З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну краіны Захаду спрабавалі абмежаваць пастаўкі ў Расею аўтамабільных шынаў. Але, як выявілася, Беларусь дапамагае абыходзіць гэтыя абмежаванні. А самі шыны пасля трапляюць у расейскія войскі, што ўдзельнічаюць у вайне з Украіне.
Еўразвяз забараніў пастаўляць Расеі аўтапакрышкі сваіх вытворцаў для легкавых аўтамабіляў амаль адразу пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну — 16 сакавіка 2022 года. 25 верасня 2023 года ЕЗ дадаў у санкцыйны спіс і шыны для грузавікоў. Таксама да санкцыяў далучылася Японія. Супраць Беларусі гэтыя абмежаванні не ўвялі, чым скарыстаўся шэраг кампаніяў, каб перанакіроўваць забаронены тавар у Расею, паведамляе Беларускі расследавальніцкі цэнтр.
Хто пастаўляе шыны
На падставе аналізу мытных дэкларацыяў БРЦ сцвярджае, што з моманту забароны і да лета 2024-га з Беларусі ў Расею паступіла больш як 286 тыс. шынаў на суму амаль $ 50 млн. Больш як 90 % з іх — з ЕЗ.
Для цяжкавікоў амаль 80 % падсанкцыйных еўрапейскіх і японскіх шынаў з Беларусі ў Расею паставіла берасцейскае СТАА «Багорыя» ($ 7,1 млн). Паводле аб’ёмаў паставак шынаў для легкавікоў гэтая фірма на другім месцы ($ 17 млн). Пры гэтым падчас поўнамаштабнай вайны прыбыткі кампаніі істотна павялічыліся. У 2022-м годзе больш чым у два разы ў параўнанні з 2021-м — з $ 2,7 млн да $ 5,8 млн, а ў 2023-м — да $ 6,3 млн.
«Багорыя» — асноўны імпарцёр шынаў у Беларусь. Яна купляе легкавыя шыны ў Францыі, Італіі, Люксембургу, Нямеччыне і Бельгіі (брэнды Michelin, Bridgestone, Continental, Pirelli і Goodyear). Сярод беларускіх пакупнікоў яе тавараў былі КДБ, Следчы камітэт, міністэрствы надзвычайных сітуацыяў і ўнутраных справаў. Амаль палова кампаніі належыць Генадзю Артысюку. Яшчэ 40 % — польскай фірме Investtire sp. z o.o., якой таксама валодае Артысюк разам з дачкой Ірынай.
Яшчэ адзін буйны гулец — менскае ТДА «Колаплюс». Фірма паставіла ў Расею шынаў для легкавых аўтамабіляў на $ 20 млн, для грузавых — на $ 1,7 млн. Шыны яна набывае ў Люксембургу, Нямеччыне і Францыі (брэнды Goodyear, Continental, Michelin). Фінансавыя паказнікі «Колаплюс» нестабільныя. У 2021-м выручка павялічылася на 54 % — з амаль $ 50 млн да $ 73,2 млн, у наступным годзе ўпала на 15 %, а ў 2023-м зноў вырасла — на 26 %. Чысты прыбытак кампаніі за 2023 год павялічыўся амаль на 7000 % у гадавым выражэнні і склаў амаль $ 4 млн.

Асноўны акцыянер «Колаплюс» Алег Шчэрбіч з’яўляецца бенефіцыярам расейскага ТАА «Премиум шина». У асартыменце кампаніі — еўрапейскія падсанкцыйныя шыны, а сярод пастаўшчыкоў — «Колаплюс». У штаце «Премиум шина» значыцца адзін чалавек — дырэктар Дзмітрый Чарнавус, грамадзянін Беларусі. Дачка Шчэрбіча Яна з’яўляецца акцыянеркай польскай фірмы Opony 24/7, якая прадае шыны брэндаў Continental, Michelin, Bridgestone, Hankook, Barum і Fronway.
БРЦ выявіў у «Колаплюс» некалькі паставак дзяржаўным установам, у тым ліку Упраўленню Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС па Гомельшчыне, ГУУС Менгарвыканкаму, Рэспубліканскаму цэнтру тылавога забеспячэння МНС. «Колаплюс» не выйгравала конкурсы на пастаўкі, а атрымлівала замовы паводле працэдуры закупаў з адной крыніцы. Гэта не абавязкова можа сведчыць пра парушэнні, але такая працэдура менш канкурэнтная, адзначае БРЦ.
Сярод іншых беларускіх экспарцёраў забароненых шынаў і іх пастаўшчыкоў у Расею: ТАА «ОФС-экспарт» (аб’ём экспарту $ 213 тыс.), ТАА «Гандлёвы дом Экспартгандаль» ($ 213 тыс.), прыватнае прадпрыемства «Шатэ-М Плюс» ($ 200 тыс.), РУП «Белмытсэрвic» ($ 183 тыс.), ТАА «САБлайн» ($ 166 тыс.), ТАА «Спрынт Імпарт» ($ 129 тыс.), ТАА «Алексвiт лтд» ($ 98 тыс.). Некаторыя з іх, як высветліў БРЦ, звязаныя з атачэннем Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку з Аляксандрам Шакуціным, Аляксандрам Зайцавым, Віктарам Шэйманам і Дзмітрыем Баскавым.
Шыны як важная частка вайны ва Украіне
У каментары «Белсату» кіраўнік БРЦ Станіслаў Івашкевіч адзначыў, што шыны з’яўляюцца важнай часткай вайны, бо менавіта яны «рухаюць войска» — як цяжкавікі, гэтак і легкавікі. Паводле яго, пра важнасць шынаў сведчыць тое, што на іх адмыслова збіраюць сродкі як украінскія, гэтак і расейскія валанцёры.
,,«Менш якасныя расейскія шыны, якія выходзяць з ладу, менш прыдатныя за еўрапейскія, якія дазваляюць значна больш надзейна дастаўляць пастаўкі ў сітуацыі бездарожжа», — заявіў Івашкевіч.
Дый звычайныя расейцы, паводле яго, мала адчуваюць уплыў санкцыяў ва ўмовах іх абыходу з дапамогай Беларусі. Пры гэтым самыя вытворцы нават не пастаўляюць шыны ў нашую краіну.
«Два найбуйнешыя дастаўцы — „Багорыя“ і „Колаплюс“ — маюць даччыныя або звязаныя кампаніі ў Польшчы. І польская кампанія купляе ў вытворцаў і ўвозіць у Беларусь, што санкцыямі дазволена», — падкрэсліў кіраўнік БРЦ.
БРЦ скіраваў запыты ў Еўракамісію і Еўрапейскае ўпраўленне па барацьбе з махлярствам (OLAF), каб высветліць, ці вядома ім аб пастаўках санкцыйных шынаў у Расею праз Беларусь і ці плануюць яны распачаць якія-небудзь дзеянні ў дачыненні да ўдзельнікаў гэтай схемы. Цэнтр таксама звярнуўся да Міністэрства фінансаў Польшчы з пытаннем аб законнасці дзейнасці фірмы, якая мае дачыненне да паставак шынаў у Расею. Таксама запыты былі скіраваныя кампаніям Bridgestone, Continental, Pirelli, Goodyear і Michelin. У апошняй адказалі, што не ведаюць «аб якіх-небудзь наўпроставых экспартных пастаўках прадукцыі французскай мануфактуры пнеўматычных шынаў Michelin (MFPM) у Беларусь у 2023 і 2024 гадах». Івашкевіч спадзяецца, што з дапамогай расследаванняў вытворцаў атрымаецца прымусіць да большага самакантролю ў пытанні санкцыяў.
Якуб Хруст, Сяргей Падсасонны belsat.eu