Працягваем сачыць за рэпрэсіямі, якія ні на дзень не суцішваюцца ў Беларусі.
Стала вядома, што палітзняволенага Віктара Снегура асудзілі за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» (ч. 2 арт. 411 КК). Гэта вынікае з раскаладу Менскага абласнога суда, які 11 кастрычніка збіраецца разгледзець апеляцыю Віктара на гэты прысуд. Віктар з’яўляецца фігурантам «справы Аўтуховіча» і абвінавачаны паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, яму прысудзілі 19 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў).
Гарадзенскі абласны суд 20 верасня завершыў разгляд справы палітзняволенай Аксаны Ляпко паводле ч. 2 і ч. 1 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Яе асудзілі на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Аксану затрымалі 23 студзеня ў межах так званага «Рэйду па салідарнасці», праводзіўся сілавікамі па сваяках і блізкіх палітвязняў і атрымальнікаў дапамогі ад IneedHelp.
20 верасня суд Ленінскага раёна Магілёва разгледзеў крымінальную справу Льва Іўчына. Яго судзілі паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Вядома, што 21-гадовы Леў Іўчын доўгі час хаваўся ў Расеі, але сёлета вярнуўся ў Беларусь, дзе яго і затрымалі.
Суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёну прызнаў экстрэмісцкай Instagram-старонку з навінамі Баранавічаў «Барановичи Новости» з 45 тысячамі падпісантаў. У спіс «экстрэмісцкіх» таксама трапілі відэаролік «Мысли вслух #8. ВАЖНО!» на Youtube-канале Вольгі Такарчук, Youtube-канал «ВЕСТОЧКА» і старонка ў Instagram «wooddecor.bу».
Сёння стала вядома, што за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 года затрымалі мужа і жонку. Праваабаронцам удалося высветліць імя дзяўчыны, гэта 29-гадовая Ася Ільніцкая. На «пакаяльным відэа» дзяўчына кажа, што яна брала ўдзел у пратэсных маршах і пісала каментары аб перамяшчэнні тэхнікі ў «экстрэмісцкія» каналы. Мужчына таксама «прызнаецца» ва ўдзеле ў пратэстах.
Стала вядома пра папаўненне спісу «экстрэмісцкіх фармаванняў». У яго быў уключаны «Беларускі жаночы фонд Belarus Women’s Foundation». Сцвярджаецца, што дачыненне да фонду маюць Вераніка Цапкала і Анжаліка Агурбаш. У спісе таксама апынуўся «Беларускі нацыянальны моладзевы савет „РАДА“». Паводле ведамства, дачыненне да яго маюць Пракопчык Лізавета, Буніна Кацярына і Ворыхава Маргарыта.
У «Спіс экстрэмістаў», які складаецца Міністэрствам унутраных справаў, дадалі яшчэ 17 чалавек. Так, у ім апынуліся грамадзянін Украіны Юрый Бандарэнка, senior-распрацоўшчык з iTechArt Ілья Гумбар, а таксама жонка былога палітвязня Алеся Сяргеенка. Цяпер спіс налічвае 4453 прозвішчы.
11 кастрычніка ў Менскім гарадскім судзе пачнецца працэс над беларускамоўнай айцішніцай Марынай Леановіч. Яе вінавацяць паводле двух артыкулаў – «Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК) і «Фінансаванне або іншая фінансавая падтрымка вайны» (ч. 2 арт. 361-3 КК). Дзяўчыне пагражае ад пяці да дзесяці гадоў калоніі. Вядома, што Маргарыта вярнулася з Грузіі, куды з’язджала адразу пасля пачатку вайны. Па вяртанні яе затрымалі.
20 верасня ў судзе Добрушскага раёна прайшло пасяджэнне па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да Таццяны Літвяковай, якую абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Вынік судовага пасяджэння пакуль невядомы. Таццяна Літвякова працуе фельчаркай-лабаранткай у раённай лякарні ў Добрушы і з'яўляецца сяброўкай прафсаюзнага камітэта першаснай прафсаюзнай арганізацыі Установы аховы здароўя «Добрушская цэнтральная раённая лекарня» Беларускага прафсаюза працаўнікоў аховы здароўя.
23 верасня ў Менскім гарадскім судзе пачаўся працэс над Артурам Мемехам, якога абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Вядома, што Артур працаваў у EPAM і жыў у ЗША. Верагодна, яго затрымалі па вяртанні ў Беларусь.
Раман Шавель belsat.eu