітычны аглядальнік, дзеля чаго тады ўдзел у выбарах, калі мы сыходзім з таго, што ва ўмовах рэпрэсіяў такой рэзкай актывізацыі грамадства быць не можа?
Таму, лічыць Віталь Цыганкоў увогуле не мае ніякага значэння, скажуць дэмсілы прыходзіць на выбары і ўсіх выкрэсліваць, або «дзеля прыколу» заклічуць галасаваць за нейкага лукашыста, а не за Лукашэнку, або будуць агітаваць увогуле не прыходзіць на выбары. Бо вывесці людзей на вуліцы і паспрабаваць зрынуць уладу ці хаця б максімальна актывізаваць сваіх прыхільнікаў у сённяшніх умовах немагчыма.
У той жа час Віталь Цыганкоў адзначыў, што, безумоўна, наяўнасць нейкай стратэгіі – «гэта плюс».
«Але ж гэта не чароўная палачка. Хай яна будзе, каб людзі бачылі, што ёсць розумы, якія хочуць разлічыць розныя варыянты падзеяў, але ў жыцці так не бывае, каб усё магчыма было разлічыць і каб прыдумаць нейкую стратэгію, якая будзе адпавядаць любым жыццёвым з’явам і падзеям», – адзначыў палітычны аналітык.
Раман Шавель belsat.eu